24 ліпеня каля віленскага Музэю акупацыяў і барацьбы за свабоду адкрылі выставу постэраў беларускага дызайнэра Артура Вакарава, прысьвечаную вынікам 30-гадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі.
У 30 працах аўтар зьвяртаецца да вострых палітычных, сацыяльных, эканамічных тэмаў. На плякатах Артур Вакараў прадставіў сваё бачаньне праблемаў эканамічнага заняпаду Беларусі, разьмяшчэньня ядзернай зброі ў краіне, саўдзелу Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, праблемаў закрытых межаў і вымушанай эміграцыі, палітвязьняў і гвалту над людзьмі, гнятлівай дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне і сытуацыі ў беларускай адукацыі, незацікаўленасьці рэжыму ў беларускай культуры, скрадзеных выбараў ды інш.
Фотагалерэя з выставы:
Праект рыхтаваўся паўгода, адзначыў аўтар у камэнтары «Позірку».
«Я вырашыў, што трэба зрабіць нешта, каб паказаць са свайго пункту гледжаньня наступствы гэтых 30 гадоў, — сказаў Вакараў. — Падумаў, што пачнуцца ж [да 30-годзьдзя знаходжаньня Лукашэнкі ва ўладзе 20 ліпеня 2024 году. — рэд.] песьні прапаганды пра тое, як ён калгас, прамысловасьць захаваў, дарогі пабудаваў, каровам ж...ы адмыў, ад тлятворнага ўплыву выратаваў. І падумаў, што зраблю вось так».
На думку дызайнэра, беларусам выстава будзе карыснай, каб усьвядоміць глыбіню наступстваў праўленьня Лукашэнкі: «На кожным постэры ёсьць невялікае тэкставае тлумачэньне».
«Для замежнікаў — лічба „30“. Блін, гэта 30 гадоў! Ён адзін з рэкардсмэнаў [паводле працягласьці знаходжаньня ва ўладзе]. Літоўцы, палякі, чэхі — яны разумеюць, што ў Беларусі ўсё дрэнна, але яны не разумеюць, што значыць 30 [гадоў]... Гэта моцна вельмі», — сказаў Вакараў.
Выставу падрыхтавалі пры падтрымцы Офіса Сьвятланы Ціханоўскай. Сама палітык таксама наведала выставу і выступіла на цырымоніі яе адкрыцьця.
«Гэтая выстава прысьвечаная не рэжыму. Яна прысьвечаная ўсім тым, хто на працягу гэтых гадоў змагаецца супраць рэжыму. У тым ліку нашым героям, палітвязьням. Кожны дзень мы памятаем пра іх і робім усё магчымае, каб вызваліць нашых родных і сяброў з турмы. Мінулыя 30 год — гэта былі перадусім 30 год супраціву: гераічнага, несупыннага і ўпартага. Супраціву, які працягваецца і сёньня», — адзначыла Ціханоўская ў прамове, якая папярэднічала адкрыцьцю выставы.
З прамовамі ў падтрымку дэмакратычных памкненьняў беларусаў таксама зьвярнуліся віцэ-сьпікер парлямэнту Літвы Жыгімантас Павілёніс і былы эўрапарлямэнтар, экс-міністар абароны Літвы Юозас Олекас.
Пасьля Вільні экспазыцыю плянуюць паказаць у Беластоку, Варшаве і Брусэлі.
Артур Вакараў — беларускі дызайнэр, заснавальнік студыі «Адліга», былы арт-дырэктар менскай антыкварнай крамы «Буржуазныя каштоўнасьці». Шмат супрацоўнічаў з рознымі культурнымі, адукацыйнымі, грамадзкімі ініцыятывамі, незалежнымі мэдыя, маляваў вокладкі для кніг сучасных беларускіх пісьменьнікаў. У чэрвені 2022 году быў эвакуаваны зь Беларусі.