Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што візыты прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі і пазьней старшыні Дзяржаўнай думы Расеі Вячаслава Валодзіна ў Вэнэсуэлу і на Кубу могуць быць падпарадкаваны адной супольнай мэце.
«Візыты Валодзіна ў Нікарагуа і на Кубу адбыліся адразу пасьля візытаў прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі ў Вэнэсуэлу, на Кубу і ў Нікарагуа, у часе якіх Галоўчанка падпісаў некалькі двухбаковых эканамічных і гандлёвых пагадненьняў, магчыма, у рамках расейскіх схемаў, якія выкарыстоўвае Беларусь, каб дапамагчы Расеі абысьці заходнія санкцыі», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 21 ліпеня.
Экспэрты зьвярнулі ўвагу на сустрэчы Рамана Галоўчанкі з кіраўніком Вэнэсуэлы Нікаласам Мадурам, у часе якой ён заявіў, што мэта яго візыту — абмеркаваньне гандлёва-эканамічнай сфэры, і выказаў Мадуры непахісную падтрымку Беларусі.
У часе наведваньня Кубы прэм’ер-міністар Беларусі «падпісаў кантракты на „мільёны даляраў“ аб пастаўцы беларускіх тавараў на Кубу ў абмен на кубінскі экспарт у Беларусь», але якую прадукцыю плянуюць прадаваць Кубе, не сказалі.
У справаздачы ISW таксама адзначаецца, што ў часе візыту ў Нікарагуа Раман Галоўчанка «падпісаў кантракты на суму 85 мільёнаў даляраў, накіраваныя на двухбаковае эканамічнае супрацоўніцтва, у тым ліку пагадненьне Беларускага банку разьвіцьця аб фінансаваньні паставак у Нікарагуа больш як 700 адзінак неназванага абсталяваньня».
«Беларусь можа пастаўляць тавары, абсталяваньне і тэхналёгіі Нікарагуа, Вэнэсуэле і Кубе ў абмен на тавары, якія Беларусь і/або Расея самі ня могуць набыць праз заходнія санкцыі», — падсумавалі экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.
Раман Галоўчанка знаходзіўся зь візытам у Вэнэсуэле 14–16 ліпеня, на Кубе — 16–17 ліпеня і ў Нікарагуа — 18–19 ліпеня.
Вячаслаў Валодзін наведаў Кубу, Вэнэсуэлу і Нікарагуа 19–22 ліпеня. 22 ліпеня ён накіруецца зь візытам у Альжыр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раман Галоўчанка сустрэўся зь Нікалясам Мадура і заявіў пра «станоўчы эфэкт» ад санкцый ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Беларусі Галоўчанка прыбыў у Вэнэсуэлу, спадзяецца актывізаваць гандаль