Ва Ўкраіне пацьвердзілі, што беларус, які ў траўні трапіў ва ўкраінскі палон пад Ваўчанскам Харкаўскай вобласьці, мае статус ваеннапалоннага.
Гэта жыхар Бабруйску Яўген Камянькоў, якога ў ліпені 2022 году ў Беларусі абвяшчалі ў вышук, пасьля таго як ён разам з 13-гадовым падлеткам уцёк зь берасьцейскага манастыра «Афанасія» ў Расею.
«Вайсковец Камянькоў Яўген Андрэевіч, нарадзіўся 17 сакавіка 1999 году, знаходзіцца ва Ўкраіне ў статусе ваеннапалоннага», — адказалі Свабодзе ў праекце «Хачу знайсьці». Гэты праект створаны, каб перадаваць сваякам інфармацыю пра расейскіх вайскоўцаў, якія зьніклі бязь вестак, загінулі або ўзятыя ў палон.
Беларус можа быць уключаны ў сьпіс для абмену, калі ягоныя сваякі зьвернуцца з адпаведнай заявай да ягонага расейскага камандаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расеі. Што пра яго вядома
У чэрвені 2024 году ўкраінскі праект «Шукай своїх», які вядзе Ўладзімір Золкін, апублікаваў інтэрвію з палонным вайскоўцам расейскай арміі. У ім паведамілі толькі, што яго завуць Яўген і ён мае беларускае грамадзянства.
У гэтым інтэрвію Яўген Камянькоў расказаў, што мае прыёмных бацькоў, братоў і сясьцёр, зь якімі не падтрымлівае кантактаў, апошні час займаўся бадзяжніцтвам, жыў у манастырах. Паводле адукацыі ён вэтэрынар. У палон ён трапіў у выніку раненьня ад падзеньня дрона.
Яўген Камянькоў расказаў, што ў школе вучыўся кепска, цікавіўся магіяй, бо хацеў вучыцца добра і мець добрыя дачыненьні зь людзьмі.
Беларус таксама расказаў, што перабіваўся часовымі працамі, пэўны час быў зьвязаны з цыганамі і прасіў дапамогі для «дзяцей». Шмат езьдзіў у Расею, дзе таксама спрабаваў уладкавацца на працу, але заўсёды трапляў у гісторыі, калі яму не аплачвалі працу.
З апошняй працы на цагляным заводзе ў Дагестане ён вымушаны быў уцякаць без дакумэнтаў. На адным з памежных пастоў яго затрымалі для высьвятленьня асобы. Адзін зь мясцовых паліцыянтаў паабяцаў дапамагчы і прапанаваў працу. Аднак потым Яўген выкраў у паліцыянта пасьведчаньне, а той нібыта адвёз яго ў суд, які пастанавіў выдварыць Яўгена ў Беларусь.
Пасьля году ў ізалятары Яўген Камянькоў падпісаў кантракт у «спэцпрыёмніку» ў канцы красавіка 2024 году — яму паабяцалі добры заробак і грамадзянства Расеі.
На тэрыторыю Ўкраіны яго перакінулі ў траўні 2024 году ў складзе 255-га гвардзейскага мотастралковага палку Сухапутных войскаў Расеі, а празь некалькі тыдняў ён трапіў у палон. Ён сьцьвярджае, што расейцы кідалі яго ў яму бязь цёплага адзеньня.
«У далейшым я б хацеў застацца на тэрыторыі Ўкраіны і не вяртацца на вайну, таму што тое, што яны робяць — гэта вар’яцтва. Хацеў бы папрасіць прабачэньня ў украінскага народу, што я пагадзіўся на гэтую вайну», — сказаў Яўген у канцы размовы.
Ён заклікаў беларусаў не пагаджацца на ўдзел у вайне супраць Украіны.