72% палякаў падтрымліваюць закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю

На дарозе на польскім баку перад памежным пераходам Баброўнікі — Бераставіца, архіўнае фота.

72% жыхароў Польшчы падтрымліваюць ідэю закрыць усе памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю, супраць — 21% рэспандэнтаў, паведаміла 5 жніўня Польскае тэлебачаньне са спасылкай на ліпеньскае дасьледаваньне Цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі.

Пра гэта інфармуе агенцтва «Позірк».

Прыкладна столькі ж, 73% апытаных, выступаюць супраць прадстаўленьня прытулку ў краіне мігрантам, якія перасякаюць мяжу зь Беларусьсю. Сярод моладзі гэты паказьнік дасягае 79%.

84% рэспандэнтаў падтрымалі зацьверджаны польскімі заканадаўцамі ў ліпені законапраект, які выключае крымінальную адказнасьць за прымяненьне вайскоўцамі зброі або сродкаў прамога прымусу, калі яны прымяняліся «ў мэтах адбіцьця прамога замаху на жыцьцё, здароўе або свабоду гэтага вайскоўца або іншай асобы, а таксама процідзеяньня дзейнасьці, якая вядзе да нападу».

Падчас апытаньня, праведзенага 5-7 ліпеня польскім Інстытутам рыначных і сацыяльных дасьледаваньняў, 71,8 працэнта грамадзян падтрымалі магчымае закрыцьцё чыгуначных пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю.

З 13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы дзейнічае буфэрная зона, тэрмін якой пакуль вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, пасьля яе ўвядзеньня колькасьць спроб нелегальнага перасячэньня мяжы зь Беларусьсю скарацілася больш як на 70 працэнтаў.

  • Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку — Бераставіца). Адкрытым застаецца пункт пропуску Цярэспаль (Берасьце).
  • Зь вясны 2021 году на мяжы Беларусі і Эўразьвязу працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі хацелі абмяняць Пачобута на Латушку, — былы польскі міністар унутраных справаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня ведалі пра абмен вязьняў і ня ўдзельнічалі ў ім». Ціханоўская на адкрыцьці канфэрэнцыі «Новая Беларусь»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працэдуры вызваленьня беларускіх палітвязьняў ідуць іншым шляхам, — кіраўнік МЗС Польшчы Сікорскі