Бацькоў некалькіх журналістаў «Люстэрка» сілавікі ў Беларусі вымусілі запісаць відэа, на якіх тыя кажуць гадасьці пра ўласных дзяцей. І калі звычайныя прымусовыя, так званыя «пакаяльныя» відэа — гэта традыцыйнае кадыраўскае катаваньне, дык у выпадку зь відэа, дзе бацькі нібы адмаўляюцца ад дзяцей — гэта «прывітаньне» ўжо з Азэрбайджану.
Там такія відэа даволі папулярныя — у іх вымушаюць здымацца бацькоў журналістаў і актывістаў. У краіне з моцнай кланавай традыцыяй гэта гучыць як жорсткае пакараньне — людзей на публічным узроўні пазбаўляюць падтрымкі іх сямʼі. Падтрымкі самых важных людзей у іх жыцьці. Навошта яны гэта робяць? Усё як заўжды: каб пазьдзекавацца, зьнішчыць маральна і прымусіць замаўчаць. Дый увогуле — могуць і робяць.
У Беларусі інстытут сямʼі працуе інакш, і публічнае «адмаўленьне» ад дзіцяці грае не такую ж ролю, як у Азэрбайджане, але ўсё адно гэта выглядае агідна. Усё адно гэта сурʼёзны ціск — ніхто з нас ня хоча, каб у дом да нашых родных уварваліся супрацоўнікі ГУБАЗіКа ці іншыя прафэсійныя садысты, каб запалохвалі нашых сваякоў і вымушалі іх асуджаць нас на камэру.
Вядома ж, мы разумеем, што гэтыя відэа нічога ня вартыя, што яны запісаныя пад прымусам і што іх варта разглядаць выключна як публічнае катаваньне. Я адмыслова не даю спасылак і не кажу, дзе іх можна знайсьці, бо іх зьмест няважны. Абмяркоўваць варта сам фэномэн, але ніяк ня зьмест асобна ўзятых ролікаў, запісаных пад пагрозай прымяніць электрашокер ці бог ведае што яшчэ. А фэномэн вельмі страшны, але таксама і дужа паказальны — наколькі б цяжкімі ні былі ўмовы нашай працы, незалежныя журналісты і журналісткі працягваюць замінаць рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі запісалі відэа са сваякамі журналістаў «Люстэрка». Рэдакцыя адказалаСайты нашых мэдыя заблякаваныя ў Беларусі, мы маем статусы хто экстрэміста, а хто і тэрарыста, людзям зь Беларусі нельга перадаваць нам інфармацыю, размаўляць з намі, чытаць тое, што мы пішам, і глядзець тое, што мы здымаем. Але нават у такіх умовах мы працягваем замінаць Лукашэнку і ягоным служкам — расказваем праўду пра тое, што адбываецца ў самой Беларусі, выкрываем хлусьню чыноўнікаў і прапагандыстаў, знаходзім і паказваем схемы, з дапамогай якіх Лукашэнка абыходзіць санкцыі сам і дапамагае абыходзіць іх Расеі. Ён выціснуў нас з краіны, а мы ўсё адно не змаўкаем.
І тады яны ідуць па нашых родных у надзеі, што хоць так змогуць нас спыніць. Гэта вельмі высокія стаўкі, і нам, безумоўна, страшна. Але дзякуй за камплімэнт нашай працы, мы будзем старацца і надалей.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.