Францыя ня выдала акрэдытацый на Алімпіяду некалькім беларускім журналістам. Улады падазраюць, што яны шпіёны

Алімпійская паходня

Раней адна з праваабарончых арганізацый заявіла, што вялікая частка «нэўтральных» спартоўцаў, якія адабраліся на Алімпіяду ад дзьвюх названых краінаў, парушаюць устаноўленыя МАК правілы. Але камітэт праігнараваў спавешчаньне праваабаронцаў.

Паводле слоў міністра ўнутраных спраў Францыі Жэральда Дарманэна, анкеты шэрагу рэпартэраў адхілілі праз боязь шпіянажу і кібэратак.

«Менш за сотню анкет мы адхілілі праз падазрэньні ў тым, што яны зьяўляюцца агентамі — шпіёнамі або інфарматарамі замежных дзяржаў, якія імкнуцца да ўмяшаньня ў гульні», — паведаміў Le Journal du Dimanche.

Кіраўнік МУС падкрэсьліў, што ў праве асьвятляць Алімпіяду адмовілі і карэспандэнтам «шэрагу іншых краін», але не паведаміў, якіх менавіта.

Раней паведамлялася, што на Алімпіяду акрэдытаваліся журналісты чатырох беларускіх дзяржаўных мэдыя: інфармацыйнага агенцтва БелТА, газэты «Спартыўная панарама», інтэрнэт-парталу тэлеканалу «Беларусь 5» і выданьня «СБ». Таксама акрэдытацыю атрымалі выданьне «Прессбол» і прэс-служба Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 16 беларусаў і 15 расейцаў: МАК зацьвердзіў сьпіс нэўтральных спартоўцаў, якія прымуць удзел у Алімпіядзе ў Парыжы

16 ліпеня стала вядома, што Белтэлерадыёкампанія, якая знаходзіцца пад санкцыямі, ня будзе паказваць Алімпійскі гульні — ні цырымоній адкрыцьця і закрыцьця, ні спаборніцтваў. Не пакажуць Алімпіяду і на расейска тэлевізіі.

У Гульнях прымуць удзел 17 беларускіх спартоўцаў, яны выступяць у нэўтральным статусе. Больш за палову атлетаў зь беларускім і расейскім пашпартамі, якія адабраліся на Алімпіяду-2024, маюць сувязь з вайсковымі і сілавымі органамі альбо падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне. Пра гэта паведаміла праваабарончая арганізацыя Global Rights Compliance у сваім спавешчаньні.

Паводле слоў прэзыдэнта Global Rights Compliance Уэйна Джордаша, МАК у чэрвені прыняў да ўвагі яго ліст з выказваньнем занепакоенасьці, але ня стаў абмяркоўваць гэтае пытаньне і праігнараваў яшчэ два лісты. Ён сьцьвярджае, што МАК не прымяняе належным чынам устаноўленыя правілы ў дачыненьні спартоўцаў з Расеі і Беларусі.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: НАК Беларусі зацьвердзіў склад спартоўцаў на Алімпіяду ў Парыжы. Яе не пакажуць па БТ