Урад даў «Беларусбанку» гарантыі па крэдытах Беларускай біятэхналягічнай карпарацыі, зьвязанай зь сям’ёй Бакіева

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка і зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў. Менск, 2019 год

Урад Беларусі прадставіў «Беларусбанку» гарантыі па крэдытах Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі (БНБК). Пастанова апублікаваная на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Частка інфармацыі аб крэдытах прадпрыемству знаходзіцца пад грыфам «для службовага карыстаньня». У пастанове гаворыцца толькі пра крэдыт у 15,3 млн беларускіх рублёў для закупкі прадукцыі расьлінаводзтва ўраджаю 2024 году. Плата за наданьне гарантыі беларускага ўраду складзе 0,01%.

Што вядома пра карпарацыю

Беларускую нацыянальную біятэхналягічную карпарацыю (БНБК) па вытворчасьці камбікорму і прэміксаў заснавалі ў 2016 годзе, будаваць яе пачалі ў 2019 годзе ў Пухавіцкім раёне. Паведамлялася, што пад гэты праект кітайскі «Эксімбанк» выдзеліў ільготны крэдыт на 620 млн даляраў.

БНБК — кампанія зь дзяржаўным і прыватным капіталам. Беларускай дзяржаве належыць толькі 25% акцыяў кампаніі. Асноўнымі ўладальнікамі карпарацыі зьяўляюцца замежныя кампаніі: сярод іх дзьве кітайскія кампаніі (гэта СITIC International Investments, якая выступіла генпадрадчыкам на праекце, і COFCO Corporation), дзьве — з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў (Al Salaam Biotech Investments Ltd. і Al Ziad Agro Investments Ltd.) і дзьве шатляндзкія кампаніі (Maxforse LP і Altastar LP), яшчэ 1% належыць расейскаму інвэстару.

Дырэктарам карпарацыі быў прызначаны Данііл Урыцкі, у якім у Кіргізстане апазналі зьбеглага былога прэм’ера Кіргізстану Даніяра Ўсенава (на радзіме яго чакае пажыцьцёвае зьняволеньне за саўдзел у забойстве дэманстрантаў у 2010 годзе). Паводле ранейшай інфармацыі СМІ, Даніяр Усенаў жыве ў Беларусі.

Ключавым уласьнікам шатляндзкіх афшораў — трымальнікам акцый кампаній зьяўляецца Асылбек Саліеў, пляменьнік зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Ён таксама хаваецца ў Беларусі. Паводле ранейшых зьвестак Tut.by, сярод акцыянэраў таксама могуць быць сам Курманбек Бакіеў і яго сыны Марат і Максім. Сямʼя Бакіева на запрашэньне Лукашэнкі пражывае ў Беларусі з 2010 году. Ён, ягоны брат і малодшы сын знаходзяцца ў міжнародным вышуку.

У 2023 годзе ў Раду дырэктараў БНБК увайшоў дарадца кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава Леў Грогаў.

У сьнежні 2023 году Лукашэнка прызнаў праблемы ў БНБК, заявіўшы пра «істотныя недапрацоўкі і праблемы з загрузкай магутнасьцяў завода, збытам гатовай прадукцыі». Ён папрасіў урад прадставіць «дакладны альгарытм ліквідацыі ўсіх наяўных недапрацовак» і забесьпячэньня фінансавай устойлівасьці прадпрыемства, назваўшы яго важным «іміджавым праектам» і адзначыўшы: «Вы ведаеце, у што ён абышоўся ня толькі мне, але і дзяржаве».

Пасьля гэтага ўрад Беларусі прызначыў свайго прадстаўніка ў кіраўніцтве БНБК, а Мінсельгасхарч рашэньнем ураду атрымаў права павялічваць статутны фонд БНБК шляхам эмісіі акцыяў дадатковага выпуску. Міністэрству таксама далі права прымаць «іншыя рашэньні» для выкананьня загаду Лукашэнкі, якія — у пастанове не ўдакладняецца. У выпадку выпуску дадатковых дзяржаўных акцыяў, за кошт якіх будзе павялічвацца статутны фонд прадпрыемства, вырасьце і доля дзяржавы ў БНБК. Па сутнасьці, гэта можа прывесьці да павольнага «адцісканьня» прыватнага бізнэсу на карысьць дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў праблемы ў Беларускай біятэхналягічнай карпарацыі. Гэты бізнэс зьвязаны з Бакіевым