У Маскве раніцай 24 ліпеня адбыўся выбух аўтамабіля Toyota Land Cruiser.
Як паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі, выбух адбыўся на Сінявінскай вуліцы на поўначы сталіцы Расеі, калі ў аўтамабілі знаходзіліся яго ўласьнік і пасажыр.
Згодна з афіцыйным паведамленьнем, абодва выжылі. Завялі крымінальную справу, якую расьсьледуе Сьледчы камітэт Масквы.
Цягам дня расейскія СМІ перадавалі супярэчлівую інфармацыю пра асобы пацярпелых. Паводле адных публікацый, гаворка ішла пра начальніка радыёцэнтру вайсковай часткі спадарожнікавай сувязі Андрэя Таргашова і ягоную жонку (Радыёцэнтар ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня знаходзіцца ў Падмаскоўі, у пасёлку Васход. — РС).
Пазьней высьветлілася, што пацярпеў яго поўны цёзка — афіцэр Галоўнага выведнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Расеі Андрэй Таргашоў і ягоная жонка.
Выбух адбыўся ў выніку дэтанацыі ўсталяванай у аўтамабілі выбуховай прылады.
Паводле інфармацыі расейскага выданьня «Коммерсант», 49-гадовы маёр займаўся сродкамі абароненай сувязі, а зьвесткі пра яго былі апублікаваныя загадзя ў Інтэрнэце. Цяпер ён у шпіталі ў вельмі цяжкім стане — у выніку выбуху яму адарвала абедзьве ступні. Пацярпела і ягоная жонка. Іх шпіталізавалі ў Боткінскую лякарню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве падарвалі аўтамабіль колішняга супрацоўніка Службы бясьпекі ЎкраіныСёлета ў красавіку на поўначы Масквы на паркоўцы каля жылога дома на Каровінскай шашы выбухнуў аўтамабіль Land Cruiser, у якім знаходзіўся колішні супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Празораў. Ён таксама пацярпеў, але не загінуў. Выбух адбыўся ў той момант, калі ён толькі садзіўся ў машыну.