«Мы ня ведалі пра абмен вязьняў і ня ўдзельнічалі ў ім». Ціханоўская на адкрыцьці канфэрэнцыі «Новая Беларусь»

Сьвятлана Ціханоўская на адкрыцьці канфэрэнцыі «Новая Беларусь — 2024» у Вільні

У Вільні 3 ліпеня пачалася канфэрэнцыя «Новая Беларусь — 2024», якая сабрала каля 300 чалавек. Падчас прывітальнай прамовы лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Сьвятлана Ціханоўская, сярод іншага, пракамэнтавала нядаўні абмен вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду, у які не патрапілі беларускія палітвязьні.

Канфэрэнцыю «Новая Беларусь — 2024» трансьлююць онлайн. У Офісе Ціханоўскай нагадваюць пра меры бясьпекі, раючы тым, хто глядзіць трансьляцыю зь Беларусі, ня ставіць падабайкі і не камэнтаваць яе з асабістых акаўнтаў.

Падчас свайго выступу Сьвятлана Ціханоўская падзякавала тым, хто прымае актыўны ўдзел у працы дэмакратычных сілаў. Паводле Ціханоўскай, калі яна рыхтавалася да выступу, дык паспрабавала ацаніць, наколькі шмат зроблена за гэты палітычны год і «сама была ўражаная». Атрымалася ня ўсё, але «сапраўды нямала», адзначыла Ціханоўская і пералічыла тых прадстаўнікоў дэмакрытычных сілаў і актывістаў, з каго, на яе думку, можна браць прыклад і кім натхняцца.

«Але асабліва я ўдзячная тым ініцыятывам, якія дапамагаюць палітвязьням: перадаюць туды іх любімыя рэчы, ежу, паштоўкі, сродкі гігіены і касмэтыку. Многія не ўяўляюць, як могуць за кратамі ўзрадаваць каляровыя шкарпэткі і памада? А нашыя палітвязьні ўяўляюць», — адзначыла Ціханоўская.

Яна падкрэсьліла, што ўдзячная і тым, хто змагаецца за вызваленьне «нашых родных са зьняволеньня» і ў сувязі з гэтым узгадала нядаўні абмен палітвязьняў паміж Расеяй і краінамі Захаду, у які не ўключылі беларускіх палітвязьняў.

«Шмат хто з нас спадзяваўся, што ў сьпісах мы ўбачым сярод імёнаў Марыю Калесьнікаву, Анджэя Пачобута ці Ігара Лосіка. Але, нягледзячы на ўсе намаганьні, цуду ня здарылася. Упэўнена, што сёньня часта мы будзем вяртацца да гэтай тэмы. Папярэджваючы ўсе пытаньні, адкажу: мы ня ведалі і ня ўдзельнічалі ў працэсе гэтых перамоваў, каб паўплываць на іх вынікі», — заявіла Ціханоўская.

У той жа час Ціханоўская выказала ўпэўненасьць, што сам факт такога абмену зьяўляецца «важным прэцэдэнтам, які нам дапаможа ў вызваленьні беларусаў у будучыні».

«Гэта таксама магчымасьць зьвярнуць увагу сьвету на сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі, — сказала Ціханоўская. — Тут сёньня з намі шмат дыпляматаў, якія працуюць зь Беларусьсю. Для іх, як і для нас з вамі, пытаньне палітвязьняў зьяўляецца прыярытэтам нумар адзін. Я ўпэўненая, што разам мы зможам знайсьці спосабы і мэханізмы, каб выцягнуць нашых людзей з турмаў».

Паводле Ціханоўскай, перад удзельнікамі канфэрэнцыі стаіць шмат задач, галоўная зь якіх — абмеркаваць стратэгію дзеяньняў на 2025 год: падчас чарговых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, па вызваленьні палітвязьняў, па дапамозе беларусам у выгнаньні, умацаваньні сувязі паміж беларусамі ўнутры краіны і тымі, хто выехаў, паміж грамадзянскай супольнасьцю і палітыкамі, а таксама па захаваньні незалежнасьці Беларусі.

  • Канфэрэнцыя «Новая Беларусь 2024» праходзіць у Вільні 3-4 жніўня. Яна ўключае ў сябе пяць панэляў і дыскусіяў. Чакаецца, што на ёй могуць абвясьціць пра кадравыя зьмены ў Аб’яднаным пераходным кабінэце, які за апошні час пакінулі два прадстаўнікі — Валер Сахашчык і Валер Кавалеўскі.
  • Раней аб'яднаньне былых сілавікоў ByPol са спасылкай на інфармацыю ад «нямецкіх калег» заявіла, што яму вядома пра «актывізацыю агентурна-выведвальнай дзейнасьці КДБ Беларусі» ў пэрыяд правядзеньня канфэрэнцыі «Новая Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». З чым дэмакратычныя сілы прыйшлі да канфэрэнцыі «Новая Беларусь»? Тлумачыць палітоляг
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чым хваліцца, калі многія праекты нічым не завяршыліся», — Паўлюк Быкоўскі пра галоўныя тэмы канфэрэнцыі «Новая Беларусь»