Лукашэнка загадаў выслаць палітвязьняў на ачыстку наступстваў непагадзі

Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнка правёў сёньня сэлектарную нараду, прысьвечаную пераадоленьню наступстваў стыхіі, якая апошнім часам закранула многія рэгіёны Беларусі. Ён параўнаў стыхійнае бедзтва з вайной «толькі без страляніны» і загадаў МУС мабілізаваць на ачыстку наступстваў вязьняў беларускіх турмаў.

«Я ўжо казаў міністру ўнутраных спраў, ён падключыцца. У нас больш за 20 тысяч сядзельцаў і так званых палітзьняволеных. Туды, на прасеку, дапамажыце краіне», — заявіў Лукашэнка.

Вынікам разгулу стыхіі ў беларускіх лясах стала пашкоджаньне насаджэньняў з аб'ёмам драўніны 2,4 млн куб. м у Гомельскай і Магілёўскай абласьцях, што складае каля 10–12 працэнтаў ад традыцыйнага абʼёму гадавой высечкі па краіне, паведамляе БелТА.

На правядзеньне работ у гэтыя рэгіёны накіраваныя 1,5 тыс. спэцыялістаў, задзейнічана розная тэхніка, у тым ліку спэцыялізаваная для расьпілоўваньня і вывазу драўніны.

  • Ад непагадзі, якая абрынулася на Беларусь 14 ліпеня, у краіне загінулі пяць чалавек, сярод іх двое дзяцей. Пацярпелі 268 населеных пунктаў, пашкоджаныя дахі 586 дамоў, 7 абʼектаў сацкультбыту і 146 сельскагаспадарчых будынкаў.
  • У выніку праходжаньня 14 ліпеня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 29 м/с электразабесьпячэньне парушалася ў 1960 населеных пунктах краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінпрацы расказалі, хто з пацярпелых ад непагадзі ў Беларусі зможа атрымаць дапамогу ад дзяржавы