У траўні 2024 году 46% работнікаў Беларусі атрымалі намінальныя заробкі, меншыя за 1500 беларускіх рублёў, сьведчаць зьвесткі Белстату пра намінальныя налічаныя заробкі, якія прааналізаваў «Позірк».
У траўні 2024 году органы статыстыкі ўлічылі заробак 2 391 422 работнікаў Беларусі. Зь іх 1 099 403 работнікі (гэта 46%) атрымалі намінальныя заробкі, меншыя за 1500 беларускіх рублёў.
Намінальны заробак — агульная сума грошай, налічаная работніку за ягоную працу, да выліку падаткаў і іншых адлічэньняў. Намінальны заробак чалавек на рукі не атрымлівае, але ў Беларусі большасьць статыстычных разьлікаў, зьвязаных з заробкам, праводзяць з выкарыстаньнем менавіта намінальнай велічыні.
1500 беларускіх рублёў, паводле курсу Нацбанку на 6 жніўня, роўныя 485 далярам.
Аляксандар Лукашэнка прынамсі з 2005 году абяцае заробкі «па пяцьсот» даляраў. Больш за 10 гадоў таму, яшчэ падчас так званага Ўсебеларускага народнага сходу ў сьнежні 2010-га, Лукашэнка ўвогуле заяўляў: да канца пяцігодкі (2015 год) сярэдні заробак па краіне наблізіцца да 1000 даляраў у эквіваленце. Потым гэта паўтаралі чыноўнікі на ўсіх узроўнях, але абяцанага росту так і не адбылося.
Агулам намінальныя налічаныя заробкі ў Беларусі ў траўні 2024 году, паводле Белстату, выглядалі так:
- да 200 рублёў былі налічаныя 3531 работніку (0,1%),
- ад 200,1 да 1000 рублёў — 418 497 работнікам (15,5%),
- ад 1000,1 да 1500 рублёў — 677 375 работнікам (28,3%),
- ад 1500,1 да 2250 рублёў — 710 865 работнікам (29,7%),
- ад 2250,1 да 3 тысяч рублёў — 371 441 работніку (15,5%),
- ад 3000,1 да 5000 рублёў — 250 231 (10,5%),
- ад 5000,1 да 10 000 рублёў — 54 213 работнікам (2,3%),
- звыш 10 000 рублёў — 11 981 работніку (0,5%).
Паводле Белстату, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (даходы з улікам інфляцыі) у студзені — траўні 2024 году павялічыліся на 9,6% (месяцам раней — на 9,8%) у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2023-га.
Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта плянавымі) парамэтрамі разьвіцьця Беларусі на 2024 год, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасьці на 3,5%, рэальныя заробкі — на 3,9%, намінальны сярэднямесячны заробак павінен узрасьці да 2087 рублёў (у бюджэтным сэктары — да 1634).
Паводле зьвестак Белстату, спажывецкія цэны ад пачатку 2024 году вырасьлі на 3,4%, у гадавым выражэньні — на 5,8%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі — чарговы антырэкорд на рынку працы: у краіне не хапае 154 тысячы работнікаў