Пра гэта паведамляе Позірк з спасылкай на Дэпартамэнт міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных справаў Літвы.
Акрамя гэтага, як заяўляецца, мыта будзе зьбірацца пры зьмене іншаземцам працадаўцы.
«З 1 жніўня збор складзе 50 эўра за кожную запоўненую электронную пісьмовую форму», — удакладняе міграцыйная служба.
Падкрэсьліваецца, што плату прадугледжваюць прынятыя ўрадам папраўкі ў пастанову «Аб зацьвярджэньні пераліку канкрэтных сумаў дзяржаўнага мыта і правілы выплаты й вяртаньня дзяржаўнага мыта».
Гэтая норма распаўсюджваецца на «ўсе выпадкі запрашэньня іншаземца ў Літву на працу», гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Пры гэтым мыта ня будзе спаганяцца пры працаўладкаваньні іншаземцаў выкладчыкамі, навуковымі работнікамі, прафэсійнымі спартсмэнамі, артыстамі, журналістамі, кіраўнікамі дзяржаўных устаноў, рэлігійнымі служнікамі.
Вызваляюцца ад мыта і ВНУ, калі прымаюць на вучобу замежных студэнтаў і вядуць праграмы валянтэрскай дзейнасьці.
Паводле зьвестак Дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы, на 1 ліпеня ў гэтай краіне жылі 62.535 грамадзян Беларусі.
На 1 студзеня іх было 62.167. Такім чынам, за паўгода беларуская дыяспара — другая ў краіне па колькасьці — вырасла на 0,6%.
Самая шматлікая нацыянальная група іншаземцаў у Літве — украінцы, іх налічвалася 76.145.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомыя пакінулі абразьлівы надпіс на будынку беларускай крамы Kropka ў Вільні і разьбілі шкло