Сустрэчы прайшлі на палях саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Вялікай Брытаніі 18 ліпеня.
Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка пацьвердзіў «Позірку» факт перамоваў, але ня стаў раскрываць падрабязнасьцяў.
Вугоршчына застаецца адзінай краінай Эўразьвязу, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Менскам. Як сябра ЭЗ яна была вымушана далучыцца да санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, але прадстаўнікі вугорскіх уладаў ня раз заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзеньне. Міністар замежных справаў і замежнага гандлю Вугоршчыны Пэтэр Сіярта наведаў Менск з рабочым візытам у траўні 2024 году.
5 чэрвеня 2020 году адбыўся першы ў гісторыі афіцыйны візыт прэмʼер-міністра Віктара Орбана ў Беларусь.
У канцы верасьня мінулага года Лукашэнка прыняў даверчыя лісты ад новай амбасадаркі Вугоршчыны ў Беларусі Зіты Ілоны Бенчык. Такім чынам, Вугоршчына — адзіная краіна ЭЗ, амбасадар якой уручыў граматы Лукашэнку пасьля падзеяў 2020 году.
26 кастрычніка 2023 году Сіярта пабываў у Менску на канфэрэнцыі «Эўразійская бясьпека: рэальнасьць і пэрспэктывы ў сьвеце, які трансфармуецца».
Ціханоўская 17 студзеня сёлета ў Давосе (Швайцарыя) абмеркавала з прэзыдэнтам Вугоршчыны Каталінай Новак (пайшла ў адстаўку ў лютым 2024-га) міжнародную падтрымку Беларусі і папрасіла яе прытрымлівацца сумеснай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Менску.
Вугоршчына — адзіная краіна ЭЗ, у якую яшчэ не рабіла візыту Ціханоўская.
З 1 ліпеня 2024 году Вугоршчына ў парадку чарговасьці старшынюе ў Радзе Эўрапейскага зьвязу.
Сэрбія кандыдуе на ўступленьне ў Эўразвяз.
У 2021 годзе Бялград далучыўся да санкцый ЭЗ супраць Менску, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну падтрымала наступныя пакеты абмежаваньняў. У канцы студзеня 2022 году беларускі ўрад распаўсюдзіў на Сэрбію прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі. Яно падоўжана да канца 2024 году.
Пры гэтым Сэрбія 25 кастрычніка 2019 году падпісала пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю з Эўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумэнт набыў моц 10 ліпеня 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абмеркавала з прэм’еркай Латвіі абмежаваньні супраць беларускіх аўтамабіляў: «Рашэньне пасьпешлівае» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская бярэ ўдзел у саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Лёндане