Цэнтральны банк Расеі (ЦБР) вызначыў парадак выплат па эўрааблігацыях ААТ «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» (БРРБ) на карысьць расейскіх інвэстараў.
Як паведаміла выданьне «Позірк», гэты вынікае з рашэньня ЦБР ад 26 ліпеня.
Эмітэнт «зможа выконваць абавязаньні ў беларускіх рублях або выкупляць эўрааблігацыі», а «выплаты будуць праходзіць у абыход замежных інстытутаў», — адзначаецца ў паведамленьні.
Для пачатку Нацыянальны разьліковы дэпазытарый РФ (НРД) складзе сьпіс уладальнікаў эўрааблігацый, пасьля чаго накіруе яго ў БРРБ.
Расейскаму інвэстару неабходна будзе праз свой дэпазытарый накіраваць у НРД інструкцыю і самастойна падаць эмітэнту заяўку на выкананьне абавязаньняў у беларускіх рублях або на выкуп эўрааблігацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі інвэстар ня можа вярнуць свае ўкладаньні ў беларускія эўрааблігацыіЗаяўкі павінны ў тым ліку зьмяшчаць адмову ад прэтэнзій да эмітэнта. Для атрыманьня выкананьня абавязаньняў па эўрааблігацыях у беларускіх рублях трымальніку паперы трэба таксама пацьвердзіць свой дружалюбны статус і факт набыцьця каштоўнай паперы да 28 траўня 2024 году.
Далей вывучэньнем адпаведнасьці правілам заяўкі зоймецца БРРБ. Пасьля пацьверджаньня эмітэнт зможа накіраваць грашовыя сродкі ў НРД для іх наступнай перадачы інвэстарам.
Інвэстары, якія падалі заяўку на выкуп, атрымаюць выплаты наўпрост ад эмітэнта. Пасьля атрыманьня выплат па эўрааблігацыях каштоўныя паперы сьпішуць з рахункаў уладальнікаў і залічаць на рахунак эмітэнта, адкрыты ў НРД.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь выплаціла па эўрааблігацыях 85 млн даляраў, — Круты28 чэрвеня 2022 году Савет Міністраў і Нацыянальны банк Беларусі прынялі сумесную пастанову, паводле якой «выкананьне даўгавых абавязаньняў па дзяржаўных каштоўных паперах, разьмешчаных на замежных фінансавых рынках, будзе ажыцьцяўляцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанку на дату плацяжу».
З таго часу Беларусь практыкуе пералічэньне плацяжоў па даўгах у рублях на спэцрахунак у «Беларусбанку». Плацежнаму агенту ўлады прапанавалі самастойна забіраць сродкі з гэтага рахунку і разьлічвацца з інвэстарамі. Кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў адносінах да беларускіх эўрабондаў.
Неўзабаве пасьля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазьбежны, другое назвала сытуацыю дэфолтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія інвэстары накіравалі Мінфіну Беларусі апавяшчэньне аб дэфолцеУ сувязі з сытуацыяй, якая склалася, расейскія прыватныя інвэстары, як паведамляў РБК, зьвярнуліся да манэтарных уладаў РФ з просьбай абмежаваць доступ Беларусі да міждзяржаўных крэдытаў і расейскага рынку капіталу празь нявыплаты па раней выпушчаных эўрааблігацыях.
Аўтарам зваротаў ад імя інвэстараў стаў Аляксандар Марчанкаў (патрабаваў спагнаць зь Мінфіну Беларусі запазычанасьць па эўрабондах у памеры 310 тысяч даляраў — пазоў тычыўся двух выпускаў эўрааблігацый; 6 верасьня Масгарсуд спыніў разгляд пазову празь непадсуднасьць справы расейскім судам). У лісьце ён пазначаны як прадстаўнік ініцыятыўнай групы інвэстараў (200 фізычных асоб і 30 арганізацый).
Заяўнікі прасілі прызнаць беларускі Мінфін «нядобрасумленным пазычальнікам» і «абмежаваць для яго доступ на рынак капіталу Расеі».
Інвэстары паведамілі агенцтву аб намеры зьвярнуцца ў Лёнданскі міжнародны арбітраж з пазовам наконт нявыплат па беларускіх дзяржпаперах.
Беларусь «сутаргава шукае рашэньні, як выканаць абавязаньні перад інвэстарамі», якія набылі беларускія эўрааблігацыі, заявіў дарадца-пасланьнік амбасады Беларусі ў РФ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Шпакоўскі ў інтэрвію YouTube-каналу «Минск-Москва | Прямой эфир» 29 ліпеня.
«Беларусь апынулася ў форс-мажорнай сытуацыі. На момант набыцьця гэтых эўрабондаў юрыдычных рашэньняў аб увядзеньні санкцый не было. Мы зараз, як і Расея, знаходзімся пад санкцыямі Захаду. Зразумела, што на сёньняшні дзень патрабаваць выконваць гэтыя абавязаньні ў замежнай валюце, як мне здаецца, некарэктна», — сказаў ён.