На студэнцкіх пратэстах у Бангладэш загінулі сама меней 115 чалавек, паведамляе AFP са спасылкай на зьвесткі са шпіталёў і паліцыі.
Акрамя загінулых, паведамляюць пра сама меней сотні параненых у сутычках пратэстоўцаў з паліцыяй. У іх пацярпелі сама меней 300 паліцыянтаў, паведаміў AFP прадстаўнік паліцыі. Дакладная колькасьць параненых на 20 ліпеня пратэстоўцаў не вядомая.
Паліцэйскі агонь стаў прычынай больш чым паловы сьмерцяў, зарэгістраваных на гэтым тыдні, сьведчаць апісаньні, перададзеныя AFP супрацоўнікамі бальніц. Рэпартэр Associated Press бачыў, як памежнікі і паліцыянты стралялі па натоўпе зь вінтовак, кідалі шумавыя гранаты і ўжывалі сьлезацечны газ. Пасьля гэтага вуліцы былі пакрытыя кулямі і плямамі крыві, расказаў журналіст.
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк назваў напады на студэнтаў-дэманстрантаў «шакуючымі і непрымальнымі» і заклікаў да расьсьледаваньня і пакараньня вінаватых.
У сваю чаргу паліцыя паведаміла, што пратэстоўцы ўзялі штурмам турму ў акрузе Нарсіндзі, вызвалілі сотні зьняволеных, а потым падпалілі яе. Акрамя таго, удзельнікі дэманстрацыяў разграмілі і падпалілі яшчэ мноства паліцэйскіх і ўрадавых установаў, а таксама офісы тэлекампаній.
19 ліпеня ўлады Банглядэшу ўвялі на тэрыторыі ўсёй краіны камэнданцкую гадзіну і накіравалі на падаўленьне пратэстаў вайскоўцаў. У краіне адзначаюцца перабоі ў працы інтэрнэту. Раней на гэтым тыдні ў Банглядэшы закрыліся ўнівэрсытэты, а ў сталіцы забаранілі ўсе сходы і дэманстрацыі.
Пратэсты ў Банглядэш абвастрыліся на гэтым тыдні. Расчараваныя адсутнасьцю працоўных месцаў студэнты патрабуюць адмяніць сыстэму квот, паводле якой 30% дзяржаўных пасадаў рэзэрвуецца для сваякоў вэтэранаў вайны за незалежнасьць Банглядэш у 1971 годзе. Нягледзячы на разьвіцьцё прыватнага сэктару, дзяржаўная служба лічыцца ў краіне больш стабільнай і прыбытковай. Штогод на тры тысячы месцаў прэтэндуюць каля 400 тысяч выпускнікоў.
Пасьля папярэдніх масавых студэнцкіх пратэстаў у 2018 годзе ўлады прыпынілі дзеяньне сыстэмы квотаў, аднак у чэрвені 2024 году Вярхоўны суд Банглядэшу задаволіў скаргі сваякоў вэтэранаў і аднавіў квоты. На пастанову суда падалі апэляцыю — рашэньне па ёй чакаецца заўтра, 21 ліпеня. Прэм’ер-міністарка краіны Шэйх Хасіна, прыхільнікам якой, як лічыцца, выгадная сыстэма квотаў, заклікала ўсіх «цярпліва чакаць судовага вэрдыкту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 19 чалавек загінулі падчас пратэстаў у Банглядэш з прычыны квотаў на працоўныя месцы. ФОТА