Літоўская паліцыя распаўсюдзіла фатаздымак падазраванага ў нападзе на беларускую краму Kropka ў Вільні і просіць дапамагчы апазнаць зафіксаванага на ёй чалавека, паведамляе Delfi.
Тых, хто апазнае падазраванага, просяць зьвязацца са сьледчай Вольгай Лук’янавай па нумары 8 60712497 альбо праз электронную пошту olga.lukjanova@policija.lt.
- У ноч на 28 ліпеня невядомыя разьбілі шкло ў краме і пакінулі на сьцяне каля ўваходу ў яе ксэнафобскі надпіс на літоўскай мове: «Вяртайцеся дадому, беларускія сьвіньні».
- Літоўская паліцыя пачала папярэдняе расьсьледаваньне ў сувязі з нападам на беларускую краму сувэніраў Kropka ў Вільні. Пакуль інцыдэнт расцэньваецца як факт зьнішчэньня або пашкоджаньня маёмасьці, але можа быць перакваліфікаваны ў распальваньне нянавісьці. Шкоду, нанесеную краме, ацанілі ў 1000 эўра. Уладальнікі абвясьцілі збор сродкаў на рамонт крамы.