Паводле доктара-анколяга Віктара Кандратовіча, апроч сардэчна-судзінных захворваньняў, якія могуць быць выкліканы выкарыстаньнем вэйпаў, ёсьць вялікая пагроза анкалягічных захворваньняў. Галоўную рызыку, на яго думку, у вэйпах нясе не нікатын, а менавіта цяжкія мэталы — нікель, сьвінец, а таксама фармальдэгіды.
«Пухліны галавы, шыі, паражніны рота, глоткі ў мужчын стаяць на пятым месцы. Асноўныя курцы — гэта мужчыны. Я хачу сказаць, што ад пухлінаў паражніны рота і глоткі на працягу году памірае 30% хворых», — пераконваў Віктар Кандратовіч у эфіры СТВ.
«У тытуні ня бачыць цяжкіх мэталаў, а ў вэйпах бачыць!»
Хімік, навуковы журналіст Сяргей Бесараб у размове са Свабодай зьняпраўджвае Кандратовіча наконт наяўнасьці цяжкіх мэталаў у вэйпах.
«Адкуль ён гэта ўзяў? Адкуль цяжкія мэталы? У тытуні зьмяшчаюцца і палёній, і ўран, і кадмій, і чаго толькі няма. У тытуні анколяг Кандратовіч ня бачыць цяжкіх мэталаў, а ў вэйпах бачыць!
Вэйпы — гэта пара, там ёсьць нікатын, ёсьць і фармальдэгід, які распадаецца ў паветры за гадзіны. Але папяросы, цыгарэты — гэта смолы, якія асядаюць паўсюдна і даюць жудасны смурод.
Па-другое, нітразамін — гэта дакладна канцэраген. Калі фармальдэгід яшчэ спрэчная рэч, хтосьці кажа, што можна дапускаць, хтосьці — не. Але кранаспанаўская мэбля, якая ёсьць у кожнай кватэры, так „фаніць“ фармальдэгідам, што гаварыць аб прысутнасьці яго ў вэйпах дзіўнавата», — мяркуе Сяргей Бесараб.
Хімік бачыць у анансаванай беларускімі чыноўнікамі забароне вэйпаў відавочны камэрцыйны інтарэс. На яго думку, прыкра, што спэцыяліст, аўтарытэтны лекар-анколяг, які павінен разумець, што больш шкодзіць, вэйпы ці цыгарэты, агучвае такія дзіўныя аргумэнты.
«Пасьля таго, як стала цяжка перапраўляць цыгарэты кантрабандай, беларускім уладам трэба некуды дзяваць гэтыя вялізныя аб’ёмы вытворчасьці тытуню. Які самы лягічны варыянт? Забараніць усе вырабы зь нікатынам, каб яны былі па-за законам.
А калі забароняць вэйпы, то большасьць тых, хто прызвычаіўся да нікатыну, пяройдзе на цыгарэты, бо на кожным рагу „Табакеркі“. У цыгарэтах ёсьць арганіка, фармальдэгіды, акалеін — едкі дым. Беларусам стане горш, больш будзе дыму ў паветры, больш цяжкіх мэталаў», — перакананы навуковец-хімік Сяргей Бесараб.
«Праблема з дадатковымі рэчывамі»
Беларускі лекар-нарколяг, які прасіў не называць ягонага імя, кажа, што любое спажываньне нікатыну нясе ў сабе пэўныя рызыкі, наступствы для здароўя, і ня важна, гэта будуць цыгарэты, інструмэнты для падаграваньня тытуню, вэйпы, айкас, сьнюсы ці іншыя формы. Усё гэта ў той ці іншай ступені шкодзіць чалавеку. І
імавернасьць таго, што людзі наагул перастануць ужываць нікатын, з самых розных прычын блізкая да нуля.
«Таму наступны лягічны крок — як зьнізіць рызыкі. Курэньне цыгарэт — найбольш шкодны спосаб ужываньня нікатыну. Асноўная крыніца нэгатыўных наступстваў ад курэньня — гэта ня сам нікатын, а дым, які трапляе ў лёгкія, пашкоджвае сьлізістыя, выклікае рызыкі анкалягічныя, хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх. Калі мы параўноўваем з цыгарэтамі ўсё астатняе — вэйпы, сродкі награваньня тытуню, паўчы, сьнюсы — гэта ўсё аказваецца менш шкодным у параўнаньні з цыгарэтамі», — тлумачыць доктар-нарколяг.
Ён засяроджвае ўвагу і на доўгатэрміновых наступствах вэйпаў, якія шкодзяць арганізму.
«Гэта найперш хвароба Evali, што выклікаецца ў асноўным вітамінам Е, які прысутнічае ў вадкасьцях для вэйпаў. Таксама наступствы залежаць ад таго, што яшчэ ў гэту вадкасьць дадалі. Таму ў Эўразьвязе дзейнічае забарона на араматызатары. Найбольшая праблема — з дадатковымі рэчывамі, якія могуць дадаваць у вадкасьць для вэйпаў.
Але ўсё адно залежнасьць ад вэйпаў меншая, чым ад цыгарэт. Дый адмовіцца ад вэйпаў прасьцей», — перакананы доктар-нарколяг.
«Пачнуць ужываць тое, што змаглі купіць»
Абодва адмыслоўцы — і хімік, і нарколяг — перакананыя, што забароны на электронныя цыгарэты наўрад ці спрацуюць. Бо істотна разьвіўся рынак інтэрнэт-гандлю і любы чалавек можа заказаць з «Аліэкспрэс» ці іншай пляцоўкі што заўгодна.
«Ён атрымае прадукт невядомай якасьці. І замест таго, каб зьнізіць узровень рызыкі патэнцыйнай шкоды, атрымаецца наадварот. Людзі пачнуць ужываць тое, што змаглі купіць. Ня будзе ніякага кантролю якасьці», — кажа лекар.
Хімік Сяргей Бесараб тлумачыць, што вэйпы найбольш папулярныя ў моладзевым асяродзі.
«Часьцяком яны самі купляюць усялякія прылады, запчасткі, якія кітайцы прадаюць у тысячах крам на „Аліэкспрэсе“. Моладзь купляе хімічна чысты нікатын, без тытунёвых смол. Зьмешвае яго з гліцэрынам, дадае нейкія пахучыя рэчывы, падсаладжальнікі. Гэта дзяржава не кантралюе ў прынцыпе. А асаблівасьць таталітарнага грамадзтва — жаданьне ўсё кантраляваць. А калі зьяўляецца штосьці, чаго ты не кантралюеш, гэта падвышае ўзровень трывогі тых, хто кіруе дзяржавай», — перакананы навукоўца Сяргей Бесараб.
Абодва спэцыялісты гавораць пра камэрыцыйныя інтарэсы дзяржавы. Бо вялікая частка тытунёвага бізнэсу краіны належыць «гаманцу» Аляксандра Лукашэнкі, бізнэсоўцу Аляксею Алексіну, кампанія якога «Энэрга-Ойл» атрымала правы на ўсе кіёскі горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» і ўсталяваньне «Табакерак» на тэрыторыі ўсёй Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Радавое гняздо» ў францускім стылі гаспадара «Табакерак», алігарха Алексіна. ВІДЭА