У Менскім абласным судзе пачаўся працэс над Максімам Рэмезавым, былым супрацоўнікам кампаніі А1, якога вінавацяць у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (частка 2 артыкулу 361-2 КК) і «фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні вайны» (частка 2 артыкулу361-3 КК).
Праграмісту пагражае да 10 гадоў калёніі.
Інфармацыю пра суд над Максімам Рэмезавым пацьвердзілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна».
Максіму Рэмезаву 43 гады. Апошняе месца працы і пасада — «сыстэмны архітэктар» у кампаніі A1. Пра падсуднага таксама вядома, што ён захапляецца бегам, удзельнічаў у аматарскіх чэмпіянатах у маратонскім бегу, у трыятлёне.
Судзіць Максіма Рэмезава будзе Вікторыя Палішчук, якая летась прысудзіла 3,5 года калёніі выкладчыцы Натальлі Дулінай і 3 гады стрыечнаму праўнуку Якуба Коласа Мікіту Брую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 ліпеня: менчука затрымалі за ўдзел у пратэстах 2020-гаПачаўся суд над горадзенскім дызайнэрам, які вярнуўся з Польшчы
У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні пачаўся працэс над Дзьмітрыем Глушчанкам, якога затрымалі неўзабаве пасьля вяртаньня ў Беларусь з Польшчы. На тым жа працэсе судзяць Андрэя Карповіча.
Дзьмітрыя Глушчанку абвінавачваюць паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). За гэта пагражае да 4 гадоў зьняволеньня, справу разглядае судзьдзя Ўладзімер Пазьняк, паведамляе «Вясна».
Дзьмітрыю Глушчанку 29 гадоў, ён скончыў Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы па дзьвюх спэцыяльнасьцях: «эканоміка і кіраваньне на прадпрыемстве» і «кампутарная графіка і вэб-дызайн». Да ад’езду зь Беларусі Глушчанка працаваў дызайнэрам у ІТ-кампаніі.
Пра затрыманьне маладога чалавека стала вядома ў сакавіку. На відэа затрыманьня Глушчанкі, якое зьмясьціў афіцыйны ТГ-канал, трапіў супрацоўнік ГУБАЗіК, які начапіў на сябе так званую «георгіеўскую» стужку і накрыўся сьцягам СССР.
Разам зь Дзьмітрыем Глушчанкам судзяць Андрэя Карповіча, але падрабязнасьці справы Карповіча пакуль невядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 ліпеня: судзяць айцішніцу, якая вярнулася з Польшчы