36-гадовы бабруйчанін Аляксей Гайшун працаваў настаўнікам і перакладчыкам, ён адбыў у беларускіх вязьніцах паўтара года за ўдзел у пратэстах, выехаў зь Беларусі і за год жыцьця ў лягеры для ўцекачоў напісаў кнігу пра сваю турэмную эпапэю. Нядаўна Аляксей зьмясьціў тэкст у некалькіх кніжных інтэрнэт-крамах і сьцьвярджае, што кніга ўжо прыносіць невялікі прыбытак.
Кніга Аляксея «Костерок из наших страниц» напісаная па-расейску. Выбар мовы аўтар тлумачыць уласнай моўнай звычкай і тым, што інакш бы ня змог перадаць асаблівасьці гутарак, якія адбываліся ў вязьніцах. Для першай кнігі аўтар выбраў псэўданім «Лекс Орбенет», маўляў, гэтак зашыфраваў лацінскі выраз «Сьвятло ў цемры». Лічыць новае імя ўдалым і зьбіраецца пад ім і далей займацца творчасьцю — пісаць фантастыку. А ў першай кнізе Аляксей зьмясьціў і свае лісты, напісаныя зь няволі да каханай жанчыны. Таксама ў кнізе шмат вершаў, адзін зь якіх, пра пачуцьці, напісаны па-беларуску. І ўсё ж Аляксей сьцьвярджае, што жанрам ягоная кніга не мастацкая, а хутчэй «нон-фікшн» — непрыдуманая гісторыя.
Гісторыя напісаньня кнігі даволі драматычная. Першы раз за яе аўтар узяўся за кратамі, але мусіў паўтарыць спробу ўжо на волі.
«Шмат дзён рыхтаваўся да выхаду на свабоду, зашыў чарнавікі кнігі ў сьценках і днішчы торбы, але як выходзіў з калёніі, пабаяўся, што ў выніку апошняй праверкі атрымаю дадатковы тэрмін паводле 411-га артыкулу, і сам выкінуў торбу ў сьметніцу», — расказаў аўтар, тлумачачы, чаму яму давялося перапісваць сваю кнігу наноў і дадумваць з памяці альбо камбінаваць дыялёгі з былымі сябрамі па няшчасьці.
Мацюкі як мастацкі сродак
У чаканьні суду і апэляцыі Аляксей Гайшун некалькі месяцаў прасядзеў у ІЧУ (ізалятар часовага ўтрыманьня) і СІЗА Гомля, а асноўны тэрмін зьняволеньня адбываў у папраўчай калёніі № 15, якая знаходзіцца пад Магілёвам. Аўтар кнігі прызнаецца, што наўмысна не пазьбягаў у кнізе моцных словаў і выразаў, якія там чуў ад вязьняў і ахоўнікаў.
«Бо гэта інструмэнт, з дапамогай якога я паказваю як тую рэальнасьць, якую там пабачыў, так і той працэс, які ўва мне самім там адбываўся. У першай частцы я яшчэ думаю і гавару як нармальны чалавек, мо толькі крыху больш іранізую, чым звычайна. А ў другой частцы відаць, што ў мяне ўжо зьмены адбыліся ў галаве, бо я „паварыўся“ ў гэтым асяродзьдзі. Там непазьбежна пераймаеш лексыкон тых, з кім кантактуеш. Прасякаесься іхнымі словамі, думкамі. Усяго маіх суразмоўцаў у кнізе блізу 50 чалавек — кожны са сваімі словамі, з сваім наборам мацюкоў. На пальцах адной рукі магу пералічыць тых, хто мог перадаваць свае думкі ў размове без мацюкоў», — кажа Аляксей Гайшун.
На заўвагу, што ў кнізе багата і ўласных думак аўтара, перанасычаных брыдкаслоўем, асабліва падчас размоваў зь міліцыянтамі, Аляксей рэагуе гэтак:
«Абсалютна ня мог без мацюкоў думаць пра іх. Як той казаў, „няма словаў, адна пена“. Там толькі ў галаве ты можаш выказаць сваё стаўленьне да абставінаў і да людзей, якія да цябе чапляюцца. А вонкава трэба было альбо маўчаць, альбо прызнаваць віну. Таму я і паказаў, што для міліцыянтаў мая мова адпаліраваная, а гучыць у ёй зусім іншае. Праз гэты кантраст я спрабаваў паказваць рэальнасьць, і спадзяюся, нешта ў мяне атрымалася», — тлумачыць аўтар.
Як у турме дэградуе нармальны чалавек
На пытаньне, які галоўны мэсэдж аўтар імкнецца данесьці чытачам праз сваю кнігу, Аляксей Гайшун адказаў, спаслаўшыся на гутаркі зь сябрамі, якія адбыліся па выхадзе на волю:
«Калі пачаў працаваць над кнігай, думаў, што гэта будзе твор пра маральны рост, але цяпер бачу, што хутчэй пра маральнае загніваньне. Мой досьвед такі, што калі на звычайнага чалавека павесіць ярлык і зьмясьціць яго ў адпаведнае асяродзьдзе, дык зь яго лёгка атрымаецца крымінальнік. І гэтак можна сапсаваць яму ўсё далейшае жыцьцё. Асабіста мне пашанцавала, што ў мяне быў параўнальна малы тэрмін, але я сустракаў такіх, каго турма пэўна сапсавала, у каго тыя ўмовы разбурылі сьвядомасьць чалавека. І таму я хацеў паказаць: у пэўных умовах і пры наяўнасьці загаду зьверху чалавек здольны дэградаваць. Хто аддае такія загады, хто ў такой сыстэме зацікаўлены, у кнізе таксама паказана», — мяркуе Аляксей Гайшун.
Пры гэтым Гайшун перакананы, што пройдзены ім у беларускіх вязьніцах шлях яго загартаваў, а атрыманы досьвед прыдаецца ў эміграцыі.
«Мне гэта дапамагае. Пакуль у мяне яшчэ нестабільна ўсё ў эканамічным пляне, пакуль не завяршыўся працэс адаптацыі ў абсалютна іншым грамадзтве, загартоўка дапамагае. Бо навучыўся холадна ацэньваць сытуацыю, браць сябе ў рукі, ставіць мэту, не губляць галаву… Калі параўноўваць, якім быў да турмы і якім стаў, дык, безумоўна, цяпер мацнейшы», — кажа пра сябе Аляксей Гайшун.
Пацалунак праз краты
У кнізе Аляксея Гайшуна тры часткі, падзеленыя на 45 разьдзелаў. Адзін зь іх, 23-і, можа здацца самым кранальным, бо гаворка ў ім пра шлюб, які палітвязень узяў з каханай жанчынай ва ўмовах СІЗА, і пра адзіны пацалунак, які дазволілі зрабіць праз краты.
Цяпер аўтар кнігі не хавае: шлюб, які быў зарэгістраваны ў няволі, на волі захаваць не ўдалося. Жонка не паехала за ім у эміграцыю, ужо каля году ў яго няма магчымасьці кантактаваць з дачкой, радкі да якой ён цытуе ў сваёй кнізе. Аляксей вельмі перажывае, але пакуль нічога зьмяніць ня можа.
«Нашы шляхі разышліся. Але ўсё роўна я вельмі ўдзячны сваёй жонцы, што яна была са мной у той час. Хай і на словах (ці мне здавалася, што так было), яна мяне чакала… І я дагэтуль не абвінавачваю яе ні ў чым, бо такія абставіны вытрымаць цяжка. А па дачцэ сапраўды сумую».
Сваю кнігу былы палітвязень Аляксей Гайшун прысьвяціў дачцэ Соф’і.
Прачытаць кнігу Аляксея Гайшуна можна ў інтэрнэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратар і цырульнік Сяргей Календа расказаў, як штодня гаворыць з кліентамі па-беларуску