Як паведамляе гарадзкі водаканал Мазыра, з прычыны адключэньняў электрычнасьці жыхары гораду могуць часова застацца і без вады.
«Водаканал інфармуе. У сувязі з аварыйнымі адключэньнямі электраэнэргіі магчымыя часовыя перабоі з халодным водазабесьпячэньнем, просім прабачэньня за дастаўленыя нязручнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні.
Аналягічныя аб'явы ад водаканалу Калінкавічаў публікуюць тэлеграм-каналы «Калинковичи» і «Калинковичи_новости».
Пры гэтым у паведамленьнях не ўдакладняюць, колькі могуць працягнуцца адключэньні сьвятла і вады.
Сытуацыя з водазабесьпячэньнем у Мазырскім раёне цалкам нармалізуецца, як толькі завершацца ўсе працы па аднаўленьні электрычнасьці, паведамляе гарадзкі канал Мазыра ў Інстаграме.
«Па словах дырэктара філіялу „Мазырводаканал“ Алега Мельніка, вада ёсьць ва ўсіх населеных пунктах раёну, за выключэньнем месцаў, дзе ў цяперашні час вядуцца работы па аднаўленьні ліній электраперадачы. Гэта зьвязана з тым, што для працы помпаў, якія забясьпечваюць падачу вады, патрабуецца электрычнасьць», — гаворыцца ў паведамленьні.
22 населеныя пункты Гомельшчыны абяцаюць падключыць да ліній электраперадач да 1 жніўня
Населеныя пункты, у якіх яшчэ не адноўлена нармальнае энэргазабесьпячэньне, падключаць да штатных ліній электраперадач да 1 жніўня, запэўнівае Мінэнэрга Беларусі.
«Застаюцца 22 населеныя пункты, дзе працуюць дызэль-генэратарныя ўстаноўкі. Плянуем да 1 жніўня цалкам перайсьці на штатную схему», — цытуе Мінэнэрга галоўнага дыспэтчара ДВА «Белэнерга» Дзяніса Кавалёва.
Паводле МНС, 13–14 ліпеня ад стыхіі ў Беларусі пацярпелі больш за 2,7 тысячы населеных пунктаў, зь іх 2272 — у Гомельскай вобласьці. Загінулі 6 чалавек.
Горад Мазыр на некалькі дзён застаўся адрэзаны ад цывілізацыі. Людзі арганізавалі самапомач з падвозам вады і магчымасьцю карыстацца токам, перш чым у сытуацыі зарыентаваліся ўлады рэгіёну і краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтуюцца да вайны, а генэратары ня ў стане купіць». Што расказваюць пра сытуацыю ў Мазыры мясцовыя жыхары ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Біяпрыбіральні? Ніхто да такога не дадумаўся». Жыхары пра наступствы ўрагану на Гомельшчыне