Беларускую сетку супэрмаркетаў для дзяцей «Бусьлік» (ТАА «ДПМ») прызналі банкрутам. Адпаведнае рашэньне суду разьмешчана ў Дзяржаўным адзіным рэестры зьвестак аб банкруцтве. Выданьне Myfin.by даведалася, што будзе з даўгамі кампаніі.
Згодна з рашэньнем суду, павінны адкрыць конкурснае вядзеньне, а ў кампанію прызначыць антыкрызіснага кіраўніка, які павінен правесьці інвэнтарызацыю і ацэнку ўсёй маёмасьці кампаніі да 24 кастрычніка 2024 году. Пасьля гэтага яе прададуць на публічных таргах і пачнуць выплаты крэдыторам.
У дакумэнтах суду ўказваецца кошт актываў кампаніі ў памеры 15,299 мільёна беларускіх рублёў пры наяўнай крэдыторскай запазычанасьці ў 30,287 мільёна рублёў.
Сярод даўгоў кампаніі — крэдыт у 3,95 мільёна даляраў ад «Альфа-Банку», а таксама абавязаньні перад пастаўшчыкамі з Расеі і Беларусі. Сярод пазоўнікаў з Расеі значацца вытворцы шапак, аптовыя прадаўцы цацак і падгузьнікаў і г.д. Іх заявы зарэгістравалі ў лютым, сакавіку і красавіку 2024 году ў судах некалькіх расейскіх рэгіёнаў (Масквы і Санкт-Пецярбургу, Растоўскай і Ленінградзкай абласьцей, Прыморскага краю).
Згодна зь беларускім заканадаўствам, у першую чаргу трапляюць патрабаваньні па выплатах з прычыны прычыненьня шкоды жыцьцю і здароўю, у другую чаргу — даўгі па заробках і выходнай дапамозе. У трэцяй чарзе — выплаты па запазычанасьці перад бюджэтам і дзяржаўнымі пазабюджэтнымі фондамі (падаткі, мытныя плацяжы і інш.) і абавязаньні, забясьпечаныя закладам (часьцей за ўсё — банкаўскія крэдыты), але толькі ў рамках сродкаў, выручаных ад рэалізацыі закладу. І, нарэшце, у чацьвёртай чарзе выплат аказваюцца астатнія крэдыторы.
Гісторыя сеткі крамаў «Бусьлік»
- Сетку «Бусьлік» заснаваў беларускі бізнэсовец Сяргей Місячэнка. Першая крама зьявілася ў Менску ў 2006 годзе. Праз 10 гадоў было ўжо больш за 40 крамаў. У 2018 годзе прыкладна 90% сеткі прадалі польскай кампаніі CDRL, Місячэнка застаўся на пасадзе кіраўніка кампаніі.
- Праблемы ў «Бусьліка» пачаліся ў 2023 годзе: выручка на працягу году падала, не паступіла плата за тавары з Польшчы, якія прадаваліся ў сетцы. Страты галаўной кампаніі ў сувязі з гэтым ацэньваліся ў 1,7 мільёна злотых (каля 1,4 мільёна беларускіх рублёў).
- Увосень 2023 году кампанія CDRL заявіла пра «страту кантролю» над даччыным прадпрыемствам у Беларусі і пагрозу яго банкруцтва. Тым ня менш, паводле зьвестак Адзінага дзяржаўнага рэгістру на 24 траўня 2024 году, польская фірма ўсё яшчэ мае 74,9% акцыяў «ДПМ», яшчэ 25,1% належаць беларускаму бізнэсоўцу Сяргею Місячэнку.
- У канцы студзеня 2024 году ўлады паведамлялі, што сетку плянуюць трансфармаваць. Пры гэтым брэнд захаваюць, а ў крамах будуць прадаваць беларускія тавары і адзеньне для дзяцей.
- У красавіку 2024 году стала вядома, што сетка крамаў «Бусьлік» больш не працуе. Тады ж паведамлялася, што дзесяць расейскіх кампаній і адзін ІП падалі ў розныя арбітражныя суды Расеі пазовы супраць «ДПМ» — так пастаўшчыкі спрабавалі вярнуць запазычанасьць.
- Раней сетка «Бусьлік» была найбуйнейшай у сэгмэнце дзіцячых тавараў у Беларусі. Цяпер у гэтым сэктары дамінуе «Детмир» — даччыная структура расейскага «Детского мира». У гэтай сеткі 38 крамаў у Беларусі. Таксама за месца «Бусьліка» на беларускім рынку гандлю дзіцячым адзеньнем вядзе барацьбу беларускі дзяржаўны «Сьвітанак Kids». Сваю першую краму ён плянаваў адкрыць сёлета 3 ліпеня ў Менску.