У Вэнэсуэле пачаліся вулічныя пратэсты супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, ёсьць першая ахвяра

Вэнэсуэльскія сілавікі на разгонах пратэстаў

Прынамсі адзін чалавек загінуў у Вэнэсуэле, калі сілы бясьпекі спрабавалі разагнаць пратэсты, выкліканыя спрэчнымі вынікамі выбараў. Людзі зносяць статуі Уга Чавэса.

Паводле афіцыйна агучаных лічбаў, Нікаляс Мадура застаўся на трэці тэрмін ва ўладзе.

Сілы бясьпекі Вэнэсуэлы ў панядзелак выкарысталі сьлезацечны газ і гумавыя кулі супраць разьюшаных дэманстрантаў, якія аспрэчваюць перамогу Мадура. Тысячы людзей выйшлі на вуліцы некалькіх мікрараёнаў сталіцы, скандуючы «Свабоду, свабоду!» і «Гэты ўрад падзе», піша AFP.

Некаторыя зрывалі перадвыбарныя плякаты Мадура з вулічных слупоў і спальвалі іх.

Па ўсёй краіне дэманстранты павалілі як мінімум дзьве статуі Уга Чавэса, сацыялістычнай іконы і дыктатара, які кіраваў краінай больш за дзесяць гадоў і выбраў Мадура сваім пераемнікам.

Некаторыя журналісты ўжо называюць пратэсты беспрэцэдэнтнымі і лічаць іх «пунктам невяртаньня».

Мінімум адзін чалавек загінуў на паўночным захадзе штату Яракуй. Яшчэ 46 былі арыштаваныя падчас дэманстрацый, заявіў на плятформе X Альфрэда Рамэра, кіраўнік праваабарончай групы пад назвай Foro Penal, якая спэцыялізуецца ў пытаньнях палітычных зьняволеных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Вэнэсуэлы абвясьцілі Нікаляса Мадура пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў. Апазыцыя заявіла пра фальсыфікацыі

У Каракасе агенцтва AFP назірала, як байцы Нацыянальнай гвардыі прымянялі супраць дэманстрантаў сьлезацечны газ і гумавыя кулі. Некаторыя пратэстоўцы былі ў матацыклетных шлемах і банданах, завязаных на тварах дзеля абароны. У адказ на спробы разгону людзі кідалі ў гвардзейцаў камяні.

Паведамлялася аб пратэстах нават у вельмі бедных раёнах Каракасу, якія былі бастыёнамі падтрымкі Мадура і яго сацыялістычнага ўраду. У некаторых раёнах былі чуваць стрэлы. Пратэсты ўспыхнулі і ў іншых месцах Вэнэсуэлы.

Раней Нацыянальная выбарчая рада Вэнэсуэлы заявіла, што Мадура набраў 51,2% галасоў і перамог у першым туры выбараў. Апазыцыя на чале з Марыяй Карынай Мачада заявіла, што выбары былі сфальшаваныя. Злучаныя Штаты, Эўразьвяз і некаторыя краіны Лацінскай Амэрыкі не прызналі вынікаў выбараў. А Расея і Кітай павіншавалі Мадуру зь перамогай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раман Галоўчанка сустрэўся зь Нікалясам Мадура і заявіў пра «станоўчы эфэкт» ад санкцый