Рыжанкоў з ходу заявіў пра сябе на новай пасадзе. Зьезьдзіў у Кітай і Паўночную Карэю, адмяніў візы амаль усім эўрапейцам. Расказваем, як гэта можа быць зьвязана з амбіцыямі гэтага чалавека.
Новы міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў — сын беларускага спартовага дзеяча Ўладзіміра Рыжанкова, які заўчасна памёр у 51 год. Ад 1990 году Рыжанкоў-старэйшы фактычна курыраваў увесь спорт, у незалежнай Беларусі ён стаў першым міністрам спорту, потым першым кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэту (другім будзе Аляксандар Лукашэнка).
«У сям’і бацька заўсёды быў „добрым паліцэйскім“. То бок гэта была апошняя інстанцыя, якая расстаўляла ўсе кропкі над i. Ён мог і маму супакоіць, пераканаць, што тая ці іншая праблема ня вартая такіх перажываньняў. Яго ж самога вывесьці з раўнавагі здольныя былі толькі сапраўды сурʼёзныя моманты, што, на шчасьце, здаралася рэдка», — узгадваў Рыжанкоў-малодшы.
Маці — этнічная полька, пра яе нядаўна ён жа расказаў так: «У мяне бабуля Марыя Генрыхаўна, і мама — Браніслава Францаўна. Гэта якраз-такі польская частка майго генафонду. І мая бабуля да апошніх дзён хадзіла ў Чырвоны касьцёл і малілася на польскай мове».
Пасьля школы Максім марыў стаць вайскоўцам. «Але па стане здароўя давялося памяняць рашэньне і выбраць ня менш прэстыжную прафэсію — юрыспрудэнцыю», — расказваў Рыжанкоў студэнтам-юрыстам Белдзяжунівэрсытэту ў кастрычніку 2022 году.
Праца ў Варшаве
У 1994 годзе Максім Рыжанкоў скончыў юрыдычны факультэт БДУ па спэцыяльнасьці «Міжнароднае права». Адразу трапіў у МЗС. Імкліва рабіў дыпляматычную кар’еру. Праз два гады паехаў працаваць у амбасаду Беларусі ў Ізраілі. Потым цягам 4 гадоў быў начальнікам аддзелу АБСЭ і Рады Эўропы ў МЗС. І трапіў у амбасаду Беларусі ў Польшчу. Працаваць у Варшаву Рыжанкова запрасіў тагачасны амбасадар Павал Латушка.
«Міністар замежных спраў Міхаіл Хвастоў моцна пярэчыў па кандыдатуры Рыжанкова, але я тройчы хадзіў да яго і дамогся свайго. У Варшаве мы сябравалі сем’ямі. Рыжанкоў тады другі раз ажаніўся з маладой дзяўчынай. А потым так здарылася, што мая жонка Натальля абрала яго», — узгадваў Павал Латушка.
Маленькая дачка Натальлі і Паўла Латушкі Яна засталася тады з бацькам у Польшчы. Максім Рыжанкоў ажаніўся з Натальляй, пара вярнулася ў Беларусь. Гэта трэці шлюб Рыжанкова. У Максіма і Натальлі таксама нарадзілася дачка, якую назвалі Ўладзіславай.
У Натальлі Рыжанковай дзьве адукацыі: біялягічная і юрыдычная. Яна зрабіла кар’еру ў ІТ-сфэры: была кіраўніцай менскага падразьдзяленьня паўднёвакарэйскай кампаніі SK Hynix, а пасьля яе сыходу зь Беларусі стала дырэктаркай беларускага падразьдзяленьня буйной расейскай тэлекамунікацыйнай кампаніі «Ядро».
Таксама Натальля Рыжанкова з 2015 па 2020 гады была вядоўцай ранішняга тэлешоў «Дзень у вялікім горадзе» і праграмы «Кулінарная дыпляматыя».
«З улікам майго росту гэты від спорту мне мусіў пасаваць»
У дзяцінстве Максім Рыжанкоў займаўся баскетболам. «Па-першае, напэўна, з-за генэтычных дадзеных: з улікам майго росту гэты від мне мусіў пасаваць. Па-другое, бацька лічыў, што хлопцу неабходна займацца спортам для агульнафізычнага разьвіцьця, каб быць моцным і здаровым, але зусім не абавязкова станавіцца алімпійскім чэмпіёнам. Па-трэцяе, бацька ў свой час займаўся баскетболам і ведаў, што гэта адзін з самых рознабаковых відаў спорту», — расказваў Рыжанкоў.
У студэнцтве гуляў за зборную Белдзяржунівэрсытэту, пазьней ачоліў Беларускую фэдэрацыю баскетболу.
«Максім гуляў у баскетбол за зборную БДУ, як і Павал Латушка, на гэтай глебе яны пасябравалі. Зь імі гуляў таксама Алег Краўчанка, аднакурсьнік Максіма, які ня так даўно памёр ад каранавірусу. На сваю бяду, Павал Латушка падцягнуў Рыжанкова ў Варшаву, бо яны раней і гулялі за адну каманду, сябравалі і працавалі ў розных упраўленьнях МЗС. Цікава, што Натальля (першая жонка Латушкі, якая стала потым жонкай Рыжанкова. — РС) таксама ў маладосьці гуляла ў баскетбол», — узгадвае адзін спартовы журналіст, які папрасіў не называць ягонага імя.
Бел-чырвона-белыя сьцягі назваў анучамі
Рыжанкоў пазьней ачоліў Фэдэрацыю баскетболу Беларусі. Задачы ставіў жорстка і канкрэтна, заўсёды быў незадаволены і жаночай, і мужчынскай зборнымі.
«Неяк праходзіў матч (ня буду называць клюбы). Незадоўга да яго Рыжанкоў паехаў да дырэктара аднаго з калектываў, каб той паразмаўляў з фанатамі і папрасіў не сьпяваць на трыбунах „Тры чарапахі“ і не крычаць „Жыве Беларусь!“. Наколькі ведаю, папрасіў так, што дырэктар сапраўды пагаварыў з фанатамі. У выніку на матчы ніхто гэтага не сьпяваў і не крычаў, а за каманду тады заўзела на трыбунах каля 50 чалавек. Увогуле, указаньне было выканана», — з іроніяй узгадвае ў размове са Свабодай адна асоба, якая добра ведае Рыжанкова менавіта па працы ў БФБ.
У 2021 годзе на чэмпіянаце Эўропы па баскетболе, што праходзіў у гішпанскай Валенсіі, прадстаўнікі беларускай дыяспары прыходзілі на матчы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. У паўфінале беларускі прайгралі зборнай Францыі зь лікам 61:73. Старшыня БФБ Максім Рыжанкоў аб падтрымцы каманды беларускай дыяспарай выказаўся так:
«Дапамаглі так, што прайгралі. Лепш бы спалі па дамах. Я крайніх не шукаю. Згулялі годна. Не было б ануч, пад якімі заўсёды бяда, было б лепей. Вы рэальна думаеце, што гэтыя анучы камандзе ў плюс?» — так Рыжанкоў выказаўся пра бел-чырвона-белыя сьцягі на трыбунах у Валенсіі.
«Ястраб у квадраце»
З 2006 году пасьля працы ў Варшаве Рыжанкоў займаў розныя пасады ў Адміністрацыі Лукашэнкі. Цягам васьмі апошніх гадоў быў першым намесьнікам яе кіраўніка. Пасьля сыходу Ігара Сергеенкі палітычная эліта чакала, што Рыжанкоў нарэшце ачоліць Адміністрацыю. Але 27 чэрвеня 2024 году Лукашэнка прызначыў Рыжанкова міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Былыя калегі па МЗС кажуць пра Рыжанкова, што ён вельмі любіць уладу, але пры гэтым у яго заўсёды на першым месцы свае асабістыя інтарэсы.
«Ён ніколі ня зробіць сабе на шкоду. Ён можа табе лісьлівіць і трымаць побач, але як толькі ён зразумее, што ты можаш праявіць прынцыповасьць і зрабіць па-свойму, а ня так, як яму выгадна, ён страціць да цябе цікавасьць, адразу выкіне. А калі чалавек яму ліе ваду на ягоны млын, то будзе яго пакрываць, дапамагаць. Ізноў жа, да пары да часу», — выказаў у размове са Свабодай меркаваньне пра Максіма Рыжанкова былы калега па працы ў МЗС, які прасіў не называць ягонага імя.
«Гэты чалавек ніколі не прызнае сваіх памылак, нават калі памылкі цалкам відавочныя. Ён можа па сваіх перакананьнях „зьнішчыць“ чалавека, таму што лічыць, што мае рацыю. Нават калі ўсё складаецца менавіта так, як казаў ці меркаваў іншы, Рыжанкоў проста прамаўчыць. Ніколі не прызнае, што ён ня меў рацыі, нават у асабістай гутарцы. Ён заўсёды перакананы, альбо робіць выгляд, што толькі ягонае рашэньне правільнае. Мне падаецца, ён чалавек даволі сьлізкі, вельмі любіць уладу і дзеля яе пойдзе на ўсё. Для мяне было даволі дзіўна, што Рыжанкоў так і ня стаў кіраўніком Адміністрацыі, а ўсе 8 гадоў быў першым намесьнікам. І нават калі сышоў Сергеенка, пасада некалькі месяцаў пуставала, а Рыжанкова так і не прызначылі кіраўніком», — кажа іншы былы калега новага міністра замежных спраў Беларусі, зь якім разам працаваў у Адміністрацыі Лукашэнкі.
Былы сябар Рыжанкова і калега па працы ў МЗС Павал Латушка перакананы, што той будзе гуляць у сваю гульню, а не ў гульню Лукашэнкі, бо вельмі амбітны.
«Ён гуляе на свой уласны аўтарытэт, на свае амбіцыі. Гэта той чалавек, які пасьля Лукашэнкі будзе першым стаяць у чарзе, каб заняць ягонае месца. Можа, нават і тады, калі той яшчэ будзе дыхаць. Рыжанкоў ужо будзе стаяць напагатове, каб прыняць уладу. І Пяткевіч будзе яму дапамагаць. А Круты, як слабы „чалавек нумар два“, будзе слухаць, што яны яму скажуць», — такое меркаваньне Павал Латушка выказаў «Салідарнасьці».
Былы супрацоўнік МЗС Валер Кавалеўскі ў размове са Свабодай назваў Максіма Рыжанкова «ястрабам у квадраце».
«Ён вельмі актыўны і энэргічны чалавек, генэратар ідэй, вельмі часта даволі радыкальных. Яго можна назваць ястрабам у квадраце. Думаю, у яго будзе вельмі баявы падыход да адносінаў з Захадам.
Але варта памятаць таксама, што любы чыноўнік на гэтай пасадзе — гэта найперш чалавек, які будзе падзяляць палітыку рэпрэсій, падтрымліваць агрэсію супраць Украіны і інтэграцыю Беларусі з Расеяй. А гэтая інтэграцыя — фактычнае паглынаньне нашай краіны. Таму ў гэтым сэнсе Рыжанкоў будзе тыповым штампаваным лукашэнкаўскім дыпляматам», — мяркуе Кавалеўскі.