З 18 ліпеня Літва забараніла ўезд на сваю тэрыторыю легкавых аўтамабіляў на беларускіх нумарах. А ці можа беларускі аўтамабіль уехаць у Літву зь іншай краіны ЭЗ — напрыклад, з Польшчы? На гэтае пытаньне «Люстэрку» адказалі ў Міністэрстве замежных спраў Літвы.
«Паміж Літвой і іншымі краінамі — сябрамі Эўрапейскага Зьвязу няма памежнага кантролю. Таму, калі ўладальніку аўтамабіля зь беларускай рэгістрацыяй дазволілі ўехаць у адну з краін ЭЗ пасьля 18 ліпеня 2024 году, ён зможа ўехаць у Літву і праз Польшчу ці Латвію», — гаворыцца ў адказе Дэпартамэнту камунікацыяў і культурнай дыпляматыі МЗС Літвы.
Пры гэтым літоўскія дыпляматы падкрэсьліваюць, што легкавыя аўтамабілі зь беларускімі рэгістрацыйнымі знакамі, якія ўжо знаходзяцца ў Эўразьвязе (у тым ліку ў Літве), абавязаныя пакінуць тэрыторыю ЭЗ да 18 студзеня 2025 году альбо прайсьці літоўскую рэгістрацыю.
Калі аўтамабіль зь беларускай рэгістрацыяй будзе знаходзіцца ў ЭЗ пасьля 18 студзеня 2025 году, ён таксама зможа ўехаць у Літву зь іншых краінаў (з той жа прычыны: бо паміж краінамі — сябрамі ЭЗ няма памежнага кантролю), але ў гэтым выпадку «існуе вялікая імавернасьць таго, што ён будзе спынены літоўскай паліцыяй у любым пункце Літвы», адзначылі ў літоўскім МЗС.
«У гэтым выпадку кіроўца можа быць аштрафаваны, а аўтамабіль — канфіскаваны», — дадалі ў ведамстве.
- З 18 ліпеня Літва забараніла ўезд на сваю тэрыторыю легкавых аўтамабіляў на беларускіх нумарах.
- Абмежаваньне распаўсюджваецца на аўтамабілі незалежна ад грамадзянства іх уладальніка ці кіроўцы.
- Такім чынам Літва выконвае рашэньне аб новых санкцыях ЭЗ адносна Беларусі за яе саўдзел у ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
- 15 ліпеня аналягічнае абмежаваньне ўвяла Латвія, а 17 ліпеня стала вядома пра такую ж забарону ў Эстоніі.
- У Польшчу аўтамабілі зь беларускай рэгістрацыяй пакуль могуць уяжджаць без абмежаваньняў, але толькі ў выпадку, калі ў салёне машыны знаходзіцца яе ўладальнік.