На Гомельшчыне 122 населеныя пункты яшчэ маюць цяжкасьці з электрычнасьцю

Аднаўленчыя работы пасьля ўраганаў на Гомельшчыне, 21 ліпеня 2024

Наступствы ўрагану на поўдні краіны яшчэ не ўдалося да канца зьліквідаваць.

Энэргетыкі зьліквідавалі тэхналягічныя парушэньні ў сетцы 0,4 кВ у 508 населеных пунктах Гомельшчыны. Пра гэта паведаміла Міністэрства энэргетыкі Беларусі.

Гэтая праца вядзецца на заяўкі спажыўцоў.

Паводле зьвестак на 12.00, з 630 населеных пунктаў Гомельскай вобласьці, дзе былі зафіксаваныя тэхналягічныя парушэньні ў сетцы 0,4 кВ, аднаўленчыя работы завершаныя ў 508-мі, у 122-х яны працягваюцца.

Задаволена больш за 2 тысяч заявак ад насельніцтва.

Агулам у ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Гомельскай вобласьці ў цяперашні момант задзейнічана больш за 140 брыгад і 210 адзінак тэхнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінпрацы расказалі, хто з пацярпелых ад непагадзі ў Беларусі зможа атрымаць дапамогу ад дзяржавы

Кляса напружаньня электрычнай сеткі 0,4 кВ — асноўны эўрапейскі стандарт. Ураганы, якія пракаціліся па Беларусі ў ліпені, пакінулі сотні населеных пунктаў краіны з разбурэньнямі, без вады і электрычнасьці. Аднаўленьне ў некаторых мясьцінах зацягнулася.

З прычыны стыхіі ў Беларусі загінулі 6 чалавек. Горад Мазыр на некалькі дзён застаўся адрэзаным ад цывілізацыі. Людзі зладзілі самапомач з падвозам вады і магчымасьцю карыстацца токам, перш чым у сытуацыі зарыентаваліся ўлады рэгіёну і краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтуюцца да вайны, а генэратары ня ў стане купіць». Што расказваюць пра сытуацыю ў Мазыры мясцовыя жыхары