«Адчуваеш цяпло? Прыляцеў пацалунак з-за кратаў». Анхэля Эсьпіноса Руіс пра сваё зачараваньне беларусамі

Анхэля Эсьпіноса Руіс выступае на вечарыне салідарнасьці з Алесем Бяляцкім у Варшаўскім унівэрсытэце, 23 сакавіка 2023

«Астралябія божых таямніц» — так называецца новы зборнік вершаў і паэмаў Анхэлі Эсьпіносы Руіс, які пабачыў сьвет у выдавецтве «Kamunikat».

Гэта ўжо пятая кніга беларускай паэткі гішпанскага паходжаньня. Пагаварылі зь ёй пра сувязь мовы і каханьня, старыя замкі Эўропы і зачараваньне Беларусьсю, забітае неба і забытую графіку беларускіх літараў.

Пра неідэальную сымэтрыю каханьня

— Гісторыя беларускай літаратуры мае некалькі прыкладаў, калі знакамітымі айчыннымі паэткамі станавіліся іншаземкі. І ўсе — праз каханьне: расейкі Натальлі Арсеньневай да свайго выкладчыка Максіма Гарэцкага; украінкі Веры Бурлак да аднакурсьніка Віктара Жыбуля... Кажуць, што і вы спачатку закахаліся ў нейкага беларускага хлопца, дзеля якога захапіліся ягонай мовай. А як сапраўды аднойчы сталася так, што не пазьбеглі спакусы складаць вершы па-беларуску?

— Ня ведаю, хто так кажа, але гэта няпраўда. Не праз хлопца ці дзяўчыну я прыйшла да беларускай мовы, а наадварот, мова адкрыла мне дзьверы да новых каханьняў. А паэзію я пачала пісаць дзеля моўнай практыкі... Заўжды гэтак раблю, калі пачынаю вывучаць новую мову. Пісаньне вершаў (або такіх псэўдапаэтычных вучнёўскіх тэкстаў) даводзіць да такога стану нават не разуменьня, а адчуваньня новай моўнай сыстэмы, да якой вельмі складана дайсьці іншымі шляхамі.

Кніга «Астралябія божых таямніц» Анхэлі Эсьпіносы Руіс

Паэзія — скрыжаваньне паміж музыкай і мовай

На дарозе, якою ўжо ня вернемся.

Нельга сьпяваць: усе песьні расьпятыя

Ў цені здрадлівых абдымкаў,

А наша мова адпетая

І пахаваная

Між галасавых зьвязак,

Якія мы даўно парвалі

Глухімі крыкамі.

Не гавары, не кажы нікому...

Адчувайма моўчкі цішыню паветра,

Бо нясём на плячах баляст нашага неба,

Бо трымаем рукамі труну нашых хмараў,

І калісьці аплачам навальніцаю летняю

Зьлеглыя кветкі ды сэрцы

На бітве пад Жыцьцём.

Тук-тук, тук-тук, пад зямлёю

Б’ецца аб прадвесьні.

Тук-тук, задае рытм

Новых радкоў,

Пра старыя фантомныя надзеі,

Пра боль, пра дзень,

Пра забытую прыгажосьць.

Але пакуль не сьпявай,

Мы не гатовыя прыняць паразу.

Пасьпі яшчэ,

Люлі-люлі,

Тук-тук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі гурт запісаў песьню пра беларускія пратэсты на верш гішпанскай паэткі

— «На беразе раю, // Дзе ўпотайкі ходзіць завулкамі // Слова „кахаю“» — чытаем у адным зь вершаў кнігі, прадстаўляючы якую выдавецтва (ці аўтарка) назвала чатыры яе тэмы. Адна зь іх — «неідэальная сымэтрыя каханьня». Вельмі нечаканы погляд на спрадвечнае пачуцьцё. Ці можаце патлумачыць?

— У каханьні, як і ў любой катэгорыі любові, або нават у любых чалавечых адносінах, заўжды ёсьць нейкая сымэтрыя: аддаём і атрымліваем, любім і адчуваем узаем пяшчоту, робім балюча і крыўдзімся. Аднак гэтая сымэтрыя недасканалая, бо рэдка калі выяўляецца дакладна 50 на 50. Да таго ж яна не застаецца статычнай, не спыняецца на месцы, а цячэ, як рака, зьмяняецца, рухаецца. Сёньня мы любім болей, заўтра меней, пасьлязаўтра закахаемся зноў.

Анхэля Эсьпіноса Руіс

Хай дурасьць прывядзе мяне да тваіх рук,

Хай слабасьць захавае цеплыню нашых вуснаў,

Хай прыгажосьць пануе вечна ва ўнутранай сьвятыні.

Не глядзі на палярную зорку з тугой,

Так пяшчотна ды так юрліва

Адвядзі свае вочы на ўсход — за гарой,

У абдымках у цемры сівай,

Там, дзе ўздыхі ляцяць, як сярэбраны рой,

Сьпіць зара ружаперстая голая.

Не шукай у сузор’ях дарогу: пастой!

Крок няпэўны, душа мая — кволая.

Падарожнік, спыніся! Ня йдзі да мяне,

Ня пі солі з крывёй майго мора,

Не глядзі на палярную зорку на дне:

Шмат на небе сьвятлейшых зорак.

Я асьлепну ў тваім непакорным сьвятле,

Не магу! Завяжы мне вочы...

Хай палярная зорка зь нябёс упадзе,

Хай маўчаньне між намі крочыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая ў Гішпаніі. Размова зь беларусісткай і паэткай Анхэляй Эсьпіносай Руіс

Пра старыя замкі Эўропы

—«Я пакажу табе замкі старое Эўропы //такімі, як калісьці бачыла ў сьне» — абяцаеце вы сябру-чытачу. З чаго можна зрабіць выснову, што вам утульней пачувалася б у эпоху, калі гэтыя замкі былі напоўненыя жыцьцём, а не музэйнымі экспанатамі. Дзе ўвогуле «genius loci» гішпанкі, якая стала беларускай паэткай, а жыве і працуе ў Польшчы?

— Не, на жаль. Мне ўтульней у эпоху, калі жанчыны маюць якія-ніякія правы, і тых, хто вучыцца, валодае мовамі і паказвае інтэлект, ня паляць у вогнішчах як вядзьмарак. Я, дарэчы, нідзе не пачуваюся «як дома», але і нідзе не пачуваюся зусім чужой. «Genius loci», мабыць, недзе ўнутры...

Але пішацца добра ў трамваях, у парках, на прыродзе... І на канфэрэнцыях і кангрэсах, калі даклады ня дужа цікавыя. Не люблю сядзець проста за сталом і пісаць, але магу, калі трэба.

Анхэля Эсьпіноса Руіс

Чытаць, пісаць я ня ўмею,

Пайшла я ў сьвет ня той нагой,

Між цнотай ружаў і лілеяў

Змагаюся сама з сабой.

Ад безнадзейнай ночы бегла

І па агні, і па вадзе:

Салёнай статуяй да пекла.

Ці азірнесься? Хто вядзе?

І сьветлы месяц паказалі,

І ўбачыць сонца мне далі,

Між пальцаў чыстых адчувала

Пяскі эгіпецкай зямлі.

Працую шчыра, хай у змроку,

Нікому не трымаю зла.

Пусьці мяне! Прыйшла здалёку,

Над морам зорка прывяла.

Прыйшла гатовая, заўчасна,

Руку пацісьні — я ўжо тут.

Нашто я стукаю? Ды ясна,

Бо падзяліць хачу ваш труд!

За брамай крайняй, там, за стражам,

На ўсходзе, дзе ўмірае Ніл,

Мой Будаўнік вам сам адкажа,

Зь якіх мэталаў ён зрабіў.

Хай пакаштую горыч зьдзеку,

Хай некаторых душыць жаба,

Іду насустрач чалавеку!

Ці чалавек я, хоць і баба?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Немагчыма будаваць дэмакратычныя ідэалы на мове, якая цяпер іх зьнішчае», — беларускамоўная гішпанка Анхэля Эсьпіноса Руіс

— Вы ня раз бывалі ў Беларусі. Што ў ёй вас зачароўвала ці расчароўвала?

— Нічога не расчароўвала, хаця ўсе казалі ня ехаць, бо абавязкова расчаруюся — такая была рэакцыя знаёмых, калі я рыхтавалася да першай паездкі. Зачароўвалі заўжды людзі — у Беларусі часта была патрэбная дапамога, і ніколі не было так, каб хтосьці не адгукнуўся і не дапамог. У любой справе.

Не паверыш: а з вокнаў турмы і судоў, пастарункаў

Вылятаюць на крылах любові ўвесь час пацалункі.

Яны пахнуць то хваляй марской, то тугою па волі,

І ляцяць, як увесну буслы, — не здаюцца ніколі.

Сама бачыла! Танчаць на небе паўсюль, як сьняжынкі,

Прызямляюцца нам у шчаку матылькамі падтрымкі

Або дораць сьвятло для вачэй, саграваюць паветра,

Ці вандруюць з надзеяй дзіцячаю праз кілямэтры.

Не спыняюць іх крыкі, ні холад, ні гора, ні краты:

Адчуваеш цяпло? Прыляцеў пацалунак крылаты.

Хай міліцыя хоча злавіць, а яно немагчыма:

Беларускія дахі, аблокі й вятры — іх радзіма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як паказаць «нестэрэатыпны» вобраз Беларусі? Тлумачыць кіраўнік адзінай у сьвеце катэдры беларусістыкі за мяжой

Пра невычарпальныя пытаньні неба

— «А неба ў восеньскім лісьці ляжыць забітым». Такіх балючых радкоў пра неба ў кнізе шмат. Чытаючы іх, міжволі ўзьнікае адчуваньне, што аўтарка — фаталістка. І цёмныя хмары, і буры з залевамі, і град і бомбы, што сыплюцца з яго — усё перадвызначана і нічога пазьбегнуць немагчыма. Што кажа пра гэта ваша паэтычная інтуіцыя?

— Хай і неба выглядае цяпер катастрафічна, але галоўнае — глядзець угору, а ня ўніз. Так і імкнуся рабіць. І найважнейшае: за шэрым небам хаваецца блакітнае. Яно заўсёды там, нават калі мы яго ня бачым зусім.

Анхэля Эсьпіноса Руіс

Галосіць шэры гром з абяцаньнем блакітнага неба,

За акном цень забытых абдымкаў ляціць, быццам крыж

Па-над грэшнай плянэтай. І позна мне стаць тваёй Эвай:

А як кропля віны з маіх вуснаў, маўкліва дрыжыш...

Не гукаем — чакаем вясну мы пад коўдрай пушыстай

Дзьмухаўцоў, і лятучых аблокаў, і згубленых душ,

Хопіць мне, красавік, твайго твару на дрэвах бязь лісьця,

Дастаткова ў радках і ўспамінах залюбленых руж.

Хай падманліва недзе за ганкам сырэны сьпяваюць

Не баялася сьмерці раней, дый шкадую труны.

Застанемся з табою мы вечна на беразе раю.

Застанемся ў любові ў дзьвярэй,

Пад рукой у вясны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандра Дварэцкая: «Ніхто не адмовіўся перакласьці твор зь беларускай мовы»

Пра забытую графіку беларускіх літараў

— Кніга надрукаваная нязвыклым правапісам, у якім літара «й» замененая на «ї», якім паслугоўваюцца ўкраінцы. Чаму?

— А гэта быў выбар Кацярынкі Пікірэні, цудоўнай дызайнэркі, якая аформіла выданьне, а я падтрымала аберуч. Гэта насамрэч такое «і» з птушачкай, а не дзьвюма кропкамі. Я ня вельмі знаюся ў гэтым, прызнаю, але Кацярынка расказала, што існаваў такі варыянт у беларускіх наватараў пачатку ХХ стагодзьдзя. У любым выпадку эстэтычнае рашэньне мне спадабалася — а ў паэзіі йдзецца, мабыць, усё ж найперш пра прыгажосьць.

Анхэля Эсьпіноса Руіс

Зрабілася першае сонцам

Ва ўлоньні бязьвіннага неба,

Другое ўцякло пад зямлю

Да кораня божага дрэва,

Бязьлітасна вырвала трэцяе

З вуснаў Адамавых Эва.

Яны нарадзіліся тройцай,

Боханам простага хлеба.

Яны паміралі ў маўчаньні,

А потым плылі зноў па рэках,

Ляцелі па вершах, аблоках,

Няўзнак прызямляліся рэхам...

А тое — яго панёс вецер,

Яго панясла ў вадзе Лета.

Агнём і крывёй адышло,

Так лёгкае. Зьніклае. Сьветлае.