Крысьціна Рыхтэр пакідае пасаду дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях, якую яна займала з канца сьнежня 2022 году. Новым дарадцам замест Рыхтэр стаў Лявон Марозаў, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Крысьціна Рыхтэр распавяла «Люстэрку», што рашэньне пакінуць пасаду «было асабістым і абдуманым».
«Я проста па-чалавечы стамілася. Цяпер адчуваю, што прыйшоў час крыху запаволіць тэмп, каб засяродзіцца на сваім здароўі, стане ў цэлым, а таксама правесьці больш часу зь сям’ёй», — сказала Рыхтэр, адзначыўшы, што апошнія гады «былі напоўнены падзеямі, якія патрабавалі максымальнай увагі і напружаньня».
Паводле Рыхтэр, найбліжэйшым часам яна плянуе непублічна займацца некаторымі беларускімі праектамі і прысьвяціць час адпачынку. Яна адзначыла, што канкрэтных плянаў на прафэсійную будучыню пакуль ня мае, але «адназначна яна будзе зьвязаная з падтрымкай Беларусі і дапамогай беларусам».
Новым дарадцам Ціханоўскай у прававых пытаньнях стане юрыст Леанід Марозаў.
Кандыдатуру свайго пераемніка офісу прапанавала сама Рыхтэр, паведамілі ў Офісе Ціханоўскай.
Хто такі Леанід Марозаў
Леаніду Марозаву 36 гадоў, ён нарадзіўся ў Клімавічах. Скончыў Міжнародны ўнівэрсытэт МІПСА па спэцыяльнасьці «міжнароднае публічнае права», потым — магістратуру і стаў выкладчыкам у родным унівэрсытэце. Таксама выкладаў у Віетнаме.
У 2016 годзе Марозава звольнілі зь МІПСА паводле палітычных матываў, пасьля чаго ён пачаў працаваць у праваабарончых і грамадзкіх арганізацыях Беларусі. Больш за 5 гадоў прадстаўляў Беларускую нацыянальную моладзевую раду «РАДА» на міжнародным узроўні, а таксама быў экспэртам рабочай групы па правах моладзі ў Эўрапейскім моладзевым форуме ў Брусэлі.
У 2020 і 2022 гадах Марозаў стаў аўтарам альтэрнатыўных дакладаў па правах моладзі ў рамках унівэрсальнага пэрыядычнага агляду ў Раду ААН па правах чалавека, а таксама альтэрнатыўнай справаздачы па правах моладзі ў Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах. У якасьці экспэрта па правах чалавека працаваў у Лібане, Зымбабвэ, Філіпінах і ў дзясятцы краін Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заклік выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі — гэта сыгнал падтрымкі беларусаў», — дарадца Ціханоўскай