Урад Малі абвясьціў пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў з Украінай праз «падтрыманьне дзеяньняў плямёнаў туарэгаў», якія нядаўна зьнішчылі калёну малійскіх вайскоўцаў і расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр».
У сваёй заяве урад Малі абвінаваціў Украіну ў падтрыманьні «тэрарызму ў Афрыцы, у прыватнасьці, у Малі», у парушэньні сувэрэнітэту краіны, у «агрэсіі супраць Малі», у «парушэньні міжнароднага права, уключаючы Статут ААН».
Улады Малі патлумачылі сваё рашэньне тым, што прадстаўнік украінскай вайсковай выведкі Андрэй Юсаў «прызнаў датычнасьць» Кіева да зьнішчэньня вагнэраўцаў.
Міністэрства замежных справаў Сэнэгалу таксама выклікала ўкраінскага амбасадара Юрыя Піваварава праз публікацыю на старонцы амбасады Ўкраіны ў Facebook пра нібыта падтрымку туарэгаў у Малі.
Прадстаўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Андрэй Юсаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону 29 ліпеня заявіў, што паўстанцы ў Малі атрымалі неабходную інфармацыю, якая дапамагла ім правесьці апэрацыю супраць наймітаў ПВК «Вагнэр».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малі меркавана загінулі расейскія найміты ПВК «Вагнэр»Што папярэднічала
28 ліпеня агенцтва Reuters паведаміла, што страты з боку малійцаў маглі скласьці два чалавекі, а з боку наймітаў — сама меней 20 чалавек.
Малійская ўзброеная кааліцыя «Пастаяннае стратэгічнае партнэрства за мір, бясьпеку і разьвіцьцё» (CSP-PSD), апазыцыйная афіцыйным уладам, заявіла, што ў выніку баёў, якія доўжыліся з 25 ліпеня, непадалёк ад паселішча Тын-Заўатын на мяжы з Альжырам, яна захапіла аўтамабілі і бранятэхніку, якія належалі войскам ураду Малі і іхным расейскім хаўрусьнікам. Прадстаўнікі кааліцыі сказалі, што частка малійскіх вайскоўцаў і расейскіх наймітаў, якія засталіся ў жывых, уцяклі, а астатнія здаліся ў палон.
Міністэрства абароны Малі пацьвердзіла, што ў выніку сутыкненьняў на поўначы краіны забітыя двое вайскоўцаў і 10 параненыя. Таксама ведамства заявіла, што забітыя прынамсі 20 нападнікаў з боку паўстанцаў.
Расейскія каналы, зьвязаныя з ПВК «Вагнэр», апублікавалі фатаздымкі з Малі. На іх целы забітых і згарэлая тэхніка. Былы супрацоўнік місіі ААН у горадзе Кідаль на поўначы Малі заявіў агенцтву AFP, што сама меней 15 расейскіх наймітаў забітыя альбо ўзятыя ў палон пасьля трохдзённага бою. Удзельнік сэпаратысцкага руху туарэгаў Моса Аг-Інзома сьцьвярджае, што ідзецца пра «многія дзясяткі» забітых і ўзятых у палон, паведамляла расейская служба ВВС.
Таксама расейскія Telegram-каналы, зьвязаныя з наймітамі ў Афрыцы, напісалі пра гібель у Малі вядомага Z-блогера, аўтара Youtube-каналу Grey Zone з пазыўным «Белы». Як мяркуецца, гэта 31-гадовы ўраджэнец Ліпецкай вобласьці Мікіта Фядзянін. «Загінуў годна, са зброяй у руках», — пішуць пра яго ўльтраправыя каналы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ПВК «Вагнэр» пацьвердзілі гібель сваіх наймітаў у Малі29 ліпеня ў ПВК «Вагнэр» пацьвердзілі гібель сваіх наймітаў у Малі, у тым ліку камандзіра 13-га штурмавога атраду Сяргея Шаўчэнкі і яшчэ часткі наймітаў. У выніку баёў, якія працягваліся з 22 да 27 ліпеня каля паселішча Тын-Заўатын, урэшце засталіся толькі тры чалавекі, але і іхны лёс невядомы.
З 2012 году сытуацыя ў Малі нестабільная з прычыны актыўнасьці радыкальных сэпаратысцкіх груповак. У 2022 годзе ў выніку вайсковага перавароту да ўлады ў краіне прыйшла хунта на чале з палкоўнікам Асімі Ґоіта. Ён утрымлівае ўладу ў тым ліку дзякуючы ўдзелу ўзброеных структураў, зьвязаных з расейскай ПВК «Вагнэр».
Зь лютага 2023 году прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр» аднавіла пасьля гадавога перапынку набор наймітаў для адпраўленьня ў Афрыку — як відаць з публікацыяў у Telegram-каналах, зьвязаных з «Вагнэрам», з гэтага часу пачалі набіраць байцоў для ўдзелу ў апэрацыях у Малі ў Заходняй Афрыцы. Набор пачалі праводзіць сярод грамадзян ня толькі Расеі, але і Беларусі. Паводле зьвестак журналістаў, з наймітаў фармавалі штурмавыя атрады, а частку зь іх накіроўвалі ў атрад кіраваньня дронамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПВК «Вагнэр» аднавіла набор наймітаў для адпраўкі ў Афрыку. Стала вядома, хто гэтым займаецца ў Беларусі