Сёньня ў Беларусі 1253 жанчыны асуджаныя ў палітычна матываваных справах, 288 зь іх — да пазбаўленьня волі. Для жанчын у калёніях строгія ўмовы зьняволеньня, нават іх вонкавы выгляд часам становіцца нагодай для рэпрэсіяў. «Вясна» распытала былых палітзьняволеных, як у гомельскай калёніі № 4, дзе цяпер сядзяць 122 жанчыны-палітвязьні, рэгулююць выгляд вязьняў, і папрасіла юрыстаў пракамэнтаваць.
Калі жанчыны трапляюць у калёнію, у іх забіраюць рэчы, у якіх яны прыехалі. Пакінуць могуць толькі некаторыя рэчы чорнага колеру, хоць у інструкцыі напісана, што можна насіць цёмна-зялёны, цёмна-сіні і карычневы.
Наўзамен даюць пераапрануцца ў ружовую сукенку, потым — выдаюць пад подпіс усю форменную вопратку, часьцей за ўсё ружовага колеру. Даюць і целагрэйку, якую трэба абавязкова насіць, калі абвяшчаюць. Паводле былых палітвязьняў, яна вельмі цяжкая, але пры гэтым абсалютна ня грэе. Калі тэрмін зьняволеньня большы за год, часта даюць новыя рэчы, калі меншы — могуць даць ношаныя.
«Раней выдавалі хусткі, якія можна было завязаць і кутком прыкрыць шыю, — распавядае адна з палітзьняволеных. — Гэта дазваляла ледзь-ледзь захаваць цяпло. Цяпер сталі выдаваць шапкі, якія называюць „гандонкамі“: яны прыліпаюць да галавы цалкам, у іх няма адваротаў, шыя голая, каўнер падняць немагчыма. Шыя цалкам голая. У іх было вельмі холадна».
Абутак у калёніі ня вельмі зручны: грубыя чаравікі, сланцы і туфлі на плоскай падэшве — іх называюць «чувякамі». Цяжкія туфлі націраюць мазалі. У адзеньні, што часта не пасуе да клімату, зьняволеным нярэдка даводзіцца стаяць на вуліцы на аглядах. Зімовыя туфлі ўнутры ніяк ня ўцепленыя, таму ў іх досыць холадна. Паколькі яны кароткія, ногі ў іх пэрыядычна мерзнуць, кажуць былыя палітзьняволеныя.
«Абутак і адзеньне могуць даць не таго памеру, — успамінае адна з палітзьняволеных. — Мне далі зімовыя туфлі на некалькі памераў большыя, я надзела іх адзін раз, бо так трэба было паводле правілаў, на адно з мерапрыемстваў калёніі з удзелам адміністрацыі. На астатні час у мяне былі свае туфлі. Я хадзіла ў іх паўдня — і мне сьцерла нагу. Прычым не ў шкарпэтцы або пятцы, а там, дзе матэрыял зьверху, на ўзроўні шчыкалаткі. У мяне да гэтага часу ёсьць невялікі шнар на назе ад гэтага».
Палітзьняволеныя распавядаюць, што вопратку для вязьняў шыюць на мясцовай швейнай фабрыцы разам з адзеньнем для мужчынскіх калёніяў і службовай формай супрацоўнікаў міліцыі.
«Для жаночай калёніі дазваляецца значна больш браку, чым для міліцэйскай формы, — кажа адна з палітзьняволеных. — Тканіны закупляюць упрытык, таму практычна любы брак, за выключэньнем нейкіх дзірак, можна прапускаць. Калі шыецца форма для супрацоўнікаў міліцыі, так рабіць нельга».
Вязьням можна перадаць рэчы, але яны павінны быць цалкам узгодненыя з інструкцыямі, перш за ўсё — прымаюць рэчы выключна чорнага колеру. Напрыклад, пальчаткі або шалікі ў калёніі не выдаюць, таму калі сваякі іх не перадалі, даводзіцца абыходзіцца бязь іх. Каб вырашыць праблему, жанчыны выкручваюцца па-рознаму: напрыклад, адна зь іх прыдумала завязваць калготкі замест шаліка.
Зьнешні выгляд асуджаных рэгулюецца Крымінальна-выканаўчым кодэксам, Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых установаў і Пастановай Савета Міністраў ад 28 красавіка 2010 г. № 632. Згодна з гэтымі дакумэнтамі, вязьняў павінны забясьпечваць адзеньнем, сподняй бялізнай і абуткам паводле ўстаноўленых нормаў. Паводле гэтых нормаў, жанчынам павінны выдаваць: зімовы галаўны ўбор, хустку, ватовае паўпаліто, касьцюм (жакет і спадніца), сукенку, блузу, трыкатажныя нагавіцы, сарочку (майку), станік і майткі (у тым ліку ўцепленыя), баваўняныя і паўшарсьцяныя шкарпэткі, калготкі, туфлі, тапачкі, чаравікі, гумовыя боты (тым, хто працу на вуліцы ці ў халодных памяшканьнях).
Тым ня менш, як адзначаюць юрысты «Вясны», адміністрацыя калёніі «ўжывае нормы шырока», спрабуючы такім чынам ціснуць на асуджаных, а таксама прыцягвае іх да адказнасьці «за злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі», у выпадку нашэньня адзеньня не паводле ўстаноўленай формы.
«Узімку зьняволеныя часам замярзаюць, а ўлетку, нягледзячы на сьпёку, ня могуць распрануцца. Часам такія пакуты могуць быць расцэненыя як жорсткія, бесчалавечныя або прыніжальныя годнасьць абыходжаньне і пакараньні, — адзначаюць юрысты „Вясны“. — У выпадку, калі ў гарачы дзень чалавек захоча зьняць частку адзеньня або расшпіліцца, яго прыцягнуць да адказнасьці за парушэньне правілаў».
У якасьці пакараньня могуць ужыць зьмяшчэньне ў клетку або дысцыплінарнае спагнаньне: вымову, пазбаўленьне спатканьняў, зьмяшчэньне ў ШЫЗА ды іншае (арт. 112 КВК). У выпадку прыцягненьня цягам году да дысцыплінарнай адказнасьці некалькі разоў, чалавека могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы паводле арт.411 КК і дадаць тэрмін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» назвала новую колькасьць палітвязьняў за пэрыяд ад 2020 году