Палітык канстатуе, што за апошні год Беларусь, беларускае грамадзтва, а таксама беларуская эміграцыя, сутыкнуліся з шэрагам дзеяньняў з боку эўрапейскіх краінаў, якія абмяжоўваюць правы і магчымасьці беларусаў, а таксама прыраўніваюць беларускі народ і Беларусь да Расеі.
«Фактычна, на сёньняшні дзень мы маем дачыненьне з «дывановымі санкцыямі». Асабліва гэта праяўляецца ў апошнім санкцыйным пакеце, прынятым Эўрапейскай Радай 29 чэрвеня 2024 года. У гэтым пакеце пералічана больш за100 тысяч розных відаў тавараў, ад тых, якія могуць быць задзейнічаны ў вайсковай прамысловасьці, да базавых бытавых, такія як: гузікі, супы, вопратка (прытым нават ўжываная), фарбы, папера (нават туалетная), пэнзлікі для маляваньня і г.д. Такога роду санкцыі, гэта ня толькі ўдар па простых людзях, але дэманстрацыя абсурднай палітыкі Эўрапейскага Зьвязу». – піша Пазьняк.
Палітык параўнаў гэта зь дзеяньнямі татальнага гандлёвага эмбарга і эканамічнай блякады беларускага народа. Ёе нагадаў таксама пра забароны Літвы і Латвіі ва ўезьдзе аўтамабілям зь беларускімі нумарамі.
«Эўрапейскія палітыкі неаднаразова гучна выказавалі сваю падтрымку і салідарнасьць для беларускага народу ў барацьбе з дыктатарам Лукашэнкам, аднак жа рэальныя дзеяньні эўрапейскіх краінаў сьведчаць пра адваротнае.
Тэндэнцыі і пашырэньне рознага кшталту абмежавальных дзеяньняў у апошнія часы, узбуджаюць непакой адносна таго, што беларусам, якіх ужо прыраўнялі да расейцаў, будзе цалкам забаронены ўезд у краіны ЭЗ. Гэта канчаткова спрычыніцца да зьнішчэньня рэшткаў дзяржаўнай незалежнасьці і самога беларускага грамадзтва, прысьпешыць анэксію Беларусі Расеяй і захоп беларускага пляцдарма Масквой». – лічыць Зянон Пазьняк.
Рух «Вольная Беларусь» заклікаў краіны Эўрапейскага Зьвязу спыніць палітыку прыраўніваньня Беларусі і беларусаў да Расеі і да расейцаў; спыніць палітыку дыскрымінацыі беларусаў за мяжой; увесьці мараторый і радыкальным чынам перагледзіць апошні пакет санкцый уведзены Эўрапейскім Зьвязам супраць Беларусі; прытрымлівацца агучаных прынцыпаў падтрымкі і салідарнасьці для беларускага народу і ствараць умовы для пашырэньня яго сувязаў з Эўропай і эўрапейскага ўплыву ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 гадоў кіраваньня Лукашэнкі — страта гістарычнага часу для краіны