Канцлер Нямеччыны назваў сустрэчу зь вязьнямі зь Беларусі і Расеі кранальнаю. Курмашава, Гершковіч і Ўілан ужо ў ЗША

Сустрэча палітвязьняў у ЗША. 2 жніўня 2024 году

Пуцін паабяцаў узнагародзіць расейцаў, якіх перадалі эўрапейскія краіны і ЗША.

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц (Olaf Scholz) «вельмі грунтоўна» паразмаўляў з палітычнымі вязьнямі зь Беларусі і Расеі пасьля іх прылёту ў аэрапорт Кёльн/Бон і назваў гэтую сустрэчу «кранальнаю».

Як паведаміла выданьне Deutsche Welle, пра гэта Шольц расказаў у другой за ноч з 1 на 2 жніўня заяве для прэсы ў сувязі зь вялікім абменам паміж Расеяй, Беларусьсю і краінамі Захаду, які стаў найбольш маштабным з часоў халоднай вайны.

Оляф Шольц паведаміў, што ўсе фармальнасьці, зьвязаныя з прыездам палітвязьняў у Нямеччыну, ужо вырашаныя, і ў «найбліжэйшыя дні гаворка будзе ісьці пра тое, каб надаць ім дапамогу ў справе здароўя і ўсю неабходную падтрымку».

Паводле яго, многія вязьні «не разьлічвалі на тое, што адбылося цяпер», іх дагэтуль перапаўняюць пачуцьці, зьвязаныя з тым, што яны ўсё ж так нечакана апынуліся на свабодзе».

«Многія зь іх асьцерагаліся ня толькі за сваё здароўе, але і за сваё жыцьцё — і пра гэта варта дакладна сказаць. Таму так важна, каб цяпер мы забясьпечылі ім абарону тут», — дадаў Шольц.

Канцлер Нямеччыны назваў абмен правільным рашэньнем.

«Я мяркую, што гэта правільнае рашэньне, і калі нехта меў нейкія сумневы, то яны зьнікнуць пасьля сустрэчы з тымі, хто цяпер на свабодзе. Наша грамадзтва характарызуецца гуманізмам, ідэяй свабоды асобы, а таксама дэмакратыяй. Той факт, што тыя, каму даводзіцца асьцерагацца за сваё жыцьцё, бо яны змагаліся за дэмакратыю і свабоду, могуць разьлічваць на абарону іншых людзей, ёсьць часткаю нашага самаўспрыманьня як дэмакратычнага і гуманістычнага грамадзтва», — падкрэсьліў Оляф Шольц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін загадаў — Лукашэнка выканаў? Чаму міжнародны абмен вязьнямі адбыўся безь беларусаў

У ЗША вязьняў сустрэлі прэзыдэнт і віцэ-прэзыдэнтка

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс прывіталі Алсу Курмашаву, Эвана Гершковіча і Пола Ўілана пасьля таго, як самалёт зь імі прызямліўся на аб’яднанай базе Эндрус пад Вашынгтонам, акруга Калюмбія. Уладзімір Кара-Мурза, які мае «зялёную карту» на жыхарства ў ЗША, пакуль застаўся ў Нямеччыне і прыляціць у Амэрыку пазьней.

Першым з самалёта выйшаў Уілан, потым Гершковіч і Курмашава. Іх сустрэлі воплескамі. Кожны зь іх па чарзе абняўся спачатку з Джо Байдэнам і Камалай Гарыс, а потым са сваякамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Грандыёзны абмен вязьнямі. Але чаму без беларусаў

Пуцін паабяцаў узнагародзіць расейцаў, асуджаных у Эўропе і ЗША

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін таксама асабіста сустракаў у аэрапорце самалёт з вызваленымі расейцамі ў выніку абмену.

«Найперш хачу вас павіншаваць зь вяртаньнем на радзіму. Зараз хачу зьвярнуцца да тых з вас, якія маюць наўпроставае дачыненьне да вайсковай службы. Хачу падзякаваць вам за вернасьць прысязе, свайму доўгу і Радзіме, якая ні на хвіліну пра вас не забывала. І вось вы дома. Вы будзеце прадстаўленыя да дзяржаўных узнагарод», — заявіў расейскі прэзыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захад і Расея абмяняліся вязьнямі. Сярод іх — журналістка Радыё Свабода Алсу Курмашава