Дата дня
Сёньня споўнілася б 35 гадоў Раману Бандарэнку, мастаку, удзельніку пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Рамана пабілі невядомыя, якія зразалі бел-чырвона-белыя стужкі ў двары дому па вуліцы Чарвякова ў Менску, як мяркуецца, сілавікі, 11 лістапада 2020 году. Памёр ён у шпіталі на наступны дзень, 12 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка пра гібель брата: «Я цудоўна разумею, што ён адчуваў». ВІДЭАГэты дзень у гісторыі
1514 — армія Маскоўскай дзяржавы пасьля трэцяй аблогі ўзяла Смаленск.
1812 — Напалеон Банапарт аддаў загад аб стварэньні войска Вялікага Княства Літоўскага.
1914 — Нямеччына абвясьціла вайну Расеі, так пачалася Першая сусьветная вайна.
1920 — Чырвоная Армія заняла Берасьце.
1943 — нямецкія карнікі расстралялі 11 наваградзкіх пакутніц ва ўрочышчы Батароўка каля Наваградку.
11 манашак ордэну сёстраў Сьвятой сям'і з Назарэту зьвярнуліся да гестапа, каб ахвяраваць сваё жыцьцё наўзамен 120 арыштаваных і прызначаных да расстрэлу асобаў. Кару сьмерці для 120 ахвяраў замянілі на працу ў Нямеччыне (вывезьлі 24 ліпеня, а некаторых нават вызвалілі). Усе яны перажылі вайну. Сёстраў жа нечакана арыштавалі 31 ліпеня, а на наступны дзень без суду і выраку расстралялі. Іх бэатыфікаваў папа Ян Павал II 5 сакавіка 2000 году.
1944 — у Польшчы пачалося Варшаўскае паўстаньне супраць нацысцкай акупацыі. Меркавалася, што баі будуць працягвацца некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі. Дзеля перамоваў з Ёсіфам Сталіным у Маскву прыбыў прэм’ер польскага ўраду ў выгнаньні Станіслаў Мікалайчык.
Сталін узамен на савецкую дапамогу варшаўскім паўстанцам прапанаваў Мікалайчыку зьліць яго ўрад з савецкім марыянэткавым урадам — Польскім камітэтам нацыянальнага вызваленьня (ПКНВ) — створаным у занятым Чырвонай Арміяй Любліне 20 ліпеня 1944 году. Калі Мікалайчык адмовіўся падпарадкавацца ПКНВ, Сталін аддаў загад спыніць наступальныя дзеяньні ў раёне Варшавы.
2 кастрычніка паўстанцы капітулявалі. 17 студзеня 1945 году, амаль праз паўгода пасьля пачатку Варшаўскага паўстаньня, Чырвоная Армія ўвайшла ў пусты і зьнішчаны горад на левым беразе Віслы.
2001 — Азэрбайджан перайшоў з кірыліцы на лацінскі альфабэт, каб зьменшыць расейскі ўплыў на азэрбайджанскую культуру.
2021 — удзельніца алімпіяды ў Токіё Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці ў Беларусь і адмовілася ад пасадкі на самалёт. Бягуху выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу. Яе ўключылі ў эстафэту 4×400 мэтраў, хаця на Алімпіядзе яна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў. Ціманоўская заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
Цяпер Ціманоўская выступае за Польшчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне б хацелася падымаць сьцяг Беларусі». Бягуха Ціманоўская пра тое, зь якімі пачуцьцямі едзе ў Парыж выступаць за ПольшчуУ гэты дзень нарадзіліся
1520 — Жыгімонт ІІ Аўгуст, вялікі князь літоўскі і кароль польскі (1548–1572).
1912 — Янка Ролсан (сапр. прозьвішча Гадзіцкі), дзеяч эміграцыі ў Аўстраліі.
1920 — Васіль Бандарчык, этнограф.
1921 — Уладзімер Урбановіч, краязнавец, этнограф, фальклярыст, культуроляг.
1923 — Мікола Грынчык, літаратуразнавец, крытык, фальклярыст.
У памяці
1861 — Ігнат Ходзька, пісьменьнік, мэмуарыст.
1993 — Сямён Дрэчын, артыст балета, балетмайстар, народны артыст Беларусі.
1994 — Восіп Блізьнюк, удзельнік антысавецкага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні, вязень савецкіх канцлягераў. Пахаваны ў Смаргоні.