Унутранае расьсьледаваньне Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў прыйшло да высновы, што дзевяць з 19 палестынскіх супрацоўнікаў, абвінавачаных Ізраілем, «магчыма, былі датычныя» да тэрарыстычных нападаў 7 кастрычніка на поўдні Ізраілю, у той час як у дачыненьні да 10 іншых доказаў ня знойдзена або недастаткова.
«Працаўладкаваньне гэтых асобаў будзе спынена ў інтарэсах агенцтва», — заявіў журналістам намесьнік прэс-сакратара ААН Фарган Гак, гаворачы пра вынікі месячнага расьсьледаваньня, паведаміў «Голас Амэрыкі».
Усе 19 былі нанятыя гуманітарнай арганізацыяй UNRWA — агенцтвам ААН, якое дапамагае палестынскім уцекачам.
Гак сказаў, што ў астатніх 10 справах, расьсьледаваных Бюро службаў унутранага нагляду (OIOS), было «недастаткова» доказаў, якія пацьвярджаюць абвінавачаньні ў адрас дзевяці супрацоўнікаў, і «ніякіх доказаў» абвінавачаньняў супраць дзясятага.
«У гэтых дзесяці выпадках адпаведныя захады прымуць у належны час адпаведна нормам і правілам UNRWA», — сказаў Гак, не ўдакладняючы дэталяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар ААН Гутэрыш заклікаў аднавіць дапамогу Газе пасьля скандалу з дапамогай ХАМАС26 студзеня генэральны камісар UNRWA Філіп Лядзарыні неадкладна звольніў дзевяць з 12 асобаў, якіх Ізраіль першапачаткова абвінаваціў ува ўдзеле ў кастрычніцкіх тэрарыстычных нападах, і было пачата ўнутранае расьсьледаваньне. Тады службоўцы заявілі, што пацьверджана гібель аднаго супрацоўніка і яны высьвятляюць асобы яшчэ двух.
UNRWA паведаміла, што атрымала інфармацыю ад ізраільскіх уладаў яшчэ пра пяць выпадкаў такога ўдзелу ў сакавіку і два ў красавіку, якія далучылі да расьсьледаваньня OIOS.
Калі ў канцы студзеня зьявіліся навіны пра абвінавачаньні, больш за тузін дзяржаваў-донараў, у тым ліку найбуйнейшы фундатар ААН, Злучаныя Штаты, прыпынілі фінансавую падтрымку UNRWA, якая мела абавязак быць на перадавой у Газе і дапамагаць больш чым 2 мільёнам палестынцаў у сэктары.
Прадстаўнік Ізраілю пры ААН пакрытыкаваў на плятформе X высновы справаздачы: «занадта мала і занадта позна». Гіляд Эрдан паўтарыў заклік да закрыцьця UNRWA і адстаўкі генэральнага сакратара ААН.
7 кастрычніка 2023 году баевікі ХАМАС прарвалі мяжу з Ізраілем, забілі і ўзялі ў закладнікі многіх ізраільцянаў. З таго часу Армія абароны Ізраілю праводзіць апэрацыю ў сэктары Газа з бамбаваньнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Ізраілю адказаў на пагрозы прэзыдэнта Турэччыны, прыгадаўшы Эрдагану лёс Садама Хусэйна