У Магілёве дзьве жанчыны езьдзілі на матацыклах у майках з надпісам «Мілфіцыя». Жарт, які павесяліў карыстальнікаў сацыяльных сетак, у міліцыі не ацанілі: на жанчын склалі чатыры пратаколы і канфіскавалі матацыклы. Пра здарэньне паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал МУС, заўважыла «Люстэрка».
Як паведаміў прапагандысцкі рэсурс, пасьля таго, як фатаздымкі байкерак разышліся ў сеціве, «супрацоўнікі ДАІ імгненна высьветлілі» асобы матацыклістак. Імі аказаліся 39- і 41-гадовая жыхаркі Магілёва.
На іх склалі адразу чатыры адміністрацыйны пратаколы (паводле якіх артыкулаў, сілавікі не ўдакладнілі), а матацыклы канфіскавалі, расказаў неафіцыйны тэлеграм-канал МУС.
Прапагандысты сьцьвярджаюць, што адну з байкерак раней прыцягвалі да адказнасьці за парушэньне хуткаснага рэжыму, а другая «больш за 60 разоў парушыла ПДР» і яе нават пазбаўлялі правоў кіроўцы.
Таксама сілавікі апублікавалі «пакаяльнае» відэа з жанчынамі. На відэа яны кажуць, што зьяўляюцца мотааматаркамі і актыўна здымаюць TikTok у гумарыстычным духу. «Неяк у краме ўбачылі майкі і вырашылі купіць», — прымусілі сказаць на камэру адну зь іх.
Відэаролік з паездкай магіляўчанак у майках «мілфіцыя» ўжо недаступны.
Надпіс «Мілфіцыя» уяўляе сабой каламбур, складзены з ангельскамоўнай жаргоннай абрэвіятуры MILF (азначае сэксуальна прывабную жанчыну сярэдняга ўзросту) і слова «міліцыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 ліпеня: затрымалі адміністратарку чату «Беларусы ў ЗША» і былога супрацоўніка БЧ