Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Вэнэсуэлы абвясьцілі Нікаляса Мадура пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў. Апазыцыя заявіла пра фальсыфікацыі


Нікаляс Мадура выступае перад сваімі прыхільнікамі
Нікаляс Мадура выступае перад сваімі прыхільнікамі

Апазыцыя Вэнэсуэлы абвясьціла сваю перамогу ў нядзельных выбарах.

«Вэнэсуэльцы і ўвесь сьвет ведаюць, што адбылося», — сказаў апазыцыйны кандыдат Эдмунда Гансалес у сваім першым выступе.

Лідэрка апазыцыі, кіраўніца асацыяцыі «Адзіная дэмакратычная плятформа» Марыя Карына Мачада зрабіла аб’яву, стоячы побач з Гансалесам. Яна сказала, што апазыцыя мае інфармацыю прыкладна з 40% скрыняў для галасаваньня па ўсёй краіне.

Неўзабаве пасьля поўначы Нацыянальны выбарчы савет заявіў, што Мадура набраў 51% галасоў, абышоўшы галоўнага кандыдата ад апазыцыі Эдмунда Гансалеса, які набраў 44%. Таксама ў выбарах удзельнічалі яшчэ восем кандыдатаў.

Але выбарчыя органы, якія кантралююцца ляяльнымі Мадура людзьмі, не адразу апублікавалі вынікі галасаваньня з кожнага з 30 тысяч выбарчых участкаў па ўсёй краіне, піша Associated press.

Афіцыйна названыя лічбы выклікалі крытыку за мяжой.

«Рэжым Мадура павінен разумець, што ў вынікі, якія ён апублікаваў, цяжка паверыць, — сказаў Габрыэль Борыч, лідэр левых у Чылі. — Мы ня будзем прызнаваць вынікаў, якія не падлягаюць праверцы».

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што ЗША «сур’ёзна занепакоеныя тым, што абвешчаны вынік не адлюстроўвае волю і галасы вэнэсуэльскага народу».

Затрымка з абвяшчэньнем вынікаў — праз шэсьць гадзін пасьля таго, як павінны былі закрыцца выбарчыя ўчасткі — сьведчыць пра глыбокую дыскусію ва ўрадзе аб тым, як дзейнічаць пасьля таго, як праціўнікі Мадура выйшлі да публікі рана ўвечары, але не заявілі пра перамогу.

Калі Мадура нарэшце выйшаў сьвяткаваць вынікі, ён абвінаваціў неназваных «замежных ворагаў» у спробе ўзламаць сыстэму галасаваньня.

Кантраляваны Мадура Вярхоўны суд забараніў Мачада балятавацца на любую пасаду цягам 15 гадоў. Былая дэпутатка перамагла на кастрычніцкіх выбарах апазыцыі, набраўшы больш за 90% галасоў.

Пасьля таго, як ёй не дазволілі ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай гонцы, яна выбрала на замену прафэсара каледжу, але Нацыянальная выбарчая рада таксама забараніла рэгістрацыю. Тады і быў выбраны палітычны пачатковец Гансалес. Іншыя васьмёра кандыдатаў сур’ёзнымі праціўнікамі Мадура не ўспрымаліся.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG