Сьвяты пасад апублікаваў імя новага біскупа для Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.
Новым біскупам для Беларусі з прызначэньня папы Рымскага стаў вядомы сьвятар зь Ліды, ксёндз Андрэй Зноска, пробашч касьцёла Божай Міласэрнасьці.
Роўна год таму, 19 ліпеня 2023 году, сьвятара затрымлівалі беларускія сілавікі.
- Андрэй Зноска нарадзіўся 20 чэрвеня 1980 году ў Бярозаўцы (Горадзенская вобласьць).
- Сьвятарскае пасьвячэньне прыняў 28 траўня 2005 году з інкардынацыяй у Горадзенскай дыяцэзіі. Служыў у катэдральнай базыліцы сьвятога Францішка Ксавэрыя ў Горадні і ў парафіі Божай Міласэрнасьці ў Лідзе.
- Зноска – кансультант Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ў юрыдычных пытаньнях і кананічным праве, ён удзельнічаў у беларускім перакладзе Кодэксу кананічнага права.
- Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведаміла, што ксяндза Андрэя Зноску прызначылі дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.