Сьцісла
- Самы імаверны прагноз — наступны прэзыдэнт-дэмакрат будзе адносна Беларусі праводзіць палітыку свайго папярэдніка-аднапартыйца Джо Байдэна.
- Байдэн з часоў выбарчай кампаніі 2020 году выступаў за жорсткі падыход да рэжыму Лукашэнкі, і адпаведную палітыку адміністрацыя Байдэна і ажыцьцяўляла.
- Часткай гэтай палітыкі была падтрымка дэмакратычных сілаў Беларусі, што ўвасобілася ў сустрэчу Байдэна зь Ціханоўскай і ўсталяваньне стратэгічнага дыялёгу ЗША з дэмсіламі.
- Палітыка адносна Беларусі наступнага прэзыдэнта-дэмакрата можа зьмяніцца толькі ў выніку кардынальных зьменаў у Беларусі, прычым як станоўчых, гэтак і адмоўных — ад вызваленьня ладнай часткі палітвязьняў да ўступленьня ў вайну беларускага войска.
- Ня выключана, што прэзыдэнт-дэмакрат будзе вымушаны мяняць палітыку адносна вайны ва Ўкраіне, а гэта ўскосна закране і Беларусь.
Хутчэй за ўсё, намінацыю на кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі атрымае віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс. Яе кандыдатуру прапанаваў прэзыдэнт Джо Байдэн, які абвясьціў, што сыходзіць з выбарчай гонкі. Многія патэнцыйныя кандыдаты-дэмакраты і ўплывовыя фігуры партыі выказаліся ў падтрымку Гарыс; паведамляецца, што яна заручылася галасамі большасьці дэлегатаў зьезду Дэмпартыі, які адбудзецца ў жніўні.
Аднак інтрыга пакуль захоўваецца. У праймэрыз Гарыс ня ўдзельнічала, ніводзін дэлегат зьезду не абавязаны галасаваць за яе, і тэарэтычна нечаканасьці з выбарам кандыдата магчымыя. Але яны выглядаюць усё ж малаімавернымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такая Камала Гарыс, патэнцыйная ўдзельніца выбараў у ЗША пасьля адмовы Байдэна балятаваццаВарта паразважаць пра тое, якой будзе палітыка адносна Беларусі, калі на выбарах у лістападзе сёлета пераможа кандыдат Дэмакратычнай партыі — Гарыс ці нехта іншы.
Самая відавочная гіпотэза — што палітыка адносна Беларусі новага прэзыдэнта-дэмакрата будзе працягам беларускай палітыкі ягонага папярэдніка-аднапартыйца Джо Байдэна. І варта нагадаць, якой яна была і ёсьць.
Байдэн: «Я працягваю быць з народам Беларусі»
Яшчэ падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году кандыдат Джо Байдэн рэзка крытыкаваў несправядлівыя выбары ў Беларусі і гвалт сілавікоў Лукашэнкі супраць пратэстоўцаў. «Злучаныя Штаты павінны падтрымліваць заклік Сьвятланы Ціханоўскай да сумленных выбараў. Расеі трэба казаць, каб яна ня ўмешвалася — гаворка ідзе не пра геапалітыку, а пра права выбіраць сваіх лідэраў» — заявіў Байдэн 19 жніўня 2020 году.
Пры гэтым кандыдат-дэмакрат крытыкаваў дзейнага кіраўніка ЗША за недастаткова рашучую рэакцыю на падзеі ў Беларусі. Кажучы пра беларускіх пратэстоўцаў, Байдэн тады адзначаў: «Хоць прэзыдэнт Трамп адмаўляецца выступаць ад іх імя, я працягваю быць з народам Беларусі і падтрымліваю яго дэмакратычныя памкненьні».
Палітыка прэзыдэнта Байдэна цалкам адпавядала гэтым перадвыбарчым заявам. Падчас ягонага прэзыдэнцтва ЗША прынялі шмат пакетаў санкцыяў адносна Беларусі, у тым ліку і даволі адчувальных эканамічных. Апошні пакет быў уведзены сёлета ў чэрвені.
З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну новыя санкцыі ЗША адносна Беларусі тычыліся пераважна спрыяньня гэтай агрэсіі з боку Лукашэнкі, але ня толькі. Да таго ж Вашынгтон не адмяняў папярэднія санкцыі, уведзеныя за парушэньні правоў чалавека і сфальсыфікаваныя выбары.
ЗША пры Байдэну шчыльна супрацоўнічалі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. У ліпені 2021 году ў Белым доме адбылася сустрэча Джо Байдэна з дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай. У 2023 годзе ЗША ўсталявалі інстытуцыйную форму супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі — стратэгічны дыялёг. Звычайна Амэрыка ўсталёўвае такія стасункі з урадамі сувэрэнных дзяржаваў. Выключэньне, зробленае для беларускай апазыцыі, было паказальным.
Амбасадарка ЗША Джулія Фішэр, прызначаная яшчэ пры Трампу, не прыехала ў Беларусь. У 2021 годзе яе статус быў зьменены на статус спэцыяльнай пасланьніцы для Беларусі, які прадугледжваў, сярод іншага, і шчыльныя камунікацыі зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
На пачатку 2022 году Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША афіцыйна прыпыніў працу амбасады ў Беларусі. Разам з тым праца амэрыканскіх дыпляматаў па беларускім напрамку працягвалася. У прыватнасьці, дзякуючы ёй у верасьні 2022 году быў вызвалены палітвязень, журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч.
Ці будзе прэзыдэнт-дэмакрат працягваць палітыку Байдэна адносна Беларусі?
Прынамсі на першым часе, безумоўна, так. Гэтая палітыка распрацоўвалася ў Белым доме і праводзілася з удзелам віцэ-прэзыдэнткі Камалы Гарыс. Дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў і ў Сэнаце гэтую палітыку падтрымлівалі.
Як адзначалася ў аналітыцы, прысьвечанай магчымаму новаму прэзыдэнцтву Дональда Трампа, зьмена палітыкі ЗША адносна ня самых важных краінаў адбываецца павольна нават тады, калі прэзыдэнтам робіцца апанэнт папярэдняй адміністрацыі. Занадта вялікая інэрцыя дзяржаўнай машыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць беларусам, калі Трамп ізноў стане прэзыдэнтамАле ў выпадку перамогі кандыдата ад Дэмакратычнай партыі відавочнага матыву мяняць папярэднюю палітыку і ня будзе, калі да гэтага не прымусяць новыя значныя падзеі.
Калі, напрыклад, Лукашэнка спыніць падтрымку Расеі ў вайне, спыніць рэпрэсіі, вызваліць заўважную частку палітвязьняў, або калі Беларусь выбухне новымі масавымі пратэстамі — у адказ памяняецца і палітыка Вашынгтону.
Яна памяняецца і ў выпадку пагаршэньня сытуацыі, калі, скажам, Беларусь уступіць у вайну сваім войскам, калі Расея ўчыніць новы напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, калі Расея акупуе Беларусь — адказам на такія кардынальныя выклікі будзе і істотная зьмена палітыкі ЗША.
Калі такіх маштабных зьменаў сытуацыі ў Беларусі не адбудзецца, то ня будзе і імпульсаў для зьмены амэрыканскай палітыкі пры прэзыдэнту-дэмакрату. Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 2025 годзе такім імпульсам ня будуць, нават калі ў іх ня будзе ўдзельнічаць Лукашэнка. А тым больш калі будзе. Колькі-небудзь свабодным народным волевыяўленьнем наступныя выбары, відавочна, ня будуць, Лукашэнка ў любым выпадку захавае кантроль над Беларусьсю. Калі сытуацыя ў Беларусі будзе прыкладна такой жа, як цяпер, у наступнага прэзыдэнта-дэмакрата проста ня будзе дастаткова моцнай матывацыі мяняць падыходы да Беларусі.
Ці скончыць вайну ва Ўкраіне прэзыдэнт-дэмакрат?
А вось на гэтае пытаньне адназначнага адказу няма. Цяперашняя палітыка прэзыдэнта Байдэна, лінія дэмакратычнай партыі — працяг і магчымае пашырэньне падтрымкі Ўкраіны. Пазыцыя Трампа ў гэтым пытаньні дакладна ня выказаная.
Але варта прыгадаць, што менавіта з прычыны пазыцыі кангрэсоўцаў-рэспубліканцаў амэрыканская дапамога летась і сёлета была замарожаная на паўгода. Многія палітыкі-рэспубліканцы і цяпер выступаюць супраць дапамогі Ўкраіне. Адзіны лідэр краіны ЭЗ, які сустракаецца з Трампам, — гэта вугорскі прэмʼер Віктар Орбан, які калі і не пярэчыць дапамозе Ўкраіне ў прынцыпе, то абстаўляе гэтую дапамогу шэрагам умоваў і абмежаваньняў.
Міжнародная палітыка рэдка аказвалася цэнтральнай, галоўнай тэмай прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. Але ў той ступені, у якой яна будзе ўсё ж важнай у сёлетняй выбарчай кампаніі, гэта будзе сутыкненьне прынцыпова розных падыходаў: «Дапамагаць Украіне абараняцца» супраць «Дапамагаць менш, а лепш за ўсё найхутчэй дамагчыся міру».
Былы дзяржаўны сакратар ЗША Генры Кісынджэр у сваіх мэмуарах параўноўваў грамадзкую думку і настроі элітаў у ЗША падчас карэйскай і віетнамскай войнаў. Падчас карэйскай вайны пазыцыя прэзыдэнта Гары Трумэна была самая памяркоўная, ягоныя апанэнты выступалі за значна больш рашучыя мэтады вядзеньня вайны, ажно да выкарыстаньня ядзернай зброі.
Адносна вайны ў Віетнаме ў часы, калі Кісынджэр быў чальцом адміністрацыі, настроі былі адваротныя — самай рашучай (адносна) была пазыцыя Белага дому, апазыцыя займала больш лагодную пазыцыю, ажно да патрабаваньня імгненнага вываду амэрыканскіх войскаў з Паўднёвага Віетнаму без усялякіх умоваў. Вынікам такіх суадносінаў настрояў стаў кампрамісны мір. А далей Кангрэс адмовіўся падтрымліваць Паўднёвы Віетнам узброенымі сіламі і фінансамі, і Паўночны Віетнам захапіў усю краіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы дзяржсакратар ЗША Кісінджэр: Ідэальнае вырашэньне канфлікту Расеі і Ўкраіны — вяртаньне да ранейшага status quo. У Кіеве пярэчацьГісторыя ніколі не паўтараецца дакладна. Але аналёгіі бываюць плённымі. Трамп на выбарах у любым выпадку набярэ вельмі шмат галасоў. Нават у выпадку паразы за яго прагаласуе амаль палова краіны. І прагаласуе ў тым ліку і за ягоную пазыцыю адносна вайны. І гэты чыньнік будзе ўплываць на палітыку прэзыдэнта-дэмакрата, падштурхоўваць да паразуменьня ў гэтым пытаньні з выбаршчыкамі Трампа.
Гэта не адназначны прагноз: прэзыдэнт-дэмакрат можа цьвёрда стаяць на пазыцыі падтрымкі Ўкраіны столькі, колькі спатрэбіцца. Але і хада вайны, і ціск расстаноўкі палітычных сілаў могуць падштурхнуць новага прэзыдэнта-дэмакрата да іншага падыходу да вайны.
Каго ў лістападзе амэрыканцы абяруць у Кангрэс?
Важным чыньнікам гэтага раўнаньня будзе і новы склад Палаты прадстаўнікоў і Сэнату. Адначасна з выбарамі прэзыдэнта 5 лістапада амэрыканцы будуць пераабіраць увесь склад ніжняй палаты Кангрэсу і траціну складу Сэнату. Калі дэмакраты перамогуць на гэтых парлямэнцкіх выбарах, то гіпатэтычны прэзыдэнт-дэмакрат зможа больш упэўнена працягваць ранейшую палітыку адносна вайны. Калі ж перамогу атрымаюць рэспубліканцы, то ранейшую палітыку прэзыдэнту-дэмакрату будзе праводзіць вельмі складана. Гэтае доўгае адступленьне насамрэч тычыцца і Беларусі.
Зьмена палітыкі адносна вайны нават прэзыдэнта-дэмакрата закране і Беларусь. Наступствы гэтага могуць быць розныя, некаторыя зь іх былі разгледжаныя ў аналітыцы, прысьвечанай пэрспэктывам беларускай палітыкі Трампа ў выпадку, калі ён стане прэзыдэнтам. Адрозьненьне толькі ў тым, што Трамп мае цьвёрды намер мяняць палітыку адносна вайны ва Ўкраіне; прэзыдэнт-дэмакрат можа аказацца вымушаным яе мяняць.
Аднак выглядае, што калі ў Беларусь не прыляцяць нейкія цалкам нечаканыя «чорныя лебедзі», то толькі зьмена палітыкі адносна вайны Расеі з Украінай можа прывесьці наступнага прэзыдэнта-дэмакрата да зьмены падыходаў да Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьдзівіла адмова Байдэна ад выбарчай гонкі? Якія шанцы дэмакратаў супраць Трампа зараз? Адказваюць палітолягі