Віталь Цімошчанка паведаміў, што помнік Францішка Скарыны ў сталіцы Чэхіі зноў абрабавалі, з Скарынавай рукі зьнікла пяро.
Гэта ня першы такі выпадак з помнікам беларускаму першадрукару на праскіх Градчанах. Раней зламысьнікаў чэская паліцыя не знаходзіла, хоць справы заводзіла, а дэталі помніка аднаўлялі беларускія актывісты.
Як патлумачыў Віталь Цімошчанка Свабодзе, гэта ўжо трэці падобны выпадак з помнікам на праскіх Градчанах:
«Мы яго аднаўлялі некалькі разоў. Спачатку аднавілі ў Беларусі адпаведна аўтарскай форме, мы з братам яго вярнулі. Пазьней шыльду адрывалі, таксама давялося аднаўляць. Яшчэ раз зь сябрам аднаўлялі пяро 7 гадоў таму, тады вырашылі зрабіць пяро зь цьвёрдага плястыку, а не мэталу. Прычым вырабілі некалькі пёраў, з запасам.
Трэба будзе пашукаць, дзе гэтае запасное пяро. Але будзем аднаўляць. Паліцыя папярэднія разы не знаходзіла вінаватага. Адбываецца гэта ўначы, няма ніякіх відэакамэраў, паліцыянты проста складалі пратакол і не знаходзілі вінаватых. Цяпер мы вырашылі не зьвяртацца ў паліцыю, а аднаўляць. Можна гэта разглядаць як правакацыю або хуліганства. Думаю, што, хутчэй за ўсё, нейкія бадзягі, мо думалі, што мэтал».
Помнік Францішку Скарыну разьмешчаны ў адным з чатырох гістарычных раёнаў Прагі — Градчанах, у сквэры паміж вуліцамі Еленя і Кеплерава. Помнік быў усталяваны ў 1996 годзе, а яго аўтарамі зьяўляюцца скульптар Эдуард Астаф’еў і архітэктар Юры Казакоў.
Побач з помнікам знаходзіцца камень з надпісам на беларускай і чэшскай мовах:
«1535–1539. У гэтых месцах працаваў каралеўскім батанікам выдатны беларускі гуманіст і ўсходнеславянскі першадрукар Францішак Скарына».
З Прагай зьвязаны два пэрыяды дзейнасьці Скарыны. Тут ён пры дапамозе віленскіх мэцэнатаў стварыў першае ў гісторыі беларускае выдавецтва, пераклаў, пракамэнтаваў і надрукаваў 23 кнігі Бібліі (1517–1519 гг). Пражскае выданьне Бібліі было значнай падзеяй навуковага і грамадзкага значэньня, а таксама мастацка-паліграфічным шэдэўрам. Постаць Скарыны трымае ў адной руцэ пяро, а ў другой — праскую Біблію, разгорнутую на тытульным лісьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вялікі эўрапейскі гуманіст». У гарадах Эўразьвязу і Беларусі адслужылі імшу за Скарыну. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 нявырашаных пытаньняў спадчыны Францішка Скарыны