Паводле чэскіх парталаў iROZHLAS.cz і Novinky, прысуд быў вынесены 6 жніўня, але яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны, піша «Настоящее время».
Згодна з матэрыяламі справы, Сіман прыбыў у Кіеў праз тры тыдні пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году і далучыўся да ўзброенага добраахвотніцкага батальёна «Карпацкая Сеч». У яго складзе ён удзельнічаў у так званых зачыстках гарадоў Ірпень і Буча, калі пасьля адступленьня расейскіх войскаў з-пад Кіева ўкраінскае войска выяўляла вайскоўцаў РФ, якія засталіся на гэтай тэрыторыі.
Суд прызнаў, што падчас службы Сіман неаднаразова прысвойваў чужую маёмасьць — як загінулых салдат, так і цывільных асобаў. У якасьці доказаў дзяржаўнае абвінавачваньне выкарыстала ягоныя відэазапісы, на якіх зьнята частка скрадзенага. Сярод гэтых рэчаў:
- наяўныя грошы,
- ювэлірныя вырабы,
- інвэстыцыйныя зьліткі золата і срэбра,
- электронная кніга,
- фірмовыя сонцаахоўныя акуляры Gucci.
Мужчына спачатку заявіў, што рабіў гэта на загад камандаваньня. Але прадстаўніца «Карпацкай Сечы» Алена Развадоўская ў гутарцы з iROZHLAS.cz абвергла гэта, заявіўшы, што «ў батальёне паняцьця ня мелі, што Сіман рабуе пакінутыя дамы».
Як адзначае чэскае выданьне Dnes, суд «надзвычай зьмякчыў» прадугледжанае законам пакаранне за марадэрства — у Чэхіі па гэтым артыкуле даюць ад васьмі да дваццаці гадоў пазбаўленьня волі. Ён улічыў «надзвычайныя абставіны», выказаўшы здагадку, што ў мірны час Сіман, хутчэй за ўсё, не пайшоў бы на такое злачынства. Пры гэтым па справе аб найміцтве чэх быў апраўданы, бо ўлады Чэхіі абяцалі не перасьледаваць добраахвотнікаў, якія едуць ваяваць ва Ўкраіну.
Украінскія вайскоўцы затрымалі Філіпа Сімана ў красавіку 2022 году і перадалі яго Чэхіі.