«Для краіны ЭЗ непрымальна практычна бескантрольна пускаць расейцаў у краіну», — заявіў кіраўнік МУС фэдэральнай зямлі Брандэнбург Міхаэль Штубґэн, якога цытуe DW. Ён заклікаў да кантролю на ўсіх межах Эўразьвязу з Вугоршчынай, падкрэсьліўшы, што заканадаўства ЭЗ дазваляе зрабіць гэта. Міністар заявіў, што цяпер да гэтага ўжо заклікаюць суседзі Вугоршчыны па ЭЗ — Аўстрыя, Харватыя, Славаччына і Румынія.
Такую пазыцыю падтрымлівае і лідэр кансэрватараў у Эўрапарлямэнце Манфрэд Вэбэр. «Той, хто пускае расейцаў у ЭЗ без праверкі, ставіць пад пагрозу бясьпеку Эўропы. Шпіёны і забойцы Пуціна ўжо нанесьлі вялікую шкоду ЭЗ і Нямеччыне», — заявіў ён у інтэрвію газэце Bild am Sonntag, удакладніўшы, што кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ будуць абавязаныя высьветліць гэтае пытаньне на найбліжэйшым саміце.
Раней Манфрэд Вэбэр ужо накіраваў у Раду Эўразьвязу ліст, у якім выказаў асьцярогі з нагоды рашэньня Будапэшту.
- На пачатку мінулага месяца, пасьля таго як Вугоршчына прыняла на сябе старшынства ў Эўрапейскім Зьвязе, Будапэшт апублікаваў падрабязнасьці так званай нацыянальнай карты, новай паскоранай візавай сыстэмы для грамадзян васьмі краін, у тым ліку Расеі й Беларусі, для ўезду ў Вугоршчыну без праверак бясьпекі або іншых абмежаваньняў.
- Раней такая магчымасьць была толькі для грамадзян Сэрбіі і Ўкраіны. Зараз праграму пашырылі таксама на Беларусь, Расею, Чарнагорыю, Малдову, Босьнію і Герцагавіну, Паўночную Македонію. Гэта аналяг працоўнага дазволу на жыхарства, які выдаецца на 2 гады тым, хто хоча працаваць у Вугоршчыне. Уладальнікі нацыянальнай карты змогуць перавезьці ў Вугоршчыну і сваіх сямейнікаў.