Паводле інфармацыі актора, Сьвятлане Карукінай не працягнулі кантракт.
«Яна заўсёды намагалася трымацца далей ад палітыкі і дбала толькі пра тэатар і ягоных супрацоўнікаў, акторы яе любілі», — сказаў Свабодзе Ільля Ясінскі.
Раней пра звальненьне Карукінай з спасылкай на свае крыніцы пісала «Люстэрка».
Сьвятлана Карукіна працавала ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі з 2005 году — займала пасады вядучага спецыяліста ў маркетынгу, галоўнага адміністратара, намесьніка дырэктара. У ліпені 2018 году стала дырэктаркай РТБД, замяніўшы на пасадзе Ўладзімера Карачэўскага, якога ў сакавіку 2024 году прызначылі генэральным дырэктарам Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».
Новай дырэктаркай РТБД стала Сьвятлана Навуменка. У тэатры яна працуе з 2010 году. Паводле першай прафэсіі яна акторка, працавала ў сталічным Тэатры юнага гледача, пасьля атрымала рэжысэрскую адукацыю, ставіла спэктаклі ў розных беларускіх тэатрах.
Увосень 2020 году РТБД пакінулі акторы Мікалай Стонька і Андрэй Новік. Стонька зрабіў гэта ў знак пратэсту супраць цэнзуры, Новік — «на знак салідарнасьці з страйкоўцамі і звольненымі». У траўні 2021 году зь Беларусі пасьля затрыманьня сілавікамі зьехаў актор Ільля Ясінскі. У сьнежні 2021 году з Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі быў звольнены мастацкі кіраўнік Аляксандар Гарцуеў, які ўзначальваў РТБД з 2012 году.
У сакавіку – красавіку 2022 году з тэатру сышлі або былі звольненыя яшчэ чатыры акторы: Алена Баярава, Марына Здаранкова, Марыя Пятровіч і Максім Шышко. Максіма Шышко выслалі зь Беларусі і забаранілі ўезд у краіну на 10 гадоў. Максім — грамадзянін Украіны, падчас рэфэрэндуму ў Беларусі 27 лютага быў затрыманы на адной з антываенных акцыяў і асуджаны на 15 дзён. Гэта і стала нагодай для дэпартацыі.
Звальненьні ў беларускіх тэатрах сталі рэгулярнымі. У канцы сьнежня 2023 году з драматычнага тэатру ў Маладэчне звольнілі мастацкага кіраўніка Валерыя Анісенку (нібыта праз даўні канфлікт з дырэктарам). У канцы сакавіка звольнілі дырэктара Музычнага тэатру Сяргея Пукіту, які ўзначальваў тэатар з 2019 году. Ён паплаціўся пасадай за выкананьне ў тэатры песьні Віктара Цоя «Перамен». У пачатку красавіка 2024 году звольнілі мастацкага кіраўніка віцебскага тэатра «Лялька» Віктара Клімчука, у траўні быў звольнены мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра опэры і балета Валянцін Елізар’еў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі пакінулі яшчэ чатыры акторы, аднаго выслалі зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэргі ў касы, пастаноўкі па-расейску і Купалаўскі як транзыт. Што цяпер робіцца ў беларускіх тэатрах