Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад ураду распрацаваць захады, каб «максымальна захаваць аб’ёмы вытворчасьці і экспарту» тытунёвай прадукцыі.
Да ўвядзеньня санкцый у 2021 годзе праз фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, жорсткі разгон акцый пратэсту і палітычныя рэпрэсіі тытунёвая прамысловасьць была адно з самых рэнтабельных у Беларусі.
«Тытунёвая галіна па-ранейшаму застаецца адной з значных крыніц папаўненьня бюджэту. Па выніках 2023 году — 2,5 мільярда рублёў. Але гэта было ўчора. Сёньняшнія тэндэнцыі ня могуць не насьцярожваць», — паведаміў Лукашэнка.
Відэазапіс ягонай прамовы на нарадзе ў пытаньнях «удасканаленьня парадка вытворчасьці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў у краіне» апублікавалі ў Telegram-канале «Пул первого», які зьвязваюць з прэсавай службай Лукашэнкі.
«Прычыны могуць быць розныя, але неабходна распрацаваць захады, каб зыходзячы з інтарэсаў дзяржавы і працоўных калектываў, па максымуме захаваць аб’ёмы вытворчасьці і экспарту», — заявіў Лукашэнка.
У той жа час ён папярэдзіў адказнасьцю тых прадстаўнікоў ураду, прадпрыемстваў і мясцовых уладаў, якія «нагнятаюць сытуацыю».
«Той, хто нагнятае, пойдзе даіць кароў, калі іх возьмуць у сельскую гаспадарку», — паабяцаў Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьявіўся яшчэ адзін вытворца цыгарэт, два іншыя знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыяміШто папярэднічала
У Беларусі два буйныя вытворцы тытунёвых вырабаў: горадзенская фабрыка «Нёман» (70–80% прадукцыі) і прыватная кампанія «Табак-Інвест» у Менску (каля 20% рынку). У 2008–2011 гадах аб’ём вытворчасьці тытунёвых вырабаў у Беларусі павялічыўся на 11% у год.
У жніўні 2018 году кампанія бізнэсоўца Аляксея Алексіна «Энэрга-Оіл» атрымала аднаасобнае права на продаж тытунёвых вырабаў Горадзенскай фабрыкі «Нёман» гуртам і ўраздроб на ўнутраным і зьнешнім рынках.
Квота выпуску цыгарэт у Беларусі перавышае патрэбы ўнутранага рынку. Напрыклад, у 2017 годзе пры ёмістасьці рынку 20 мільярдаў цыгарэт выпуск складаў 29 мільярдаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зарабляе дзясяткі мільёнаў фунтаў на кантрабандзе тытуню ў Брытанію, — СМІАфіцыйную статыстыку аб дзейнасьці тытунёвай прамысловасьць не публікуюць з 2016 году.
Паводле Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця, легальны экспарт тытунёвых вырабаў зь Беларусі ацэньваецца ў некалькі мільёнаў эўра на год, прадаюць у асноўным у Грузію і Азэрбайджан.
Пры гэтым да 2020 году у Эўропе і Ўкраіне ўсё часьцей лавілі нелегальныя партыі беларускіх цыгарэт. У 2020 годзе на мяжы з Латвіяй спынілі 72 мільёны незадэкляраваных цыгарэт — гэта на 23,7% больш, чым у 2019-ым.
У той жа год літоўская мытня затрымала больш за 13,1 мільёна пачкаў кантрабандных цыгарэт — гэта па 5 пачкаў на кожнага жыхара краіны. Яны амаль усе былі беларускай вытворчасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі тытунь выбіўся ў лідэры кантрабанды ва Ўкраіну і транзытам празь яе тэрыторыюПаводле інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, з пачатку 2020 году кантрабандысты спрабавалі пераправіць празь мяжу амаль 12 мільёнаў пачак цыгарэт. Большую іх частку — 7,4 мільёна пачак — выявілі ў марскіх пунктах пропуску. І часьцей за ўсё гаворка ішла пра цыгарэты беларускай вытворчасьці. У 2022 годзе, калі ўжо пачалася вайна, праваахоўныя органы Ўкраіны раскрылі «ваенную» схему кантрабанды тытуню зь Беларусі праз Эўропу на ўкраінскую тэрыторыю.
У чэрвені 2021 году Эўразьвяз увёў сэктаральныя санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку забараніў пастаўку ў Беларусь прадукцыі, сыравіны і абсталяваньня для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, а таксама абсталяваньня для падрыхтоўкі і прыгатаваньня тытуню.
Цяпер, як сказаў Аляксандар Лукашэнка, заводам удалося «нівэляваць наступствы санкцый і забясьпечыць сябе сыравінай і матэрыяламі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне актывісты патрабуюць расьсьледаваць дзейнасьць беларускага «караля кантрабанды»