Лукашэнка расказаў, чаго ён просіць у Бога наконт здароўя

Аляксандар Лукашэнка ў раёне, пацярпелым ад урагану, 2 жніўня 2024

Аляксандар Лукашэнка ў часе размовы з жыхарамі аграгарадку Прудок пракамэнтаваў чуткі аб сваім здароўі.

Пра гэта паведамляе агенцтва «Менск-Навіны».

Лукашэнка лічыць, што плёткі пра кепскі стан ягонага здароўя распускаюць «зьбеглыя». Так Лукашэнка называе сваіх апанэнтаў за мяжой.

«Яны ж да прэзыдэнцкіх выбараў таксама рыхтуюцца. Выпрацавалі праграму: перш за ўсё трэба паказаць, што прэзыдэнт абакраў усіх. Забярыце мае грошы. Кажуць, у Эміратах — паедзьце, забярыце. Цяпер грошы схаваць немагчыма. Некаторыя людзі прызвычаіліся разважаць так: калі чалавек ва ўладзе, то ён абавязкова недзе нешта крадзе. Факты на стол. Калі вы мяне ў нечым вінаваціце, дык вы дакажыце гэта. Другую тэму ўзялі: калі „злодзей“ не праходзіць, значыць, здароўе — памірае. Мяне хаваюць ужо гадоў 25 дакладна. Ды я не зьбіраюся (паміраць. — РС). Я ў Бога прашу толькі аднаго: каб і надалей так было са здароўем», — адзначыў Лукашэнка.

Аднак Лукашэнка прызнаўся, што часам у яго баліць нага, але гэта, маўляў, не страшна, бо можна і не хадзіць, а езьдзіць.

«Я не кажу, што ідэальна. Ну, часам кульгаю, нага баліць. Ня могуць мне сустаў адрамантаваць. Ну, я думаю, для прэзыдэнта гэта не так страшна. Дзе не пройдзеш, там праедзеш. Са здароўем – цьху-цьху. Я калі ляпну языком, што здароўе нармальнае, абавязкова што-небудзь здарыцца», – прыводзіць словы Лукашэнкі «Наша ніва».

  • На фатаздымках прэсавай службы прэзыдэнта РФ зь нядаўняй сустрэчы Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у Расеі на Валааме было бачнае атлусьценьне Лукашэнкі.
  • 5 ліпеня сёлета на тэлеканале «Дождь» зьявілася інфармацыя, што стан Лукашэнкі падчас візыту на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане стаў «рэзка пагаршацца на вачах ва ўдзельнікаў» форуму.
  • Летась 9 траўня Лукашэнка ўдзельнічаў у сьвяткаваньні Дня Перамогі ў Маскве. У яго была перабінтаваная рука, да Вечнага агню яго падвезьлі на кары. Пасьля яго вяртаньня на сьвяткаваньні замест яго выступіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Коммерсантъ»: Лукашэнку да магілы Нявядомага салдата перавезьлі на электракары для вэтэранаў