«Мой час яшчэ не прыйшоў». Вялікая размова зь вершніцай Вольгай Сафронавай, якая засталася ўжо без другой Алімпіяды

Вольга Сафронава і яе конь Леа

Пасьля 2020 году двухразовая чэмпіёнка Беларусі была вымушаная зьехаць у Польшчу разам з трыма сваімі коньмі. У 2021 годзе яна ня трапіла на Алімпіяду ад Беларусі, у 2024 — зноў не атрымалася, ужо ад Польшчы. У размове са Свабодай вершніца расказала, чаму верыць, што яе зорны час наперадзе.

«Твой конь кульгавы, на Алімпіяду ня едзеш»

За дзень да выбараў, 8 жніўня 2020 году, вершніца Вольга Сафронава са сваім ўлюбёным канём Сандрам выйграла чэмпіянат Беларусі. Гэта была іх першая значная перамога.

«Пасьля таго чэмпіянату я была ва ўзьнёслым стане: цяпер мы ўсё выйграем, паўсюль пераможам! 9 жніўня быў адключаны інтэрнэт. А калі ён зьявіўся, я ўбачыла, які жах адбывацца ў краіне, і не змагла не адрэагаваць. Напісала пост у Instagram, што я са сваім народам, такое немагчыма цярпець. А любоў да сваёй краіны, да таго, што ты робіш — мацнейшая за страх, што цябе паб’юць ці пасадзяць у турму. Тады, у жніўні 2020 году, здавалася, што самае страшнае — атрымаць два тыдні арышту. Я выказалася ў Instagram, і пасьля такая чарада падзей!» — узгадвае Вольга.

Па словах суразмоўцы, спачатку за той пост яе хацелі звольніць. Пасьля Вольга падпісала ліст вольных спартоўцаў супраць гвалту і за сумленныя выбары, дала некалькі інтэрвію. Яе перасталі выпускаць на спаборніцтвы. Была пандэмія, на выезд з краіны трэба было атрымаць дазвол міністра спорту.

«Я настойваю, што нам трэба выступаць, каб набіраць усясьветныя рэйтынгі, нам патрэбныя іншыя ўмовы — гэта ж перадалімпійскі сэзон! А мне адказвалі, што ў Беларусі цудоўныя ўмовы, трэніруйся дома, рыхтуйся да чэмпіянату Беларусі. Дарэчы, я яго выйграла ў сакавіку 2021 году.

Пасьля зноў кажу, што мне трэба выехаць за мяжу. Зноў адмова. Афіцыйны аргумэнт: за мяжой ковід ёсьць, а ў Беларусі ковіду няма. Таму трэба сядзець дома. Я разумела, што рэальныя прычыны ня ў гэтым. Баксэраў, самбістаў выпускаюць за мяжу, а мяне выкрэсьліваюць са сьпісу», — кажа Вольга.

Вольга Сафронава ў 2020 падтрымала пратэсты, зараз жыве ў Польшчы

Апошні карантын перад той Алімпіядай коні павінны былі прайсьці ў Нямеччыне, адтуль пералёт у Токіё. Напярэдадні Вольгу выклікалі ў Ратамку на зборы на два тыдні. Там каня агледзела вэтэрынарная камісія — і дала заключэньне, што Сандра кульгавы.

«Я ў шоку: два тыдні было ўсё нармальна на зборах. Абураюся. Мне кажуць: „Пасьля абеду ты павінна яшчэ раз паказаць на полі тую ж праграму, што і на Алімпійскіх гульнях“. Лёгка! Я пасьпяхова праяжджаю гэты тэст на нібыта кульгавым кані. Судзьдзі ставяць мне добрыя адзнакі», — расказвае Вольга.

Падчас занятку з канём Леа

Пасьля гэтага быў агульны сход, на які спартоўцаў спачатку не пусьцілі. А потым камісія абвясьціла, што двух спартоўцаў дапускаюць да Алімпіяды, а Вольгу — не.

«Мне кажуць: твой конь кульгавы, на Алімпіяду ты ня едзеш. Я пярэчу: „Тут тры вэтэрынары, скажыце дыягназ майго каня“. Мне адказваюць: „Мы не абавязаныя ставіць дыягназ“. Маўляў, гэта мой асабісты конь, і я павінна сама дыягнаставаць яго. Я нічога не разумела, бо конь быў агледжаны вельмі дасьведчаным асабістым лекарам, які прыяжджаў да мяне з Расеі. Дарэчы, больш вопытным, чым беларускія з камісіі», — голас Вольгі дагэтуль дрыжыць ад крыўды.

Вольга напісала заяву на адпачынак і паехала з канём па мянушцы Сандра дэ Амор у Польшчу. Праз два дні атрымала заключэньне, што конь абсалютна здаровы і можа выступаць на любых спаборніцтвах. Напісала пра гэта ў Instagram. Пасьля гэтага, па словах спартоўкі, ёй патэлефанавалі і папярэдзілі, што ў Беларусь вяртацца ня варта.

«Конь, чамадан — і ты ў чужой краіне»

Для коней у Польшчы трэба было знайсьці стайню, дзе яны маглі б ня толькі жыць, але і трэніравацца, працягваць спартовую кар’еру.

Стайня, дзе Вольга трымае сваіх коней, знаходзіцца недалёка ад Варшавы

Вольга пазнаёмілася з уладальнікамі стайні, якая яшчэ дабудоўвалася, не была гатовая ўнутры.

«У гаспадара была свая кабылка ва ўзросьце. Ён кажа: „На вуліцы ёсьць дамок, я яе пасялю туды, а Сандра стане ў яе бокс“. Мне было вельмі няёмка, бо ў мяне ж яшчэ два кані. Гаспадар кажа: „Мне трэба падумаць тыдзень“. Я чакала гэтага званка, хвалявалася. Ён сказаў спачатку прывозіць аднаго каня, а потым знойдзе месца і для астатніх. І толькі ў верасьні нам удалося вывезьці зь Беларусі яшчэ двух коней», — расказвае вершніца.

Кожны з коней на стайні мае сваё асобнае памяшканьне

Вольга страшэнна перажывала, бо Леа быў зусім малады, ніколі так далёка не вандраваў. А ў коней, калі яны нэрвуюцца, могуць быць колікі, абязводжваньне. Такое падарожжа — даволі рызыкоўная рэч. Але Леа праявіў сябе як баец, сьцьвярджае вершніца. Працэс адаптацыі ў новай краіне праходзіў няпроста.

«Шчыра скажу, першыя тры тыдні быў проста шок: ты ня ведаеш, што рабіць. Конь, чамадан і ты. У нас жа не было мэты — куды канкрэтна ехаць, у які бок. Потым вызначыліся — Варшава. Ты кожны дзень павінен прыходзіць на стайню рана, таму ў цябе рэжым, графік. Усе іншыя рэчы, у тым ліку і адаптацыя, ідуць паралельна. Я пачала трэніраваць, я не была вышмаргнута са сваёй прафэсіі. Зьмянілася толькі месца, дзе я гэта раблю.

Спорт выцягнуў. Бо ковід усіх падкасіў. І форму мы згубілі за гэтыя пару гадоў, калі нельга было выступаць актыўна. Але нічога — паціху вяртаюся», — прызнаецца Вольга, як цяжка было пачынаць жыцьцё з чыстага аркуша ў новай краіне.

Зьявіліся адвакаты, палітыкі, якія вельмі дапамаглі Вользе атрымаць грамадзянства Польшчы. Цяпер яна ўдзельнічае ў міжнародных спаборніцтвах. Атрымала кваліфікацыю на ўдзел у чэмпіянаце Эўропы, можа ўжо выбіраць турніры, якія выгадныя ёй у рэйтынгу.

«Раз ня склалася з Алімпіядай, два...»

Аб тым, што сёлета не трапіць у Парыж, Вольга даведалася ўжо пасьля пачатку Аліпіяды

Сёлета ў Вольгі была надзея трапіць на Алімпіяду ў Парыж і выступіць ужо за Польшчу. Але беларусцы зноў не пашанцавала. Што здарылася, Вольга дагэтуль не разумее.

«У сакавіку пачалася актыўная падрыхтоўка да Алімпіяды. Мы з Сандра выступалі на спаборніцтвах кожныя 2–3 тыдні, увесь час былі ў шчыльным кантакце з галоўным трэнэрам, абмяркоўвалі кожны старт. У некалькіх пар былі вынікі вышэйшыя за нашы, і яны зацьвердзілі сабе месца ў першай тройцы. Але асноўная група — 4 пары. Пасьля турніру ў Аўстрыі, які лічыўся самым важным і кантрольным, трэнэр паслаў мяне на спаборніцтвы ў Сопат (горад на паўночным узьбярэжжы Польшчы. — РС) яшчэ з адной дзяўчынай зь Нямеччыны, якая таксама прыняла польскае грамадзянства.

Кожны з гадаванцаў Вольгі мае сваё асобнае мэню

Мы змагаліся за чацьвёртае месца рэзэрвовага вершніка, які едзе з камандай у Вэрсаль. І, канечне, я рызыкнула — пасьля Аўстрыі, цяжкага шляху (па 850 км у кожны бок) паехала ў Сопат. Я была другая, а тая дзяўчына — шостая. Я ў яе выйграла, клясна! Са спакойнай душой еду дадому, а ў панядзелак даведваюся, што мяне не ўзялі на Алімпіяду. Шок!» — Вольга не хавае эмоцый.

Яна хадзіла на сустрэчу з прэзыдэнтам Фэдэрацыі коннага спорту Польшчы. Але той аддаў усё на разгляд старшага трэнэра. Як паказалі вынікі, дзяўчына, якая паехала на Алімпіяду, апынулася на перадапошнім месцы. Паколькі каманда яшчэ ў Парыжы, Вольга ня можа высьветліць, што ж адбылося.

Наперадзе ў беларускі шмат важных стартаў. Празь месяц чэмпіянат Польшчы, міжнародныя спаборніцтвы. У верасьні чэмпіянат Польшчы сярод маладых коней.

«Тры гады праляцяць хутка, а там наступная кваліфікацыя на Алімпіяду. Гэта будуць ужо іншыя коні, бо Сандра ва ўзросьце. А вось для вершнікаў узроставага абмежаваньня ў конным спорце няма. Самаму старэйшаму ўдзельніку Алімпійскіх гульняў 65 гадоў. На ўсё свой час. Раз ня склалася з Алімпіядай, два... Не таму што я не магу. Проста, мабыць, мой час яшчэ не прыйшоў.

Няма ліха без дабра. Была такая страшная сытуацыя, калі мяне выкінулі з краіны, а цяпер усё цудоўна», — Вольга не губляе аптымізму.

«Лецішча ці вёска былі пакараньнем»

Конны спорт патрабуе асаблівай экіпіроўкі. Кожны элемэнт надзвычай важны

Вершніца расказвае, што яе маці — трэнерка па конным спорце. Сама Вольга ня памятае, як першы раз трапіла на стайню. Але ўсё дзяцінства яе прайшло на стайні ў невялікім пасёлку Барань пад Воршай.

«Мама кажа, што калі яна была цяжарная, езьдзіла на кані, так што і я езьдзіла, яшчэ не нарадзіўшыся. У маім жыцьці заўсёды былі коні. Але маці ніколі не прымушала нас зь сястрой ісьці на стайню, мы самі хацелі. І калі вакацыі ці выходныя, ніхто ніколі не заставаўся дома, ня ехаў на лецішча — для мяне лецішча ці вёска былі пакараньнем, а не адпачынкам, мне трэба было ісьці на стайню.

Мяне часам пакідалі ў карэце і прымушалі чытаць, да прыкладу, „Рабінзона Круза“, гэта мне не падабалася, а мама разумела, што трэба вучыцца. І яна мне давала заданьне: прачытаць 20 старонак кнігі, і можна ісьці да коней. Я чытала ў карэце, і гэтыя 20 старонак былі для мяне катаргай...» — узгадвае сваё дзяцінства вершніца.

На стайні коні маюць нават свае адмысловыя цацкі

Сястра Вольгі таксама займаецца конным спортам. А вось муж Леў — не.

«Я заўсёды казала, што ніколі ня выйду замуж за чалавека, зьвязанага з конным спортам, таму што я разумела: мы пазабіваем адзін аднаго. Але мой муж Леў навучыўся ўсяму. Ён езьдзіць са мной на спаборніцтвы, можа дапамагчы мне асядлаць каня — ён усё ўмее, але не сядае ў сядло. Ён ужо і трэніраваць можа. І праўду кажа, а мяне гэта раздражняе, таму што муж павінен хваліць увесь час мяне, а ён пастаянна крытыкуе», — з усьмешкай кажа Вольга, паглядаючы на сужэнца, які ў абед прыехаў на стайню і прывёз коням ласункі — мех морквы.

«Умовы ў Польшчы і ў Беларусі — неба і зямля»

Стайня, дзе Вольга займаецца са сваімі коньмі

Мы размаўляем з Вольгай на стайні ў прадмесьці Варшавы. Тут вялізная тэрыторыя, сучасныя будынкі, крыты манэж з адмысловым грунтам, прасторныя сьветлыя боксы, трэнажэры, бегавыя дарожкі, салярый для коней. У кожнага каня свой рацыён, прапісаны дыетолягам. Вітаміны, мюсьлі, дадаткі. Ласункі ручной работы, цацкі — як для дзяцей. Колькасьці адмысловай касмэтыкі і сродкаў догляду пазайздросьціць любая жанчына. Для грывы адзін шампунь, для хваста іншы, крэмы, мазі, памады...

Унутры стайні

Вольга прызнаецца, што ня ўсе стайні ў Польшчы выглядаюць так прывабна, як тая, дзе яна знайшла прытулак сваім коням.

«Умовы ў Польшчы і ў Беларусі — неба і зямля. Я за тры гады ў Польшчы ў сваім разьвіцьці дасягнула нашмат больш, чым за апошнія 10 гадоў у Беларусі. Там проста няма інфраструктуры, умоваў для заняткаў конным спортам.

Тут я не раблю ўсё сама, у мяне няма такіх ведаў — важная праца каманды. Канечне, я магу паставіць укол, кропельніцу, накласьці павязку, зрабіць самыя простыя маніпуляцыі. У Беларусі наагул няма фізіятэрапэўта — а фізіятэрапія часьцяком замяняе лячэньне. Дыетоляг раз на тры месяцы ўзважвае каня, глядзіць аналізы крыві. Лекар абавязкова раз на месяц правярае маіх коней. А ў Беларусі да цябе прыяжджае вэтэрынар, толькі калі штосьці здарылася, калі конь захварэў», — кажа Вольга пра ўмовы ўтрыманьня яе гадаванцаў.

На пытаньне, хто ў гэтым спорце галоўны — конь ці вершнік, Вольга адказвае так:

«50 на 50. І наагул, я лічу, што чалавек павінен быць больш элястычным, гнуткім, плястычным. Прыстасоўвацца, падладжвацца пад той настрой, які сёньня ў каня. Таму што ты яго ня зьменіш. Ты можаш толькі стварыць каню камфортныя ўмовы, каб ён быў спакойны, расслаблены, здаровы.

Таму ў нас ёсьць фізіятэрапія, стаматолягі, кавалі, астэапаты, дыетолягі. А таксама масажныя гунькі і іншыя прылады — каб конь быў у максымальна камфортным для сябе стане. Калі конь здаровы і шчасьлівы — ён гатовы з табой супрацоўнічаць. Яму нічога ня варта з табой 40 хвілін патанцаваць. Калі штосьці ня так — конь сябе праявіць», — расказвае Вольга.

Адмысловы абутак для заняткаў конным спортам. Гэта не самая дарагая пара, якая ёсьць у Вольгі

Конь ня ўмее гаварыць, працягвае яна. Гэта адзіная жывёла, якая ня выдасьць ні гуку ў самай экстрэмальнай сытуацыі.

«Ёсьць такі страшны выраз: конь будзе маўчаць, нават калі ты ўсадзіш нож яму ў сэрца. Кот, сабака, птушка будуць крычаць. А конь ня здольны крычаць. Таму людзі, якія працуюць з коньмі, павінны мець тонкую інтуіцыю, прыроднае чуцьцё. Бо гэта на мяжы мэнтальнай сувязі з жывёлай».

Сандра, адзін з трох коней Вольгі Сафронавай

Але ня з кожным канём вершнік знаходзіць паразуменьне. І гэта цалкам нармальна. Бо няма ідэальных спартоўцаў, няма ідэальных коней — павінна скласьціся пара. Таму вершнікі па 10 гадоў працуюць з канём, каб заваёўваць узнагароды на спаборніцтвах. Але коні ня толькі забіраюць шмат энэргіі ў вершніка, але і вяртаюць яе, сьцьвярджае Вольга.

«Пасьля трэніровак я проста спустошаная, высмактаная энэргетычна. Я разумею, што няма сіл нават у правым мезенцы, усё забралі! Але коні гэту энэргію і аддаюць — большага атрыманьня пазытыўнай энэргіі, матывацыі ў мяне няма. Ты прыходзіш у стайню, сядаеш на каня, і вось гэты абмен энэргіяй — як сасуд, які выліваецца і пастаянна напаўняецца. Гэта дае матывацыю і надалей», — кажа суразмоўца.

«За 5 дзён да вясельля я вылецела зь сядла»

Наколькі прыгожы конны спорт, настолькі і траўматычны — часьцяком здараюцца падзеньні. Вольга прызнаецца, што лічыла іх да першай сотні, пасьля перастала.

«Былі сур’ёзныя страсеньні мозгу. У мяне тры грыжы ў хрыбетніку, шыя выглядае як у чалавека пэнсійнага ўзросту, бо ляціш галавой уперад, нагрузка ідзе на шыйныя пазванкі. І гэта ні ад чога не залежыць. Ёсьць алімпійская чэмпіёнка, галяндка, якая са сваім канём заваявала два золаты, але ўпала зь яго так, што ў двух месцах было ссоўваньне костак сьцягна. Паўтара месяца ляжала на выцяжцы. Проста дзесьці штосьці пайшло ня так, конь спужаўся, альбо яму, наадварот, было занадта весела, і ён падбрыкнуў, страціў раўнавагу і ўпаў.

У працэсе палёту думаеш: „Ой, зараз будзе так балюча, непрыемна!“ Чамусьці палёт з каня праходзіць у такой замаруджанай раскадроўцы», — дзеліцца ўражаньнямі вершніца.

Пасьля такіх палётаў зьяўляецца страх сядаць у сядло зноў. Так у Вольгі было з маладым Леа, які некалькі разоў «высаджваў» вершніцу — ён так гуляўся.

«Мне ўсе казалі перад вясельлем: „Оля, не сядай на каня“. А я такая: „Я прафэсіянал, я ўсё магу!“ І за пяць дзён да вясельля я вылецела зь сядла так, што ў мяне рука не падымалася, і я махала, як каралева. Шчыра кажучы, Леа тады мяне крыху напалохаў, і паўгода ў мяне быў унутраны страх, я не адчувала сябе ўпэўненай.

А гэта складана — каню не паказаць страх, бо ён цудоўна адчувае твае няўпэўненыя рухі, ён адчувае, што ён перамагае. Але так жа ня можа працягвацца... Цяпер у мяне няма страху, я задам наперад сяду на Леа і паеду. Трэба гэта перасіліць псыхалягічна, і страх сыходзіць», — прызнаецца Вольга.

Але коні адчуваюць страх яшчэ больш, таму што гэта жывёла табунная, якая заўжды абараняецца. І першая яе абарона — уцячы.

«Конь вас кусае ці б’е не таму, што ў яго шкодны характар, а таму, што ён адчувае небясьпеку. А абараняцца ён можа зубамі і капытамі — больш нічым. У яго адно выйсьце — зьбегчы. А калі вы зьявіліся нечакана ў боксе і напалохалі яго, а бегчы няма куды — конь можа ўкусіць. Бываюць агрэсіўныя коні», — кажа Вольга.

«Мы працуем лепш за ФСБ»

Свайго першага каня Сандра дэ Амора Вольга купіла, прадаўшы за 4,5 тысячы эўра стары аўтамабіль, які бацькі падаравалі пасьля продажу бабулінай кватэры. На пытаньне, колькі каштуюць коні для такога прыгожага віду спорту, як выездка, дакладнага адказу ў Вольгі няма.

«Конь каштуе столькі, колькі за яго заплацілі. Сёньня ён прызэр Алімпійскіх гульняў — вось зараз якраз ідзе Алімпіяда. І коні, якія ўвайшлі ў фінал, могуць каштаваць ад некалькіх мільёнаў эўра. А заўтра, ня дай Божа, штосьці здараецца, конь атрымлівае траўму — і ён не каштуе нічога. Немагчыма кошт каня як кошт машыны вызначыць. Такая і такая марка 2010 году з такім прабегам каштуе, да прыкладу, 20 тысяч даляраў. Таму не магу назваць кошт», — кажа суразмоўца.

Усе коні, якія ўдзельнічаюць ў спабрніцтвах, маюць асаблівы дагляд. Існуюць нават адмысловыя сродкі для мыцьця конскай грывы

Яна дадае, што шмат зарабіць у конным спорце вельмі цяжка. Бо на адным кані вершнік трэніруецца, выйграе турніры, трэніруе вучняў, а яшчэ некалькі коней даводзіцца і прадаваць, кажа Вольга.

«Цяжка працуем. У мяне ў працы тры сваіх кані, а ўсяго дзесяць. Я трэнірую людзей, трэнірую іх коней, рыхтую іх як пару. Некалькі тысяч даляраў у месяц сыходзіць на ўтрыманьне коней. Плюс аксэсуары: кошт сядла даходзіць да 5 тысяч даляраў, мае адмысловыя боты — 1 тысяча эўра, каска — таксама 1 тысяча.

Лепшых трэба карміць, утрымліваць і выступаць зь імі на спаборніцтвах. Астатніх ты выводзіш на добры ўзровень, рыхтуеш, каб прадаць і далей займацца. Па-іншаму немагчыма.

А расставацца са сваім гадаванцамі вельмі балюча. Але я ніколі не прадам каня невядома каму. У нашым асяродзьдзі ўсе ведаюць адзін аднаго. Калі хтосьці пытаецца пра каня, ты адразу ж наводзіш даведкі: хто, адкуль, зь якой стайні, ці можа ён годна ўтрымліваць каня. Мы працуем лепш за ФСБ, патэнцыйных кліентаў правяраем ад і да», — кажа Вольга.

«Кароль жыцьця» Сандра, «дзіка гарачы» Леа, «спакойны і памяркоўны» Квінтэт

Бокс з ежай, згатаванай адмыслова для коней Сандра і Лео

Пра сваіх коней вершніца можа расказваць бясконца. Яны як людзі: у кожнага свой характар, няма двух аднолькавых. У гэтым і ўнікальнасьць коннага спорту, што кожны раз даводзіцца праходзіць новы шлях. Цяпер у Вольгі тры кані.

«Сандра дэ Амор — мой галоўны конь. Ён кароль жыцьця. Людзі для яго — слугі. Ён дазваляе ім сябе абслугоўваць. Ты можаш яго пакарміць, прыбраць у боксе, пачысьціць, але ёсьць месцы, да якіх лепш не дакранацца — яму гэта не падабаецца. Ён настолькі цар і бог! Зь ім можна толькі дамовіцца: „А дазволіш сёньня паезьдзіць на табе?“ Калі ў яго добры настрой, ён дазваляе. Калі ў яго няма настрою — трэніроўку трэба зрабіць лёгкай, проста пабегаць, бо ніводзін элемэнт у цябе проста не атрымаецца. І тое ж самае адбываецца на спаборніцтвах. Не таму, што яму штосьці баліць, проста ў яго няма настрою.

Леа па характары зусім іншы конь, ён падначальваецца, гатовы супрацоўнічаць, але ён дзіка гарачы! У Леа такая шалёная энэргія ўнутры, ён гатовы бегчы, бегчы, яму трэба кудысьці сьпяшацца, скакаць! Яго энэргію немагчыма загасіць, утаймаваць, немагчыма сказаць: „Стой!“ Нічога не атрымаецца. Ён пачне яшчэ больш нэрвавацца.

А Квінтэт не падобны ні да Сандра, ні да Леа — ён спакойны і памяркоўны. „Рушым туды? Добра, рушым. Трэба штосьці зрабіць? Давай зробім і пойдзем ужо есьці ці гуляць“. І калі я зразумела, што ён ня дасьць мне агню на арэне, вырашыла яго прадаць. Квінтэт зараз выдатны настаўнік для дзяўчыны, якая вучыцца езьдзіць. А мы купілі маладога каня зь вельмі цікавым характарам, тэмпэрамэнтам, які ўжо падае мне надзеі на будучыню», — вочы Вольгі гараць, калі яна расказвае пра сваіх гадаванцаў.

«Конны балет»

Выездку называюць «конным балетам», бо коні адчуваюць рытм, у іх ёсьць музычны слых, яны сапраўды ўмеюць элегантна танцаваць. І абавязкова павінна скласьціся пара каня зь вершнікам, кажа Вольга.

«Ёсьць набор абавязковых элемэнтаў, якія мы павінны выканаць. Але ў якім ключы, у якой пасьлядоўнасьці — гэта твая асабістая інтэрпрэтацыя, твая фантазія. Адзінае — мы маем 6 хвілін часу, за гэтыя 6 хвілін мы павінны паказаць усе элемэнты, і чым больш мы іх зьвязваем праз складаныя пераходы, тым больш балаў атрымліваем.

Калі танцуюць 20 коней, а ты на спаборніцтвы прыйшоў першы раз, ты ніколі не здагадаесься, чаму гэты конь атрымаў так шмат балаў, а іншы так мала. Коні ўсе прыгожыя, дзяўчаты ў белых брыджах, фраках, белых пальчатках.

Выездка — гэта як прыйсьці на балет. Мабыць, балет таму і ня самы папулярны від мастацтва, ты павінен настолькі разьбірацца ў гэтым», — тлумачыць Вольга.

І ўзгадвае фінал Кубка сьвету ў Швэцыі ў 2019 годзе, у якім удзельнічала. Гэта як у біятлёне, расказвае вершніца: шмат этапаў, а потым 18 лепшых коньнікаў сьвету трапляюць у фінал. Хакейная арэна на 12 тысяч чалавек, прыбіраюць лёд, робяць адмысловы грунт.

«І вось выяжджае знакаміты швэдзкі вершнік. У праграме ёсьць элемэнт, калі конь спыняецца і павінен зрабіць роўна 5 крокаў назад. Гэта называецца „асаджваньне“. І раптам трэба паехаць рысьсю наперад. І вось конь спыняецца, робіць 4 крокі, і замест таго каб зрабіць яшчэ добры крок, падцягвае крышку нагу капытом па пяску. І ў гэты момант 12 тысяч гледачоў спачатку заміраюць, а потым уздыхаюць: „А-а-а!“ Яны прыйшлі не на прыгожых коней паглядзець, а разумеюць, што тэхнічна адбываецца. І гэта не таму, што іх спартовец выступае, а таму, што ўсе езьдзяць на конях.

Ёсьць краіны з высокай культурай коннага спорту — Нямеччына, Галяндыя, Англія, скандынаўскія краіны. Нам да іх далёка. Напэўна, ня ў гэтым стагодзьдзі дойдзем да разуменьня культуры коннага спорту», — разважае Вольга.

І расказвае пра сваю мару: зладзіць нават не спаборніцтвы, а паказальныя выступы, каб вельмі клясныя спартоўцы на выбітных конях ехалі пад аркестар.

«Уяўляеце, як гэта можа быць прыгожа! Сафіты, беласьнежная арэна, аркестар, які вывучыў бы асобны музычны твор пад кожнага каня! Такога яшчэ ніхто не рабіў, але я хацела б ня толькі паўдзельнічаць, але і арганізаваць такое відовішча», — марыць вершніца.

Вольга прызнаецца, што вельмі хоча прыехаць у Беларусь. Туга па радзіме, настальгія ёсьць.

«Яе неяк адштурхоўваеш ад сябе, не даеш ёй разьвівацца. Канечне, я вельмі хачу дадому. Але калі супастаўляеш: паспрабаваць рызыкнуць, паехаць, сесьці ў турму, — адразу гэтыя думкі адыходзяць.

Але мая надзея не памірае, яна толькі яшчэ больш умацоўваецца. І мне падаецца, чым горш, страшней разьвіваюцца падзеі, тым хутчэй і ярчэй гэты пухір павінен лопнуць. Усяму ёсьць мяжа. Гэта як гнайнік, расьце, брыняе, і бах — і няма!» — кажа Вольга.

Што тычыцца вяртаньня назаўжды, калі сытуацыя ў краіне зьменіцца, Вольга разважае цьвяроза і адказвае шчыра:

«Я не дазволю адабраць у маіх коней тыя цудоўныя ўмовы, тое жыцьцё, якія яны маюць тут, і проста прывезьці іх назад у адсутнасьць гэтых умоў. Чалавек прыстасуецца да ўсяго, за сябе я ня моцна перажываю. Нашы бытавыя ўмовы і там, і тут былі прыкладна аднолькавыя.

А тут столькі людзей нам дапамагло, у нас быў шанец атрымаць грамадзянства Польшчы, мы напрацавалі сабе імя. І сумленьне мне не дазволіць, сказаць: „Дзякуй, я паехала дадому“. Пакуль так».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма грошай і канкурэнцыі». Што адбылося зь беларускім спортам за чатыры гады