Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі вызначыла кошт выкарыстаньня памяшканьняў для доўгатэрміовых спатканьняў. Плаціць маюць зьняволеныя ці іх родныя.
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, памер кампэнсацыі выдаткаў на жыхарства ў памяшканьнях для доўгатэрміновых спатканьняў у папраўчых установах складае 0,25 базавай велічыні на аднаго чалавека ў содні.
У 2024 годзе базавая велічыня складае 40 рублёў. Гэта азначае, што кошт памяшканьняў для асуджаных складзе ня менш за 10 рублёў у содні за аднаго чалавека, бо штогод памер базавай велічыні зьмяняюць. У 2020 годзе яна была роўная 27 рублям, у 2021-м — 29, у 2022-м — 32, у 2023-м — 37 рублёў.
Згодна з пастановай, дзецям да 8 гадоў пры наяўнасьці арыгіналу дакумэнту, які пацьвярджае ўзрост, можна знаходзіцца там бясплатна.
Частка 4 артыкулу 83 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі прадугледжвае кампэнсацыю асуджанымі або іхнымі сваякамі, якія прыехалі на доўгатэрміновае спатканьне, выдаткаў на выкарыстаньне адпаведных памяшканьняў. Паводле закону, памер гэтых выдаткаў вызначае Міністэрства ўнутраных справаў пры ўзгадненьні зь Міністэрствам фінансаў Беларусі. Атрыманыя сродкі залічваюцца ў даход дзяржаўнага бюджэту.