Беларус Іван Літвіновіч заваяваў залаты мэдаль на XXXIII летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы.
У адборы, у якім выступілі 16 атлетаў, Літвіновіч набраў 63,420 бала і зь першага месца выйшаў у вырашальны турнір. Да выхаду беларуса на батут найлепшы вынік меў кітаец Ван Зісай (61,890), але беларус быў ацэнены судзьдзямі яшчэ вышэй – на 63,090.
23-гадовы ўраджэнец Вілейкі стаў двухразовым алімпійскім чэмпіёнам: тры гады таму ў Токіё Іван таксама быў найлепшым.
Раней сёньня ўладальніцай сярэбранага мэдаля ў дзяўчат стала 19-гадовая магіляўчанка Віялета Бардзілоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы мэдаль беларусаў на Алімпіядзе ў Парыжы: Віялета Бардзілоўская заваявала срэбра ў скачках на батуцеЗь Беларусі на гэтых гульнях выступаюць 17 спартоўцаў.
- Роварны спорт: Ганна Церах.
- Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
- Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
- Дужаньне: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў.
- Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
- Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
- Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
- Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
- Тэквандо: Георгі Гурцыеў.
Беларускія спартоўцы выступаюць на Алімпіядзе ў нэўтральным статусе. Абмежавальныя захады ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.