Створаная беларусамі IT-кампанія Flo стала «аднарогам» — яе ацэньваюць у мільярд даляраў

Ілюстрацыйнае фота

Беларуская ІТ-кампанія Flo, стваральнік папулярнага дадатку для жаночага здароўя Flo Health, прыцягнула 200 млн даляраў інвэстыцыяў, што ўзьняло яе рынкавы кошт да 1 мільярда даляраў, піша TechCrunch. Такім чынам, Flo стала другой кампаніяй-«аднарогам» зь беларускімі каранямі (першай была PandaDoc).

ІТ-кампанія Flo, якая стварыла мабільную праграму для адсочваньня мэнструальнага цыклю, 30 ліпеня заявіла, што прыцягнула 200 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў. Пасьля іх атрыманьня стартап на сёньня ацэньваецца у больш чым 1 мільярд даляраў. Гэта, паводле зьвестак кампаніі, робіць яе першым «чыста лічбавым» фемтэх-праграмай, якая стала «аднарогам».

Галоўны офіс распрацоўкі ІТ-кампаніі Flo цяпер знаходзіцца ў Вільні, а штаб-кватэра — у Лёндане.

На сёньня Flo абслужыла каля 380 мільёнаў карыстальнікаў па ўсім сьвеце, зь якіх 70 мільёнаў актыўна выкарыстоўваюць бясплатную вэрсію праграмы штомесяц, а яшчэ 5 мільёнаў зьяўляюцца платнымі падпісчыкамі прэміюм-вэрсіі.

  • Flo Health — кампанія зь беларускімі каранямі, якая выпускае папулярную мабільную праграму ў сэгмэнце жаночага здароўя. Штаб-кватэра месьціцца ў Лёндане, мае прадстаўніцтвы ў Нідэрляндах і ЗША. Менскі офіс распрацоўкі цяпер закрыты, віленскі адкрыўся ў канцы 2020 году. Праграма Flo апошнія некалькі гадоў — самая папулярная ў App Store у катэгорыі Health&Fitness.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На кампанію зь беларускімі каранямі Flo падалі калектыўны пазоў у Канадзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Створаная беларусамі аплікацыя Flo трапіла ў сьпіс найлепшых вынаходак году часопісу TIME