Яшчэ адна краіна Афрыкі разарвала сувязі з Украінай празь зьнішчэньне вагнэраўцаў у Малі. У Кіеве адрэагавалі

Акцыі ў сталіцы Нігеру супраць амэрыканскай базы праходзілі пад сьцягам Расеі. 13 красавіка 2024 году. Фота AFP

Нігер усьлед за Малі разарваў дыпляматычныя дачыненьні з Украінай пасьля зьнішчэньня на малійскай тэрыторыі падразьдзелу прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

«Урад Рэспублікі Нігер, цалкам салідарны з урадам і народам Малі, вырашыў, абапіраючыся на свой сувэрэнітэт, разарваць дыпляматычныя дачыненьні паміж Рэспублікай Нігер і Ўкраінай. Гэтае рашэньне набывае моц неадкладна», — адзначаецца ў рашэньні нігерскага ўраду.

Прадстаўнік ураду гэтай краіны ў сваім выступе ў тэлевізіі абвясьціў намер зьвярнуцца ў Раду бясьпекі ААН па арганізацыю спэцыяльнага пасяджэньня, каб разгледзець пытаньне ўкраінскай «агрэсіі».

30 ліпеня прэзыдэнт Рэспублікі Нігер Абдурахман Чыяні накіраваў Уладзіміру Пуціну спачуваньне ў сувязі з стратай падразьдзелу ПВК «Вагнэр», які ваяваў у Малі. Ён назваў зьнішчэньне расейскіх наймітаў «барбарскім, баязьлівым і гнюсным тэрактам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малі меркавана загінулі расейскія найміты ПВК «Вагнэр»

Рэакцыя Кіева

У Міністэрстве замежных справаў Украіны адкінулі абвінавачаньні Нігера ў «падтрымцы міжнароднага тэрарызму, парушэньні Статуту ААН і міжнароднага права».

«Прыкра, што ўлада Нігеру ўхваліла рашэньне пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў безь якіх-небудзь расьсьледаваньняў інцыдэнту ў Малі і перадачы доказаў, якія б тычыліся прычын такога кроку», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.

У Кіеве падкрэсьлілі, што будуць і далей разьвіваць з усімі дзяржавамі Афрыкі ўзаемавыгадныя дачыненьні на прынцыпах роўнасьці, неўмяшаньня ўва ўнутраныя справы, павагі да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці краін у міжнародна прызнаных межах, няўхільнага выкананьня міжнароднага права, мэтаў і прынцыпаў Статуту ААН.

Што папярэднічала

28 ліпеня агенцтва Reuters паведаміла, што страты з боку малійцаў маглі скласьці два чалавекі, а з боку наймітаў — сама меней 20 чалавек.

Малійская ўзброеная кааліцыя «Пастаяннае стратэгічнае партнэрства за мір, бясьпеку і разьвіцьцё» (CSP-PSD), апазыцыйная афіцыйным уладам, заявіла, што ў выніку баёў, якія доўжыліся з 25 ліпеня, непадалёк ад паселішча Тын-Заўатын на мяжы з Альжырам, яна захапіла аўтамабілі і бранятэхніку, якія належалі войскам ураду Малі і іхным расейскім хаўрусьнікам. Прадстаўнікі кааліцыі сказалі, што частка малійскіх вайскоўцаў і расейскіх наймітаў, якія засталіся ў жывых, уцяклі, а астатнія здаліся ў палон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ПВК «Вагнэр» пацьвердзілі гібель сваіх наймітаў у Малі


Міністэрства абароны Малі пацьвердзіла, што ў выніку сутыкненьняў на поўначы краіны забітыя двое вайскоўцаў і 10 параненыя. Таксама ведамства заявіла, што забітыя прынамсі 20 нападнікаў з боку паўстанцаў.

Расейскія каналы, зьвязаныя з ПВК «Вагнэр», апублікавалі фатаздымкі з Малі. На іх целы забітых і згарэлая тэхніка. Былы супрацоўнік місіі ААН у горадзе Кідаль на поўначы Малі заявіў агенцтву AFP, што сама меней 15 расейскіх наймітаў забітыя альбо ўзятыя ў палон пасьля трохдзённага бою. Удзельнік сэпаратысцкага руху туарэгаў Моса Аг-Інзома сьцьвярджае, што ідзецца пра «многія дзясяткі» забітых і ўзятых у палон, паведамляла расейская служба ВВС.

Таксама расейскія Telegram-каналы, зьвязаныя з наймітамі ў Афрыцы, напісалі пра гібель у Малі вядомага Z-блогера, аўтара Youtube-каналу Grey Zone з пазыўным «Белы». Як мяркуецца, гэта 31-гадовы ўраджэнец Ліпецкай вобласьці Мікіта Фядзянін. «Загінуў годна, са зброяй у руках», — пішуць пра яго ўльтраправыя каналы.

29 ліпеня ў ПВК «Вагнэр» пацьвердзілі гібель сваіх наймітаў у Малі, у тым ліку камандзіра 13-га штурмавога атраду Сяргея Шаўчэнкі і яшчэ часткі наймітаў. У выніку баёў, якія працягваліся з 22 да 27 ліпеня каля паселішча Тын-Заўатын, урэшце засталіся толькі тры чалавекі, але і іхны лёс невядомы.

Прадстаўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Андрэй Юсаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону 29 ліпеня заявіў, што паўстанцы ў Малі атрымалі неабходную інфармацыю, якая дапамагла ім правесьці апэрацыю супраць наймітаў ПВК «Вагнэр».

5 жніўня ўрад Малі абвясьціў пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў з Украінай праз «падтрыманьне дзеяньняў плямёнаў туарэгаў», якія нядаўна зьнішчылі калёну малійскіх вайскоўцаў і расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Малі пасьля зьнішчэньня вагнэраўцаў разарваў дыпляматычныя дачыненьні з Украінай

Асаблівасьці сытуацыі ў Нігеры і Малі

З 2012 году сытуацыя ў Малі нестабільная з прычыны актыўнасьці радыкальных сэпаратысцкіх груповак. У 2022 годзе ў выніку вайсковага перавароту да ўлады ў краіне прыйшла хунта на чале з палкоўнікам Асімі Ґоіта. Ён утрымлівае ўладу ў тым ліку дзякуючы ўдзелу ўзброеных структураў, зьвязаных з расейскай ПВК «Вагнэр».

У Нігеры і Малі кіраваньне ажыцьцяўляюць вайсковыя ўрады, якія прыйшлі да ўлады гвалтоўным шляхам, у выніку перавароту. Адразу пасьля гэтага абедзьве краіны выйшлі з абаронных дамоваў з Францыяй і зьвярнуліся па вайсковую дапамогу да Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПВК «Вагнэр» аднавіла набор наймітаў для адпраўкі ў Афрыку. Стала вядома, хто гэтым займаецца ў Беларусі