Пра гэта і пра іншае мы пагаворым з доктарам філялёгіі, аўтарам абароненай сёлета ў Варшаве дысэртацыі «Беларуская мова як фактар фармаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці ў пэрыяд рэвалюцыі 1905–1907 гадоў у публіцыстыцы першых беларускамоўных газэт „Наша доля“ і „Наша Ніва“» Віктарам Корбутам.
0:00 — як фармаваліся ўяўленьні пра Беларусь і беларускую мову ў ХІХ — пачатку ХХ стст.
6:12 — на якіх падставах фармавалася беларуская ідэнтычнасьць у канцы ХІХ — пачатку ХХ стст.
9:21 — якой была ідэнтычнасьць беларускіх нацыянальных актывістаў пачатку ХХ стагодзьдзя
15:50 — назвы і вобразы суседніх народаў на старонках газэт «Наша Доля» і «Наша Ніва»
20:00 — роля беларускай мовы ў гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя
23:25 — ці магчымая беларуская нацыя безь беларускай мовы
Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Віктарам Корбутам:
— Калі падсумаваць нацыянальную гісторыю Беларусі за ўсё ХХ стагодзьдзе ў яе сувязі зь беларускай мовай. На якое месца вы паставілі б беларускую мову?
— На першае месца. Менавіта таму на яе і нацэленыя асноўныя намаганьні «ворагаў беларушчыны» (як іх называў Янка Купала).
У 1906–1907 гадах перад першымі беларускімі актывістамі стаяла складаная задача — на старонках газэт «Наша Доля» і «Наша Ніва» сфармаваць і разьвіць беларускую нацыянальную мову — пачынаючы ад правапісу і граматыкі да літаратурнай творчасьці ў розных жанрах. І менавіта ў мове першыя беларускія нацыянальныя актывісты бачылі аснову беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.
Фундамэнтальнае значэньне той работы, якую выконвалі публіцысты «Нашай Долі» і «Нашай Нівы», заключаецца ў тым, што яны ня толькі самі ўсьведамлялі факт самабытнасьці беларусаў, але і абгрунтоўвалі іх самастойнасьць як нацыі. «Наша Ніва» і беларускі нацыянальны рух надалі ідэі Беларусі новы сэнс: разам з ранейшымі рэгіянальным, этнаграфічным, моўным узьнік і нацыянальны.
На старонках першых беларускіх газэт у 1906–1907 гадах пачалася праца, якая прывяла к канцу 1910-х гадоў да павышэньня статусу беларускай мовы — ад дыялекту да мовы нацыі (упершыню падчас нямецкай акупацыі ў 1915–1918 гадах, а затым — у савецкай Расеі, дзе з 1918 году яна стала выкарыстоўвацца ў дзяржаўных установах РСФСР).
Беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай у Беларускай Народнай Рэспубліцы (1918), Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы Беларусі (1919). Усё было б немагчыма бяз комплекснай працы па фармаваньні беларускай літаратурнай мовы, якая была пачатая на старонках першых беларускіх газэт у 1906–1907 гадах.
Невыпадкова ў брашуры «Што трэба ведаць кожнаму беларусу», выдадзенай у 1918 годзе ў Менску, былы нашанівец Вацлаў Ластоўскі адназначна сьцьвярджаў формулу прыналежнасьці да беларускага народу (нацыі):
«Народ, або нацыя, гэта людзі, каторыя гавораць аднэй мовай, заселяючыя супольны край і праз гэта складаючыя адну вялікую сямью, народ, нацыю. [...] Па чым лягчэй cпазнаць, што мы Беларусы? Найлягчэй гэта спазнаць па нашай мове. Мова злучае людзей у адзін народ».
Гэты погляд падзяляў у 1922 годзе і пісьменьнік і мовазнавец Язэп Лёсік, таксама ў свой час зьвязаны з «Нашай Нівай». Але ён зрабіў шэраг удакладненьняў:
«Мова — душа кожнага народу й першая прымета, якою адзін народ розьніцца ад другога народу. І хоць мова сама па сабе не становіць яшчэ рашучай прыметы нацыі, бо можа быць два і больш народаў (ангельцы й ірландцы) з аднэю моваю, але яна найчасьцей служыць зьвязуючым ланцугом, што злучае паасобных людзей у адну нацыю, у адзін народ. [...] Цяпер нас злучае ў адзін непадзельны беларусінскі народ толькі нашая беларусінская мова [...]. Іншага злучніка ў беларускага народу пакуль што няма».
З таго часу «іншага злучніка» не зьявілася і не магло зьявіцца. Гэтым «злучнікам» можа быць нешта іншае толькі ў выпадку, калі б мы мелі справу не зь беларускім народам, а з «савецкім народам» ці «русскими со знаком качества».
— На пачатку 2010-х гадоў у Беларусі была пачалася дыскусія аб ролі беларускай мовы ў фармаваньні нацыі. Ішла яна актыўна і на сайце Радыё Свабода. Знайшліся навукоўцы, палітолягі і бізнэсмэны, якія казалі, што для пасьпяховага фармаваньня і існаваньня беларускай нацыі беларуская мова не патрэбная. Натуральна, як прыклад прыводзілася Ірляндыя. Дастаткова, казалі тыя расейскамоўныя людзі, што беларусы будуць адчуваць сябе грамадзянамі адной краіны і разам дбаць пра палісаднікі каля сваіх пад’ездаў. Што вы скажаце ў адказ на тыя аргумэнты? Патрэбная беларуская мова беларусам у нашы дні і ў будучыні ці не?
— Некалі Валер Булгакаў слушна заўважыў, што беларускі нацыянальны рух фармаваўся ў пэрыяд, калі Расейская імпэрыя была блізкая да асыміляцыі беларускамоўнага насельніцтва ў расейскую нацыю. Аднак, напісаў ён,
«відавочна, што трыюмф нацыянальнага руху не запраграмаваны загадзя, а ідэалёгія беларускага нацыяналізму — усяго толькі адна з альтэрнатыўных ідэалёгіяў разьвіцьця Беларусі».
На старонках першых беларускіх газэт «Наша Доля» і «Наша Ніва» беларуская мова разглядалася як фактар інтэграцыі жыхароў Беларусі польскай і рускай веры ў сучасную беларускую нацыю.
Праўда, беларуская нацыянальная ідэя, якая нарадзілася ў першай палове 1900-х гадоў і пачала распаўсюджвацца з 1906–1907 гадоў празь першыя беларускамоўныя газэты, так і ня стала адзінай праграмай разьвіцьця Беларусі і будучыні беларусаў. Наадварот, нягледзячы на сваю пэрспэктыўнасьць і часовы зьнешні трыюмф у БССР у другой палове 1920-х гадоў і ў пачатку 1990-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь, яна і цяпер, праз 120 гадоў, суіснуе ў жорсткай канкурэнцыі з расейскай ідэнтычнасьцю і яе формамі — заходнярускай, беларускай рэгіянальнай, якія зводзяцца да формулы, паводле якой беларусы — не самастойная нацыя, а толькі частка расейскай (рускай) нацыі.
Я магу прывесьці выразны прыклад такога падыходу, які ігнаруе як гісторыю беларускага нацыянальнага руху, так і ролі ў ім газэт «Наша Доля» і «Наша Ніва». Гэта рэзалюцыя выязнога сэмінару «Рэспубліка Беларусь: ад вытокаў да сучаснасьці (гістарычны шлях дзяржаўнага будаўніцтва)», які прайшоў у Менску 25 студзеня 2023 году. Рэзалюцыя амаль цалкам супярэчыць фактам разьвіцьця насельніцтва сучаснай тэрыторыі Беларусі ад этнічных супольнасьцей эпохі Сярэднявечча да мадэрнай нацыі. Адной з найгрубейшых памылак гэтай рэзалюцыі зьяўляецца сьцьвярджэньне, што знаходжаньне зямель сучаснай Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі быццам бы «спыніла палянізацыю»:
«...садзейнічала разьвіцьцю нацыянальна-духоўных традыцый, фармаваньню беларускай нацыі, распаўсюджваньню пісьменнасьці; беларусы разглядаліся як частка трыадзінага (вялікарусы, беларусы і маларусы) тытульнага народу Расейскай імпэрыі».
Сапраўды, беларусы ўладамі Расейскай імпэрыі разглядаліся як племя — частка рускай (расейскай) нацыі. І таму не адпавядаюць рэчаіснасьці іншыя пасажы вядомых гісторыкаў Аляксандра Кавалені і Вячаслава Даніловіча:
«В составе Российской империи [...] при поддержке русского народа происходила консолидация белорусов в отдельную нацию».
Праўда, Каваленя і Даніловіч вывучэньнем гісторыі фармаваньня беларускай нацыі не займаліся. Аднак і да іх было вядома, што знаходжаньне ў складзе Расейскай імпэрыі ня толькі не «садзейнічала разьвіцьцю нацыянальна-духоўных традыцый, фарміраваньню беларускай нацыі», але ў ХІХ стагодзьдзі прывяло да замаруджваньня працэсу яе фармаваньня.
Палянізацыя беларускамоўнага насельніцтва, у сваю чаргу, фактычна не спынялася да паўстання 1863–1864 гадоў, пасьля якога ўлады Расейскай імпэрыі пачалі ажыцьцяўляць жорсткую палітыку змаганьня з польскім элемэнтам у Літве і Беларусі. А ён быў прадстаўлены пераважна шляхтай і меў мясцовае паходжаньне — з рэгіянальнай польска-літоўскай (беларускай) ідэнтычнасьцю. Гэта значыць, што ўлады Расейскай імпэрыі вялі змаганьне з тутэйшай элітай.
Апрача таго, расейскія ўлады не праводзілі беларусізацыю, а да самага канца Расейскай імпэрыі (1917 год) праводзілі русыфікацыю, не прызнавалі беларусаў нацыяй, чым ніяк не спрыялі культурнаму і нацыянальнаму разьвіцьцю беларускамоўнага насельніцтва. Нягледзячы на асобныя ініцыятывы расейскіх чыноўнікаў, этнографаў, мовазнаўцаў па вывучэньні і разьвіцьці беларускай мовы, што, аднак, мела, зноў жа, мэтай не фармаваньне беларускай нацыі, а змаганьне з палянізацыяй рускіх (расейцаў), часткай якіх лічыліся беларусы.
Усе гэтыя памылковыя вывады робяцца невыпадкова, а ў выніку ігнараваньня фактаў гісторыі беларускай нацыі і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, якія пачалі фармавацца адначасова ў 1900-я гады і атрымалі разьвіцьцё і афармленьне ў газэтах «Наша Доля» і «Наша Ніва».
Хто ж такія беларусы, беларуская нацыя? Паводле нашаніўцаў, гэта носьбіты беларускай мовы.
Калі кіравацца тэарэтычнымі падыходамі польскага сацыёляга Рамана Шуля, якія вынікаюць з аналізу вопыту нацыянальнага і дзяржаўнага разьвіцьця дзясяткаў народаў і краін сьвету, то ёсьць падставы лічыць беларусаў нацыяй, якая нарадзілася ў выніку прыняцьця дзеячамі беларускага нацыянальнага руху прынцыпаў фармаваньня народу, які ўзьнік у эпоху рамантызму (зь першаснай роляй мовы), аднак бурлівыя рэаліі ХХ стагодзьдзя скарэктавалі пляны беларускіх нацыянальных актывістаў.
Тым ня менш многія ідэі, якія былі агучаныя на старонках першых беларускіх газэт, у тым ліку пра значэньне беларускай мовы як галоўнага фактару нацыянальнай ідэнтычнасьці, ня толькі атрымалі далейшае разьвіцьцё, але і паўплывалі на фармаваньне беларускай дзяржаўнасьці — гэта значыць на саму магчымасьць вылучэньня пэўнай тэрыторыі як дзяржавы для беларускай нацыі, якая знаходзілася і знаходзіцца ў стадыі фармаваньня.
Мова як ідэя, якая павінна была згуртаваць і, па сутнасьці, стварыць беларускую нацыю, адыграла гэтую выключную ролю. Яна стала каталізатарам працэсу ўтварэньня беларускай нацыі, аднак з часам, у выніку розных зьнешніх фактараў, на якія беларускія нацыянальныя актывісты ня мелі ўплыву, страціла сваю значнасьць.
Сучасныя беларусы ў выніку склаліся не як моўная, этнічная нацыя, а як тэрытарыяльная, геаграфічная група насельніцтва, аднак на асноўнай тэрыторыі распаўсюджваньня (у мінулым) беларускай мовы.
У дзьвюх схемах разьвіцьця нацыянальнай ідэнтычнасьці, прапанаваных Раманам Шулем, у цэнтры стаіць народ, а мова выступае або галоўным, або другасным фактарам. Тое, што цяпер беларуская мова (часова?) зьяўляецца другасным (пэрманэнтным) фактарам у працэсе фармаваньня беларускай нацыі, можна разглядаць як вынік нейкага заканамернага працэсу ва ўмовах расейскай моўна-культурнай дамінацыі.
Аднак незваротным гэты працэс не зьяўляецца. Пра гэта сьведчыць тое, што гістарычныя падзеі пэрыядычна выносяць на паверхню грамадзка-палітычнага жыцьця праблему ролі беларускай мовы ў працэсе фармаваньня ідэнтычнасьці насельніцтва Беларусі і прымушаюць абгрунтоўваць старажытнасьць беларускай нацыі і мовы. Гэта нават былі вымушаныя прызнаць удзельнікі згаданага сэмінару, якія ў рэзалюцыі напісалі, што «беларуская мова ўплывае на разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці і культуры беларусаў».
Аднак у рэзалюцыі ігнаруецца гісторыя беларускага нацыянальнага руху і не падкрэсьліваецца вызначальная роля беларускай мовы для фармаваньня беларускай нацыі. Калі б у 1902 годзе не заявілі пра сябе першыя беларускія актывісты, а ў 1906 г. не зьявіліся першыя беларускія газэты, на старонках якіх сфармавалася беларуская літаратурная мова, вырасла нацыянальная літаратура, а галоўнае — была сфармуляваная і распаўсюджаная беларуская нацыянальная ідэя, то беларусы так і маглі б застацца «племенем» рускага (расейскага) народу.
У той жа час неўзабаве пасьля таго сэмінару, у лекцыі «Беларуская мова — найважнейшы фактар нацыянальнага адраджэньня», прачытанай у Варшаве 23 лютага 2023 году, адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху канца 1980-х — 1990-х гадоў Зянон Пазьняк расставіў тыя акцэнты, якія пацьвярджаюць нязьменную актуальнасьць закладзеных на пачатку ХХ стагодзьдзя ідэйных асноў беларускай нацыі зь беларускай мовай у цэнтры сьветапогляду:
«Гістарычныя факты, дакумэнты сьведчаць, што, асабліва пасьля 1905 году, у Беларусі быў магутны нацыянальны ўздым, у што цяжка паверыць. Здавалася, усё было прыбіта. Людзі нават ня ведалі, як сябе называць. Усё было забаронена. Ні школ беларускіх не было, нічога. І тым ня менш пачаўся ўздым: за мову, за сваё існаваньне.
Беларускае Адраджэньне базавалася ў першую чаргу на мове і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, на старажытнай культуры. [...]
Гэтае Адраджэньне працягваецца па сёньняшні дзень. Яго абразалі ўвесь час, касілі як атаву. Але беларусы ўвесь час вярталіся да Адраджэньня, бо іншага шляху няма. [...]
І важна ўсьвядоміць, што наша найвялікшая каштоўнасьць, нас, беларусаў, гэта нашая мова. Будзе беларуская мова, будзем на ёй гаварыць — будзе жыць нацыя».
А беларускі мовазнавец Ігар Капылоў у 2021 годзе, у сваю чаргу, выказаў упэўнененасьць у тым, што
«беларуская мова зьяўляецца [...] падмуркам нацыянальнай ідэнтыфікацыі», што «беларуская мова адыграла выключна важную ролю ў нацыянальным адраджэньні беларусаў і фарміраваньні дзяржаўнасьці».
Сапраўды, ідэі аб важнасьці беларускай мовы для фармаваньня беларускай нацыі, выказаныя на старонках «Нашай Долі» і «Нашай Нівы», атрымалі далейшае разьвіцьцё падчас нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў рамках агульнасаюзнай палітыкі каранізацыі ў БССР у 1920-я гады і пазьней. Гэтая палітыка была часткова адноўленая ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў — і давала, такім чынам, надзею на тое, каб беларускамоўная нацыя стала фактам.
Аднак, як лічыць Роман Шуль, сучасная дзяржава Рэспубліка Беларусь узьнікла ў выніку гістарычных працэсаў, на якія яна ня мела ўплыву. Першай падзеяй, на якую ня мелі ўплыву беларусы, зьяўлялася рэвалюцыя 1917 году ў Расеі і ўтварэньне Беларускай ССР як рэгіёну СССР. Другой падзеяй стаў распад СССР, у выніку чаго саюзныя рэспублікі атрымалі незалежнасьць. Таму, лічыць вучоны, беларуская дзяржава ўтварылася толькі ў 1991 годзе, і беларуская нацыя фармуецца паводле мадэлі дзяржава → народ → мова, прычым існаваньне дзяржавы абумоўлівае існаваньне народу, а дзяржава і народ выбралі сваёю моваю расейскую.
У той жа час, паводле Шуля, з канцэпцыяй расейскамоўнага дзяржаваўтваральнага беларускага народу канкуруе слабая ідэя беларускамоўнага этнічнага беларускага народу. Пры гэтым вучоны адзначае:
«Ні пытаньне беларускай дзяржаўнасьці, ні беларускай нацыянальнасьці, ні беларускай мовы ня вырашанае (вылучэньне Рамана Шуля. — РС). Час пакажа, ці захаваецца цяперашняя сытуацыя, ці адбудуцца зьмены і ў якім кірунку». (Аni kwestia białoruskiej państwowości, ani białoruskiej narodowości, ani białoruskiego języka nie jest rozstrzygnięta. Czas pokaże, czy utrwali się obecna sytuacja, czy nastąpi zmiana, i w jakim kierunku).
Разуменьне гістарычных, сапраўдных пачаткаў беларускай нацыі і працэсу, які ў яе фармаваньні адыграла беларуская мова і пэрыядычны друк на ёй, дазваляюць зразумець, на чым грунтавалася ідэя аб нацыянальнай адметнасьці і самастойнасьці беларусаў, беларускай нацыі, якая ня страціла сваёй актуальнасьці да нашых дзён, паколькі працэс фармаваньня беларускай нацыі не зьяўляецца завершаным, а яго завяршэньне, бадай, не адбудзецца, пакуль ня будуць ажыцьцёўленыя тыя пастуляты, якія былі сфармуляваныя на старонках «Нашай Долі» і «Нашай Нівы» ў 1906–1907 гадах і былі разьвітыя ў наступныя гады.
А каб збудаваць беларускую нацыю, трэба ведаць беларускую мову і карыстацца ёю.
З расейскай мовай будзе толькі «русский мир» у «стране для жизни». Магчыма, зь «невероятными» пэрспэктывамі. Але гэта будзе не Беларусь. Або, як у Оруэла, дзе вайна — гэта мір, слова «Беларусь» будзе азначаць не Беларусь. І, на жаль, гэта ўжо становіцца фактам.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.