У Банглядэш на патрабаваньне пратэстоўцаў распусьцілі парлямэнт. Перад гэтым лідэры пратэсту вызначылі тэрмін для гэтага і папярэдзілі аб сур’ёзных наступствах, калі ўмова ня будзе выкананая.
Як паведаміла агенцтва Reuters, 6 жніўня зь лідэрамі пратэстаў мусіць сустрэцца галоўны вайскавод арміі Банглядэш генэрал Вакер-уз-Заман, каб абмеркаваць фармаваньне часовага ўраду, які, як чакаецца, правядзе выбары неўзабаве пасьля таго, як прыме на сябе паўнамоцтвы.
Пакуль незразумела, ці адбылася такая сустрэча.
5 жніўня генэрал Вакер-уз-Заман абвясьціў аб адстаўцы прэм’ер-міністаркі Банглядэш Шэйх Хасіны пасьля некалькіх дзён студэнцкіх пратэстаў супраць квотаў на дзяржаўныя пасады. Пратэсты ператварыліся ў шырокую кампанію за адхіленьне Хасіны.
Каля 300 чалавек загінулі і тысячы атрымалі раненьні ў выніку сутыкненьняў, якія ахапілі краіну. Гэта найбольш гвалтоўныя падзеі ў Банглядэш пасьля вайны за незалежнасьць ад Пакістану ў 1971 годзе.
Лідэры студэнцкіх пратэстаў заявілі, што хочуць прызначыць ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Мухамада Юнуса галоўным дарадцам часовага ўраду, і ён нібыта пагадзіўся з такой прапановай.
Паводле папярэдняй інфармацыі, цяпер Шэйх Хасіна знаходзіцца ў Індыі.
Міністэрства замежных справаў Беларусі пасьля паведамленьняў аб сутыкненьнях 5 жніўня заклікала беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Банглядэш, паводзіцца гранічна асьцярожна, «не пакідаць без асаблівай патрэбы месца свайго жыхарства, няўхільна выконваць указаньні мясцовых уладаў».
Па тэрміновую дапамогу беларусы могуць зьвярнуцца ў амбасаду Беларусі ў Індыі на тэлефон +91 99 99 466 445.
5 жніўня падчас пратэстаў і сутыкненьняў прэм’ер-міністарка Банглядэш Шэйх Хасіна праз 15 гадоў кіраваньня пайшла ў адстаўку і пакінула краіну. Неўзабаве пасьля гэтага галоўны вайскавод арміі Банглядэш генэрал Вакер-уз-Заман абвясьціў аб плянах зьвярнуцца да прэзыдэнта па параду наконт стварэньня часовага ўраду. Ён паабяцаў, што вайскоўцы адступяць і пачнуць расьсьледаваньне крывавых рэпрэсіяў, якія выклікалі абурэньне урадам. Ён папрасіў грамадзян даць час для аднаўленьня міру.